Карэліччына багата на аб’екты турызму

Да такой высновы прыйшлі ідэолагі раёна падчас чарговых заняткаў, якія адбыліся пад старшынствам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іны Міхайлаўны Санчук.
«Нацыянальная турыстычная індустрыя. Забеспячэнне даступнасці паслуг па арганізацыі ўнутранага турызму для беларускіх грамадзян. Бязвізавы парадак уезду ў Беларусь» — асноўная тэма. Для яе абмеркавання месцам сустрэчы стала ўстанова культуры «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей», і невыпадкова: гэта адзін з аб’ектаў Карэліцкага краю, дзе яго наведвальнікі змогуць атрымаць шмат карысных звестак. Таму размова на дадзеную тэму і пачалася з экскурсіі, якую правяла яго супрацоўнік Марыя Уладзіміраўна Беленава.
Па дадзенай тэме слова трымала дырэктар музея Таццяна Васільеўна Сенюта. Як адзначала прамоўца, Карэліцкі раён мае багатае гістарычнае мінулае. Пад аховай дзяржавы на тэрыторыі раёна знаходзіцца 98 помнікаў гісторыі і культуры, у тым ліку 7 помнікаў археалогіі, 20 — архітэктуры, 52 помнікі і абеліскі на месцах брацкіх пахаванняў воінаў Савецкай Арміі, партызан, падпольшчыкаў, ахвяр фашызму.
Карэліччына славіцца музеем «Замкавы комплекс «Мір», які з’яўляецца адным з самых унікальных замкаў на Гродзеншчыне. Таксама ў старажытным пасёлку — Касцёл Святога Мікалая, Свята-Троіцкая царква, у г. п. Карэлічы — Храм святых апосталаў Пятра і Паўла, Касцёл Маці Божай Найсвяцейшай Дапамогі, у аграгарадку Варонча — Касцёл Святой Ганны.
Асноўнымі турыстычнымі маршрутамі з’яўляюцца наступныя: г. п. Карэлічы — агр. Лукі — агр. Турэц — пас. Першамайскі — агр. Ярэмічы — урочышча Лузінаўка — г. п. Мір (аўтобусна-пешаходны) і г. п. Мір — в. Вялікая Мядзвядка — в. Малыя Жухавічы — агр. Цырын — сядзіба «Свіцязянка» — агр. Варонча — агр. Райца — агр. Малюшычы — г. п. Карэлічы — в. Дольная Рута — в. Горная Рута — сядзіба ў в. Амневічы (аўтобусна-пешаходны), пешаходная экскурсія па г. п. Мір.

Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Святланы ВАШЧЫЛА.

Добавить комментарий