Нядзеляй у Партрэтнай зале Мірскага замка адбыўся пяты класічны канцэрт у межах праекта “LUX MIRUM”

фото 072Нядзеляй у Партрэтнай зале Мірскага замка адбыўся пяты класічны канцэрт у межах праекта “LUX MIRUM”, прысвечанага 500-годдзю айчыннага кнігадрукавання. Яго арганізатарамі выступаюць музей “Замкавы комплекс “Мір” і інструментальны ансамбль “ВЫТОКІ” пад кіраўніцтвам лаўрэата міжнародных конкурсаў Аляксея Фралова. На гэты раз вядомы фагатыст краіны, дырыжор і музыказнаўца зладзіў эксклюзіўную праграму заходнееўрапейскай музыкі Ренесансу і Барока з квартэтам трамбаністаў Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.
Для трамбаністаў выступленне ў замку-равесніку Бібліі Францыска Скарыны стала прэм’ерай іх ансамбля. Дасведчаных музыкантаў сабраў разам Сяргей Працэнка, які 15 гадоў выкладае ў Белдзяржакадэміі музыкі. Андрэй Міхалевіч, Артур Туравец – салісты Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, Павел Шпакоўскі – артыст Прэзідэнцкага аркестра Беларусі.
– Усе мае вучні. Першы трамбон Андрэй Міхалевіч – выпускнік акадэміі, Артур і Павел – яе студэнты, – расказвае кіраўнік ансамбля.
Зыходзячы з рэпертуару, квартэт выконваў творы сусветнай велічыні, тэматычна звязаныя з юбілеем беларускага кнігадрукавання, замкам, яго гісторыяй, старымі беларускімі родамі. Гучалі Георг Тэлеман, Арланда дзі Ласа, Андрэа Габрыелі, Іаган Бах, Франц Гайдн і Людвіг ван Бетховен.
Не было жорсткіх межаў, юбілейная дата асэнсоўвалася ў шырокім культурным кантэксце. Квартэт нават стварыў стэрэаэфект, які, дарэчы, прыдумалі ў эпоху Адраджэння ў Венецыі. Музыка прасторы пасавала высокім зводам Партрэтнай залы.фото 093
Аўтар ідэі праекта “LUX MIRUM” Аляксей Фралоў успамінае, што калі ансамбль салістаў “ВЫТОКІ”, мастацкім кіраўніком якога ён з’яўляецца, пачаў шукаць пляцоўку для святкавання 500-годдзя Бібліі Францыска Скарыны, вока, і розум, і душа адразу спыніліся на ўнікальным помніку нашай нацыянальнай культуры нумар адзін. Хутка знайшлі з дырэкцыяй музея “Замкавы комплекс “Мір” агульную мову.
– Кожны канцэрт у нас – абсалютна новая праграма, амаль заўсёды іншыя музыканты, хаця, канечне, базавая творчая адзінка праекта – ансамбль “ВЫТОКІ” (Аляксей Фралоў (фагот), Сяргей Махаў (флейта), Ірына Аўдзеева (фартэпіяна) – аўт.), якая можа ахопліваць і больш персаналіяў, – адзначае Аляксей Фралоў. – Прыемна, што на запрашэнні прыехаць у замак і выступіць у гістарычным месцы з цудоўнай акустыкай, інтэр’ерамі адклікаюцца лепшыя беларускія выканаўцы. Так, у канцэрце “Полацкія вытокі Беларусі” ўдзельнічаў саліст Вялікага тэатра, тэнар Юрый Гарадзецкі.
Музычныя імпрэзы ў Мірскім замку, запэўніваюць іх арганізатары, пашыраюць кругагляд гледачоў, светапогляд. У гэтым удалося пераканацца самой. Ад харалаў адчуваліся “эмацыянальныя дрыжыкі”. Ёмка расказваў пра беларуска-еўрапейскія культурныя сувязі Аляксей Фралоў. Іх безліч, у тым ліку і ў музыцы. Вялікі літоўскі гетман Міхаіл Казімір Агінскі, напрыклад, быў у добрым знаёмстве з кампазітарам Францам Гайднам, натхніў яго на напісанне араторыі “Стварэнне свету”. Фрагмент твора, перакладзены для трамбонаў, быў выкананы мінчанамі.
Былі таленавітыя музыканты і сярод самага знакамітага роду ўладальнікаў Мірскага замка. Князя Мацея Радзівіла, жыўшага ў XVIII ст., інакш як “нясвіжскі моцарт” не называлі. Праз пакаленне ярка ззяла зорка Антонія Генрыха Радзівіла. Яго найбуйнейшы твор – опера «Фаўст» на тэкст Іагана Вольфганга Гётэ.
Арыгінальны канцэрт прыцягнуў увагу турыстаў. Яны ў масе сваёй пра імпрэзу наперад не ведалі і былі прыемна здзіўлены, што змаглі паслухаць высокапрафесійных музыкантаў, проста набыўшы квіток у музей.фото 087
Таццяна Дарашэнка з Масквы, якая наведвае Мірскі замак не ўпершыню, па заканчэнні выступлення трамбаністаў з захапленнем казала пра рост узроўню музея:
– Я вельмі задаволена, атрымала асалоду ад суперажывання музыцы.
Яшчэ адной гранню праекта “LUX MIRUM” павінны стаць канцэрты маладых салістаў і ансамбляў. Напрыканцы года з іх выберуць лепшага ўдзельніка, якому дастанецца “Залатая Грамата Мірскага замка”. У кулуарах абмяркоўваецца, што, магчыма, пераможца таксама атрымае прэмію, калі будзе знойдзены спонсар. Хаця, канечне, для невядомых, але таленавітых асобаў “LUX MIRUM” у першую чаргу будзе цэнны як пляцоўка, дзе можна раскруціцца.
Чарговы класічны канцэрт пройдзе ў аб’екце Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА пасля Вербнай нядзелі і Вялікадня.фото 106
Святлана ВАШЧЫЛА.
Фота
Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий