Народны аркестр народных інструментаў «Жытніца» ДУА «Карэліцкая ДШМ» на фестывалі «Поющие струны» заняў трэцяе месца

Добрая навіна прыйшла ў галіну культуры раёна — народны аркестр народных інструментаў «Жытніца» ДУА «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў» на ІІ адкрытым рэгіянальным фестывалі-конкурсе аркестраў і ансамбляў струнных народных інструментаў «Поющие струны» заняў трэцяе месца. З гэтай нагоды журналіст газеты «Полымя» гутарыць з яго мастацкім кіраўніком Марыяй Уладзіміраўнай БАШКО.

— Марыя Уладзіміраўна, скажыце, наколькі гэта істотная перамога?
— Вельмі. У фестывалі поспех дасягнуты дзякуючы майстэрству настаўнікаў, падбору цікавага рэпертуара, высокага выканальніцкага ўзроўню.
— Гэта першая перамога калектыву?
— У 2016 годзе мы былі ўдзельнікамі ІІ агляду-конкурсу аматарскіх аркестравых калектываў інструментальнага жанру і ўзнагароджаны Дыпломам у намінацыі «Аркестр народных інструментаў». Акрамя гэтага, шмат было выступленняў для жыхароў раёна, ні адно вялікае свята не абыходзілася без удзелу аркестра. За гэтым стаіць вялікая карпатлівая работа па падбору рэпертуару, сістэматычныя рэпетыцыі, а таксама вялікая любоў да музыкі і адказнасць саміх удзельнікаў.
— І каго б Вам хацелася адзначыць у першую чаргу?
— Усе ўдзельнікі — прафесіяналы сваёй справы. Назаву салістку нашага аркестра Іну Міхайлаўну Лазар, дырэктара Мірскай дзіцячай школы мастацтваў. Яна дапамагала зрабіць выступленне больш яркім і прыцягальным. Калі спявае, то зала патанае ў гучных апладысментах.
— Які рэпертуар вашых выступленняў?
— Беларуская, руская і замежная класічная музыка, эстрадныя і арыгінальныя творы.
— Што садзейнічала поспеху?
— Прызванне і любоў да музыкі. Музыка — гэта жыццё, стан душы, жаданне несці яе слухачу і дарыць хвіліны радасці.
— Каму Вы ўдзячны за падтрымку?
— Дырэктару ДУА «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў» Святлане Мікалаеўне Гавіна, выкладчыкам Таццяне Аляксандраўне Кулак, Вользе Вікенцьеўне Несцер, Наталлі Віктараўне Яўсей, Веры Пятроўне Лісоўскай, Вользе Георгіеўне Улан, Ігару Аляксандравічу Санчуку, Дзмітрыю Андрэевічу Жуку, Алене Іванаўне Жук і іншым. Спадзяюся, што мы будзем яшчэ ўдасканальваць сваё майстэрства.
— Што ж, жадаю далейшых поспехаў.
Гутарыла Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Караліны КУЧУК.

 

Добавить комментарий