В зональном молодежном конкурсе «Автоледи и автомен-2017» кореличские ребята взяли два призовых места

Дзяўчаты і юнакі Карэліччыны не толькі сумленна працуюць і прыносяць карысць грамадству і людзям, але і цікава і змястоўна праводзяць вольны час — удзельнічаюць у акцыях, конкурсах, спаборніцтвах, святах.
У занальным маладзёжным конкурсе «Аўталэдзі і Аўтамен-2017», мэта якога — далучэнне моладзі да актыўнага адпачынку, папулярызацыя аматарскага аўтаспорту, прафілактыка дарожна-транспартнага траўматызму, прапаганда бяспекі дарожнага руху, павышэнне прафесійнага ўзроўню вадзіцеляў, прымалі ўдзел і прадстаўнікі нашага раёна. Сярод іх — міліцыянер групы затрымання Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Іван Уласевіч і медсястра анкалагічнага кабінета Карэліцкай райпаліклінікі Марыя Стрэчань.
Удзельнікі занальнага конкурсу — маладыя людзі Карэліцкага, Лідскага, Шчучынскага, Воранаўскага раёнаў. Яны спаборнічалі ў наступных этапах: прэзентавалі свой аўтамабіль у адным з творчых жанраў; практычна выконвалі элементы ваджэння: «дыяганальная паркоўка», «разварот на ўчастку абмежаваных памераў «дворык», «заезд заднім ходам у бокс», «пераадольванне пад’ёму эстакады»; замена каляса; прадстаўлялі і абаранялі новы дарожны знак; здавалі тэарэтычны экзамен па Правілах дарожнага руху.
Карэліччане не падвялі: Марыя Стрэчань заняла другое месца, а Івану Уласевічу дасталася трэцяе. Падчас гутаркі яны адзначалі, што конкурсы патрэбны — дапамагаюць зрабіць жыццё больш разнастайным, праверыць веды па аўтасправе на практыцы, адчуць дух спаборніцтва.
«Мне падабаецца ўсё, што звязана з машынай, — прызналася аўталэдзі. — З чатырнаццаці гадоў цягнула да аўтасправы, а першым настаўнікам быў бацька, навыкі прыходзяць з практыкай і вопытам».
Дарэчы, Марыя мінчанка, на Карэліччыне адчувае сябе камфортна, сустрэла новых сяброў.
Іван нарадзіўся ў вёсцы Скрышава, зараз жыве ў аграгарадку Малюшычы. Карэліцкі край любіць, як і сваю працу, таксама — удзельнічаць у розных конкурсах. Яму давялося быць не толькі аўтаменам, але і прымаць удзел у абласных спартыўных спаборніцтвах і раённым конкурсе «Танцы з зоркамі», у якіх займаў прызавыя месцы.
Пажадаем і ў далейшым маладым людзям Карэліцкага краю займаць актыўную жыццёвую пазіцыю, новых знаходак і перамог.
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий