У Карэлічах прайшоў раённы этап рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка»

У Карэліцкім Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі прайшоў раённы этап рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». Удзел у ім прынялі больш за 50 аматараў паэзіі.
Са сцэны гучалі творы як знакамітых, так і малавядомых беларускіх аўтараў. Не абмінулі ўвагай юныя дэкламатары і творчасць землякоў, у выступленнях прагучалі вершы паэтак Святланы Варавы і Алы Бакач.
Многія нумары вылучаліся сур’ёзнай, грунтоўнай падрыхтоўкай. Чытальнікі выкарыстоўвалі музычнае суправаджэнне, былі ў адмысловых касцюмах.
Як адзначыла выконваючая абавязкі дырэктара Карэліцкага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алена Міхайлаўна Лазарэвіч, удзел у падобных мерапрыемствах дапамагае дзецям развіваць чытацкі густ, садзейнічае іх самавыяўленню. Негледзячы ні на што, у маладога пакалення не знікае цікавасць да чытання. І гэта пры тым, што паэзія, як ніякі другі жанр, патрабуе значных намаганняў, працы і духоўнага напружання.
Па рашэнні журы дванаццаць удзельнікаў былі адзначаны дыпломамі розных ступеней, але на абласны этап конкурсу адправяцца Дар’я Дубкова (3 клас, Турэцкая СШ), Аляксандра Полагава (8 клас, Жухавіцкая СШ), Алена Логіш (9 клас, СШ №2 г. п. Карэлічы), Яна Шэсцель (5 клас, Жухавіцкая СШ). Фінальныя мерапрыемствы пройдуць у Дзень беларускай пісьменнасці ў Полацку.
Ганна ПАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий