Можа б, па-іншаму склалася жыццё Надзеі Пятроўны Кужалевіч, каб не вайна

Семдзесят шэсць гадоў аддзяляюць нас ад той страшнай чэрвеньскай ночы 1941 года, мірную цішыню якой чорнай маланкай разанула жудасная вестка: вайна! І нават праз столькі часу балюча сціскаецца сэрца, калі ўсведамляеш, колькі незваротных ахвяр, колькі гора прынесла яна беларускай зямлі, яе народу!
Цяперашняе маладое пакаленне ведае аб Вялікай Айчыннай вайне з кніг ды кінафільмаў. І не дай Бог у яго душах патушыць іскрынкі Памяці аб тых, хто здабываў для нас Перамогу, ахвяруючы здароўем і жыццём: франтавіках, партызанах, працаўніках тылу. Асаблівым радком сярод іх вызначаюцца дзеці, на чыю долю выпалі выпрабаванні ваеннага ліхалецця і пасляваенных цяжкасцей. Яны рана сталелі, прымалі на свае кволыя плечы дарослыя турботы, звыклыя ж дзіцячыя гульні ператвараліся для іх у дарослы паядынак з ворагам. Цяжка ўявіць сёння 10-13-гадовых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія, нярэдка рызыкуючы жыццём, перад носам у фашыстаў і паліцаяў збіралі каштоўныя звесткі для партызан, медыкаменты, перавязачныя матэрыялы… Святая вера ў хуткае вызваленне, дзіцячая бясстрашнасць, нянавісць да акупантаў ратавалі іх ад гібелі.
Дзеці вайны… Кожная сустрэча з імі — як Урок душэўнай сціпласці і чысціні, мужнасці, бясконцай прагі да жыцця, гаючай сардэчнай дабрыні. Такой стала для мяне сустрэча з жыхаркай г.п. Карэлічы, былой партызанскай сувязной, Надзеяй Пятроўнай Кужалевіч.
Домік па вуліцы Камсамольскай, дзе пражываюць Надзея Пятроўна і Мікалай Яўстаф’евіч Кужалевічы, знайсці няцяжка: на ім прымацавана таблічка з надпісам “Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуй за Перамогу!” Чысценькі дворык, дагледжаныя кветкі і агарод — усё сведчыць аб руплівасці 87-гадовай гаспадыні. І сама яна — у каляровым пінжачку з белым каўнерыкам, дзіўна пасуючым да яе малажавага твару і срэбра валасоў, — свеціцца ўнутранай спагадлівасцю і дабрынёй. Хоць перанесла некалькі гадоў назад складануюаперацыю, хоць турбуюць праблемы з сэрцам і хвалюе здароўе мужа, не здаецца, усю працу па хатняй гаспадарцы выконвае сама. “Дзень на дзень не прыходзіцца, — прызнаецца Надзея Пятроўна, — але як ёсць, так і добра. Дзякуй Богу, сем’і дачкі і сына дапамагаюць, не забываюць дарогу ў бацькоўскі дом. Гэта прыносіць шчасце і надае сілы. Памятаюць і прадстаўнікі мясцовых уладаў, савет ветэранаў, што вельмі прыемна, за што ім вялікі дзякуй”.
Можа б, па-іншаму склалася жыццё гэтай цудоўнай жанчыны, каб не вайна.Дзень 22 чэрвеня 1941 года выдаўся цёплым, сонечным. З сяброўкамі бегла Надзя па вуліцы, здзівілася, што вяскоўцы, нечым усхваляваныя, чамусьці высыпалі ў двары. Раптам на небе з’явіліся самалёты. Многа. Яны ляцелі нізка-нізка, а людзі закрычалі: “Вайна!” Ад страху здранцвелі рукі, ногі, не адпускалі пытанні: “Якая вайна? Чаму вайна?” Цяжка было прызвычайвацца да яе правілаў, да прысутнасці ворагаў у жыцці і дарослым, і дзецям. Вёску Крынкі акружалі хмызнякі, густы лес, што паспрыяла ў хуткім часе стварэнню ў гэтых мясцінах партызанскіх атрадаў, куды пайшлі многія мужчыны з навакольных вёсак. Фашысты і паліцаі базіраваліся непадалёку: у Карэлічах, Турцы. У Крынкі заглядвалі зрэдку, а вось партызаны былі частымі гасцямі. Двум з іх трынаццацігадовая Надзя ў 1943 годзе выратавала жыццё. У той дзень вясковыя дзяўчаты па даўняй звычцы сабраліся ў яе доме. Пралі лён, дзяліліся апошнімі навінамі. Нечакана сюды зайшлі партызаны, свае, мясцовыя: Пеця Гавіна з Лыкавіч і Міша Бандарык з Антанёва. Магчыма, дзеля таго, каб з вуснаў Надзі, якая ўжо не раз пасля наведвання Турца і Карэліч перадавала каштоўную інфармацыю для партызан аб колькасці варожых салдат, ваеннай тэхнікі ў населеных пунктах, пачуць аператыўную зводку ды забраць сабраныя ёю медыкаменты, перавязачныя матэрыялы, такія неабходныя ў партызанскім атрадзе! Не паспелі перакінуцца нават некалькімі словамі, як, выглянуўшы на двор, дзяўчынка з жахам убачыла, што па ім ідуць паліцаі з немцамі. Паспела крыкнуць: “Немцы!” Пеця выбег у сені, выстраліў у ворагаў, кінуўся назад у хату, дзяўчаты адкрылі акно, і ўсе адзін за адным выскачылі ў агародчык. Надзя бачыла, што Мішы сярод іх не было. Пачала шукаць хлопца, клікаць: “Міша, я схаваю цябе, а то заб’юць паліцаі”. Яны ўжо акружылі хату, стралялі ў вокны, кулі свісталі над галавой дзяўчынкі, яна не заўважала гэтага. Міша адазваўся на яе голас, вылез з-пад ложка, убачыў, што яна паказвае на падпечак, запоўз туды. Надзя замаскіравала падпечак фуфайкамі, кошыкамі, нейкім шмаццём, а тут ужо і злыдні на парозе! “Стаю, — расказвае Надзея Пятроўна, — рукі ўгору падняла. Усё ў хаце перавярнулі, а ў падпечак не зазірнулі. Мяне таксама не кранулі, мабыць, Бог аберагаў. Пайшлі ні з чым. Праз некалькі гадзін мы з братам дапамаглі хлопцу перабрацца ў гумно суседа, адкуль ён уцёк ізноў у лес, застаўся жывым. Немцы ж потым вярнуліся, усю ноч сядзелі ў засадзе, ды толькі дарэмна, бо Міша з Пецем былі ўжо ў партызанскім атрадзе. Ці страшна было ў той момант? Чамусьці не. Можа, таму што ўспрымала ўсё па-дзіцячы, быццам прыгодніцкую гульню, і не пераставала пасля назіраць, запамінаць, каб у выніку інфармацыя дайшла да партызан”.
Трэба ўмець цаніць шчасце
Ніколі не забудзе Надзея Пятроўна моманты, як станавілася сведкай, калі, зайшоўшыся ў нямым крыку, беспрытомнымі падалі на зямлю жанчыны, атрымаўшы пахавальныя лісты на сваіх мужоў. Памятае і рэдкае ўсеагульнае згуртаванне людзей у хвіліны бяды і гора. Уся вёска падтрымлівала салдацкіх удоў, дзялілася з імі апошнім. “Раней не было паняцця аб крадзяжах, — шчыра гаворыць жанчына. — Замест замкоў – венік каля дзвярэй. Будаваліся, аралі, сеялі супольна, талакой. І радасць дзялілі на ўсіх пароўну. Апраналіся, абуваліся, хто ў што, але здзекаў, абразаў у адрас адзін аднаго не дапускалі. Далікатэсамі з яды лічылі жытнюю муку, завараную кіпенем, забеленую малаком, аладкі з прамерзлай бульбы, якую збіралі на полі, патоўчанае льняное семя ды суп з крапівы. Дзевяць душ туліліся ў бацькоўскай хатцы (і так у многіх сем’ях), ды ніколі не сварыліся, нічога не дзялілі, дзяцей выхоўвалі ў пашане да дарослых. Зараз, бывае, моладзь наракае на такія, на мой погляд, дробязныя цяжкасці! Забываюць пра галоўнае: што спакойна спяць, што ў іх ёсць ўсё для шчаслівага жыцця. Трэба вучыцца цаніць гэта. Мы ж пасля вайны ў школу ў Карэлічы пешшу дабіраліся. Кругом ваўкоў процьма, пагэтаму па аднаму не хадзілі, пастаянна палілі самаробныя факелы, каб адганяць галодных звяроў. Паспявалі і вучыцца, і бацькам дапамагаць, і хораша, цікава адпачываць. Спявалі многа, танцы ладзілі. А зараз – жыві ды радуйся! Толькі б здаровыя былі людзі, толькі б мір быў на зямлі!”
Дзякуй за
Перамогу!
Самым дарагім святам Н. П. Кужалевіч і яе родныя лічаць 9 Мая – Дзень Перамогі. Самымі ж каштоўнымі рэчамі ў доме для яе з’яўляюцца кардонная невялікая скрыначка, у якой ляжыць пасведчанне за № 1297, дзе значыцца, што камісія па справах былых партызан і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь пацвярджае, што Н. П. Кужалевіч сапраўды ўдзельнічала ў партызанскім руху Беларусі з мая 1943 г. па красавік 1944 г. у якасці сувязной Першага кавалерыйскага партызанскага атрада 1-ай Беларускай кавалерыйскай брыгады былой Баранавіцкай вобласці. Ды нагрудны знак “Партызан Беларусі”.Ён — рэха яе далёкага трывожнага дзяцінства, яго заслужыла Надзея Пятроўна, дзіця вайны.
Жывіце доўга-доўга, Надзея Пятроўна!
Здароўя Вам і Вашым блізкім! Няхай шчасліва жывуць Вашы і нашы дзеці, унукі, праўнукі і ніколі не ведаюць вайны! Дзякуй Вам за Перамогу!

Галіна КАЛТУНОВА.
Фота Караліны КУЧУК і з архіва Надзеі Кужалевіч.

Добавить комментарий