Прэзентацыя кнігі «Залатая падкова Свіцязі» Святланы Кошур адбылася ў Мінску

«Мой род — мая радзіма». Пад такой назвай у рамках цыкла мерапрыемстваў, якія праводзяць грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд культуры» і рэдакцыя «Краязнаўчай газеты», адбылася творчая сустрэча ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча г. Мінск з краязнаўцам Карэліччыны Святланай Андрэеўнай Кошур.
Падчас правядзення сустрэчы была прадстаўлена прэзентацыя яе кнігі «Залатая падкова Свіцязі».

Ва ўступным слове кіраўнік вышэй указаных устаноў Уладзімір Аляксандравіч Гілеп адзначыў, што краязнаўцам даецца магчымасць выказацца: яны працуюць за ідэю, свой род, Бацькаўшчыну, Радзіму. Жывуць вялікім жаданнем быць разам з людзьмі, у кожнага — памяць пра сваіх дзядоў і бацькоў, што прымушае пісаць творы.
Святлана Андрэеўна Кошур падзякавала супрацоўнікаў Беларускага фонда культуры і Літаратурнага музея Максіма Багдановіча за арганізаваную сустрэчу. Краязнаўца пачала аповед пра чароўнае возера Свіцязь, затым прапанавала прайсціся цікавымі мясцінамі Карэліччыны, пазнаёміла са сваімі родзічамі, знакамітымі і простымі людзьмі. Падарожжа было завочнае, але прамоўца гаварыла цікава і захапляюча, і яе расказ акунаў у далёкія часы. Адзін населены пункт змяняўся другім, слухачы наведвалі святыя мясціны, пранікаліся вялікай любоўю да спадчыны роднага краю.
Аўтарцы заўсёды было цікава асцярожна пацягнуць за нітачку часу, каб пачаць беражліва і далікатна размотваць клубок падзей, назіраючы за тым, як паступова прыадкрываецца завеса часу і глядзяць на нас з глыбіні стагоддзяў адухоўленыя твары таленавітых продкаў.
«Я веру ў тое, што ў такіх намоленых месцах энергія малітвы не знікае, яна застаецца і нейкім дзіўным чынам перадаецца таму, хто трапляе сюды. Магчыма, нейкі маленькі згустак гэтай энергіі трапіў да мяне ў момант майго нараджэння на месцы былой сядзібы Чамброў каля святой радагашчанскай гары, дзе стагоддзямі маліліся людзі. І цяпер я пішу кнігі і спрабую перадаваць гэту энергію далей», — адзначала яна.
Кнігу «Залатая падкова Свіцязі» Святлана Андрэеўна прысвяціла памяці бацькоў Ганны Пракопаўны і Андрэя Антонавіча Пыско. «Кожны з нас захоўвае ў сэрцы любоў да бацькоў. Яны выхоўвалі, аберагалі, дапамагалі ў жыцці, і дзякуючы ім з’явілася на свет гэтая кніга», — сказала аўтар.
Святлане Андрэеўне Кошур былі адрасаваны добрыя словы і пажаданні. Дырэктар дзяржаўнай установы культуры «Карэліцкая раённая бібліятэка» Лілія Канстанцінаўна Арцюх у сваёй прамове адзначыла, што аўтар кнігі змагла вярнуць з небыцця імёны, якіх на Карэліччыне раней не ведалі, супрацоўнікі бібліятэкі падтрымліваюць з ёй цесную сувязь.
Сярод прыйшоўшых на сустрэчу — аднакласнікі, аднакурснікі, пісьменнікі, вучоныя. «Я прывозіла эліту беларускага спорту на сустрэчу з Святланай Андрэеўнай: яна адкрывае вочы на многіх людзей. Сваім словам прымушае ганарыцца Радзімай і суайчыннікамі», — сказала начальнік аддзела выхаваўчай работы з моладдзю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Святлана Аляксандраўна Васіленка.
Кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт Беларускага эканамічнага ўніверсітэта Людміла Іванаўна Падгайская назвала Святлану Андрэеўну «зорачкай», пажадала ёй новых творчых знаходак і выказала спадзяванне ўбачыць яе новыя кнігі. Пажаданне прагучала і ад паэткі, вядучага бібліёграфа Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людмілы Данілаўны Сільновай: у далейшым уразіць сваімі творамі не толькі яе, але ўвесь свет.
«Яна ўразіла сваёй прамовай, сваім бачаннем жыцця», — сцвярджаў падчас сустрэчы доктар філасофскіх навук, прафесар, Акадэмік міжнароднай славянскай акадэміі адукацыі імя Я. А. Каменскага, Акадэмік Міжнароднай акадэміі тэхнічнай адукацыі Павел Васільевіч Кікель, карані якога на Карэліччыне.
Глыбока кранулі песні «Спадчына», «О, Беларусь, мая шыпшына», «Мой родны кут» у выкананні спявачкі Таццяны Грыневіч-Матафонавай.
Сустрэча атрымалася — яна пакінула глыбокі след у сэрцах прысутных.

Галіна СМАЛЯНКА.

 Фота Уладзіміра ПУЧЫНСКАГА, «Краязнаўчая газета».

Добавить комментарий