Праваслаўная выстава-ярмарка, прысвечаная 700-годдзю заснавання Навагрудскай епархіі, завітала на Карэліччыну

У кожнага з нас свая дарога да храма: адны прыходзяць адразу, другіх прыводзяць сваякі ці сябры, трэція ў яе пошуках знаходзяцца ўсё жыццё. Іншы раз дапамагаюць мерапрыемствы, якія арганізоўваюць прадстаўнікі праваслаўя. Не заўсёды і ўсім такія сустрэчы змогуць адразу падарыць святло веры, але карысць для сябе тут можна знайсці. 
Праваслаўная выстава-ярмарка, прысвечаная 700-годдзю заснавання Навагрудскай епархіі, завітала на Карэліччыну 14 чэрвеня і будзе доўжыцца да заўтра ўключна. У гэты раз павільёны размясціліся ля Дома быту г. п. Карэлічы. Літаратуры на духоўную тэматыку тут удосталь, а таксама — абразоў святых-ахоўнікаў, сувенірнай прадукцыі.
У рамках праваслаўнай выставы-ярмаркі адбыўся канцэрт пад назвай «Дарога да святла», які праводзіўся ў ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці». У сваім благаславенні благачынны Карэліцкай акругі, протаіерэй Мікалай Орса адзначаў, што юбілей Навагрудскай епархіі — гэта наша гісторыя, а чалавек, які не ведае яе, не мае будучага ні для сябе, ні для сваіх дзяцей. Яна багатая на падзеі, даты, імёны, і яе трэба шанаваць.
Іншы раз лічбы могуць расказаць шмат: Навагрудская епархія — гэта 4 благачынныя акругі, 99 храмаў, 14 капліц, 3 манастыры і каля 100 свяшчэннаслужыцеляў. Навагрудская епархія была адноўлена ў 1992 годзе па благаславенні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і Усяе Русі Аляксея ІІ. Сёння яна аб’ядноўвае прыходы і манастыры на тэрыторыі Дзятлаўскага, Карэліцкага, Навагрудскага, Слонімскага раёнаў Гродзенскай вобласці.
Усе мерапрыемствы, якія праходзілі падчас правядзення праваслаўнай выставы-ярмаркі ў нашым раёне, пакінулі глыбокі след у душах яе наведвальнікаў. Гэта — акцыі, малебны ля святых абразоў, гутаркі святароў у працоўных калектывах, майстар-класы, фільмы на духоўную тэму і ішыя сутрэчы.
Мерапрыемствы прадоўжацца: у суботу а 15 гадзіне плануецца малебен з машчамі Ефрасінні Полацкай за вучняў, акцыя «Задай пытанне свяшчэнніку», у нядзелю а 12 гадзіне на пляцоўцы ля храма святых апосталаў Пятра і Паўла г. п. Карэлічы адбудуцца выстава «Праваслаўнай кнігі» і фотавыстава.
«Давайце мы з вамі, стараючыся жыць па Боскім законам, вучачыся веры, вернасці, любові да бліжняга на прыкладах жыццяў нашых святых, будзем імкнуцца быць, а не звацца праваслаўнымі хрысціянамі, будзем захоўваць нашу святую праваслаўную веру, памнажаючы любоў і дабро на зямлі», — заклікалі арганізатары канцэрта, прысвечанага 700-годдзю Навагрудскай епархіі.
У мерапрыемтве прыняў удзел і трымаў слова намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Руслан Юр’евіч Абрамчык.

Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий