18 мая УК «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» запрашае ўсіх жадаючых на «Музейную ноч»

З нагоды Міжнароднага дня музеяў журналіст раённай газеты «Полымя» гутарыць з дырэктарам установы культуры «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» Таццянай Васільеўнай Сенюта.
– Таццяна Васільеўна, хацелася б успомніць, хто стаяў ля вытокаў стварэння Карэліцкага раённага музея?
– Раённы краязнаўчы музей у г. п. Карэлічы адкрыты 29 чэрвеня 1974 года да 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З 1970 года ажыццяўляўся збор матэрыялаў па гісторыі раёна, які пачала Валянціна Антонаўна Клімаш. Праз год гэтую работу прадоўжыў Іван Аляксеевіч Шыбут. Менавіта ён і стаў стваральнікам першай экспазіцыі краязнаўчага музея і яго першым дырэктарам.
Атрымаўшы прапанову ўзначаліць музей, Іван Аляксеевіч з энтузіязмам узяўся за працу. Ён аб’ездзіў многія вёскі і хутары, сустракаўся з былымі падпольшчыкамі, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, жыхарамі раёна, ад якіх атрымліваў цікавую інфармацыю, фотаздымкі, дакументы і іншыя матэрыялы. Акрамя таго, ён працаваў у архівах Мінска, Гродна, Брэста, Баранавіч, дзе знайшоў шмат новых фактаў з гісторыі раёна. У выніку гэтай вялікай работы ў 1973 годзе пачалося стварэнне першай музейнай экспазіцыі. Шмат фотаздымкаў для музея Іван Аляксеевіч зрабіў сам. Ён служыць нам вялікім прыкладам у працы.
– Што сёння могуць прапанаваць супрацоўнікі музея яго наведвальнікам?
– Асноўны фонд музея налічвае зараз больш 9 тысяч адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – больш 3 тысяч. Супрацоўнікі музея штогод папаўняюць яго фонды новымі матэрыяламі. Найбольш цікавыя музейныя прадметы, якія набылі летась, – кнігі вучоных, франтавыя пісьмы, макет сядзібы Дуніна-Раецкага «Вобрына» Карэліцкага раёна і многае іншае. У музеі праводзяцца аглядныя, тэматычныя, выязныя экскурсіі, мерапрыемствы, прысвечаныя знакамітым землякам, і г. д. Акрамя таго, супрацоўнікі музея рыхтуюць перасовачныя выставы, з якімі жыхары Карэліччыны могуць пазнаёміцца на раённых святах, у школах, арганізацыях, установах.
У дапамогу школьнікам праводзяцца музейныя заняткі, якія даюць магчымасць лепш пазнаць гісторыю роднага краю. Да прыкладу, усе, каго цікавіць гісторыя Карэліччыны, могуць прыняць удзел у экскурсіі па маршруце «Падарожжа ў мінулае»: Райца (сядзіба Раецкіх, храм святой Варвары) – Варонча (каталіцкія могілкі, касцёл святой Ганны) – Белыя Лугі – камень філарэтаў.
– Як Вы выкарыстоўваеце вопыт іншых музеяў у сваёй штодзённай працы?
– Для нашай работы добрым падспор’ем з’яўляецца творчае супрацоўніцтва з установай «Замкавы комплекс «Мір». Дзякуючы яму ў гэтым годзе супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея арганізавалі дзве фотавыставы: «Навагрудскі край вачыма Канута Русецкага» і «Мірскі замак у кіно», а ў верасні плануем яшчэ адну «Літва і Беларусь на старонках сямейнага альбома князёўны Марыі». Спадзяюся, што яна таксама выкліча цікавасць у яе наведвальнікаў.
– Якія экспанаты ляжаць у запасніках музея і чакаюць свайго часу?
– Яны рознага характару – ад фотаздымкаў рознай тэматыкі і часу да рукапісаў пісьменнікаў. Напрыклад, у музеі сабраны багаты матэрыял пра мясцовага паэта Івана Аляксандравіча Жука, які выклікае шмат творчых задумак.
Кожны экспанат па-свойму цікавы. Кагосьці заварожвае мастацкая творчасць, другога прыцягвае арыгінал рукапісу, іншаму нагадваюць сялянскі побыт прылады працы мінуўшчыны. Кожны знаходзіць у музеі сваё, цікавую для сябе гісторыю.
– Скажыце, якім Вам бачыцца будучае музеяў?
– Музеям трэба ісці ў нагу з часам і выкарыстоўваць розныя інавацыі, інтэрактыўныя тэхналогіі, віртуальныя экспазіцыі.
Гасцям Карэліччыны падабаецца наш музей, падчас наведвання яны адзначаюць наяўнасць мноства экспанатаў і магчымасць даведацца шмат цікавага пра наш край.

Гутарыла
Галіна СМАЛЯНКА.


«Музейная ноч»
18 мая 2017 года УК «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» запрашае ўсіх жадаючых на «Музейную ноч».
У рамках мерапрыемства:
17.00 — адкрыццё. Пад гукі жывой музыкі вас чакае віртуальная экскурсія па лепшых музеях свету, а таксама ў выставачнай зале супрацоўнікі музея пазнаёмяць з гісторыяй свята.
17.30 — аглядная экскурсія «Ведай свой край».
18.00 — музейны квэст «У пошуках скарбу» дапаможа праверыць свае веды па гісторыі Карэліцкага краю, а таксама адкрыць для сябе новыя факты.
18.40 — майстар-клас «Мастацкі роспіс па гліне», «Стварэнне саламянага абярэгу».
19.00 — пешаходная экскурсія па г. п. Карэлічы, на якой вы даведаецеся, што такое «дзяцінец» і дзе знаходзіўся цагляны завод.
19.30 — народны тэатр «Батлейка» падарыць гасцям музея сваю творчасць. Кошт білета — 1 рубель.
20.00 — Толькі ў Дзень музеяў Вам прадаставіцца магчымасць убачыць незвычайнае «Шоу мыльных бурбалак»! Месца правядзення — Карэліцкі РЦКіНТ. Кошт білета для дарослых — 2 рублі, для дзяцей — 1 рубель.
Таксама на працягу ўсяго вечара будзе працаваць бяспройгрышная латарэя, аквагрым, фотазона. У продажы — папкорн, салодкая вата, паветраныя шары.

Добавить комментарий