У Карэлічах адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 30-годдзю Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў

У Карэліцкай дзіцячай школе мастацтваў адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 30-годдзю Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.
Карэліцкая раённая арганізацыя ветэранаў была створана ў лютым 1987 года і з таго часу прайшла вялікі шлях станаўлення і развіцця. Сёння яна аб’ядноўвае 6469 чалавек, у лік якіх уваходзяць 18 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, 70 воінаў-інтэрнацыяналістаў, 97 ветэранаў Узброеных Сіл і органаў унутраных спраў.
Крылаты выраз пра маладых душой ветэранаў як нельга лепш адлюстроўвае жыццёвую пазіцыю гэтых людзей. Члены ветэранскай арганізацыі раёна актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім і палітычным жыцці краіны: 11 ветэранаў выбраны дэпутатамі сельскіх Саветаў, 5 – дэпутатамі раённага Савета. Да таго ж застаецца вельмі запатрабаваным іх прафесійны вопыт – каля 1500 чалавек пенсіённага ўзросту працягваюць працаваць у сферы сацыяльнага абслугоўвання і матэрыяльнай вытворчасці.
На жаль, многія ветэраны-актывісты пакідаюць грамадскую работу па стану здароўя. За апошнія гады не стала многіх арганізатараў ветэранскага руху, якія былі сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы. Назаўжды ў памяці застануцца імёны У. Н. Хартановіча, Ф. П. Бядрыцкага, М. Е. Патрація, А. І. Карпа, А. І. Шэга, І. М. Тура, Л. І. Коршуна, А. К. Цобкала, К. І Лейка, М. І. Дулуба, М. А. Васілеўскага, А. І. Лапаты, П. К. Каламійцава і многіх іншых.
Сёння ветэранскую арганізацыю падтрымліваюць многія дзяржаўныя ўстановы. Дзякуючы супрацоўніцтву з раённым Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і ўстановамі культуры раёна для пажылых людзей працуюць клубы “Посидим по-хорошему”, “У самовара”, “Лілея”, “Задушевный разговор”, “Надзея”. Для ветэранаў ладзяцца паездкі па гістарычных мясцінах Беларусі.
Ужо адзінаццаты год Карэліцкі раённы савет ветэранаў узначальвае Ніна Сяргееўна Яфрэмава, якая валодае вельмі важнымі для кіраўніка здольнасцямі аб’ядноўваць і натхняць людзей на добрыя справы. На мерапрыемстве Ніна Сяргееўна ўзяла слова і расказала пра дзейнасць арганізацыі, павіншавала ўсіх са знамянальнай датай. “Цяперашняе пакаленне ветэранаў добрасумленна працавала на прадпрыемствах, вучыла і выхоўвала нас. Гэтымі людзьмі мы ганарымся. Усё, што мы сёння маем – гэты вынік іх працы і творчасці. Наш доўг – акружыць іх клопатам і павагай”, – адзначыла яна.
Павіншаваў ветэранаў і намеснік старшыні райвыканкама, старшыня РА РГА «Белая Русь» Руслан Юр’евіч Абрамчык: “Ветэранская арганізацыя – гэта арганізацыя добрасумленных працаўнікоў, якія аддалі многія гады на карысць Радзіме, якія змагаліся за тое, каб сёння мы жылі лепш”. Ён падзякаваў ветэранам за іх шчырую працу і заклікаў аднавіць работу музейных пакояў на прадпрыемствах, у сельсаветах і аграгарадках, паколькі яны з’яўляюцца вельмі важным рэсурсам для выхавання падрастаючага пакалення.
Ад імя выканаўчай улады Руслан Юр’евіч уручыў кветкі нязменнаму старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі КСУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” Уладзіміру Данілавічу Бую, якому нядаўна споўнілася 90 гадоў.
Таксама слова ўзяла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Іна Міхайлаўна Санчук. У сваім выступленні яна зазначыла: “За 30 гадоў многае змянілася, няма нават той краіны — СССР, у якой стваралася арганізацыя. Аднак нязменнымі застаюцца актыўная жыццёвая пазіцыя ветэранаў, іх пачуццё адказнасці і неабыякавасці да ўсяго, што адбываецца навокал. Ветэран, як і раней, поўны сіл і энергіі чалавек, які мае вялікае жаданне прыносіць карысць грамадству”.
Павіншавала прысутных уласнымі вершаванымі радкамі ветэран працы, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Галіна Паўлаўна Калтунова. Для ветэранскай арганізацыі яна напісала гімн ветэранаў раёна.
Цёпла віталі ветэранаў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама І. А. Богуш, першы сакратар РК БРСМ Н. У. Швец, старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Л. М. Шэўка, старшыня камісіі “Аб увекавечванні памяці загінулых пры абароне Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах войнаў” М. Я. Гагарын, Герой Сацыялістычнай Працы Т. Р. Арда, Ганаровы ветэран В. В. Шэўка, старшыні пярвічных ветэранскіх арганізацый У. Д. Буй, Г. І. Мамончык, В. А. Краскоўкая, М. У. Парфёнка, намеснік ваеннага камісара (Карэліцкага раёна) ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў В. А. Васько.
Урачыстым і прыемным момантам стала ўзнагароджанне граматамі і падарункамі самых актыўных лідараў пярвічных ветэранскіх арганізацый раёна. Падарункі ад Карэліцкай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” атрымалі раённая ветэранская арганізацыя і член савета пярвічнай ветэранскай арганізацыі г. п. Карэлічы В. У. Чартко. Павіншавалі ветэранаў і ўручылі падарункі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК І. Л. Пянькоўская, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Л. М. Шэўка, дырэктар Карэліцкага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя Г. М. Арцюх.
Пасля завяршэння ўрачыстага сходу для яго ўдзельнікаў адбыўся канцэрт мастацкай самадзейнасці.ветераны 019 ветераны 022 ветераны 052 ветераны 068 ветераны 072

Ганна ПАШКЕВІЧ.
Фота Антаніны ХАТЭНКІ.

Добавить комментарий