З абласнога фестывалю-свята “Танцуем па-даўнейшаму” Аляксандра Струк і Аляксей Лустач прывезлі Дыплом I ступені ва ўзроставай катэгорыі “7-10 гадоў”

З абласнога фестывалю-свята “Танцуем па-даўнейшаму”, што прайшоў у агр. Тарнова, вучні другога класа харэаграфічнага аддзялення Карэліцкай ДШМ Аляксандра Струк і Аляксей Лустач прывезлі Дыплом I ступені ва ўзроставай катэгорыі “7-10 гадоў”. Дзякуючы свайму педагогу Ірыне Станіславаўне Бяляк яны лепш за іншыя танцавальныя пары народных побытавых танцаў станцавалі польку “Карэла-фінскую”, “Нарэчаньку” і “Мальвіну”.
Аляксандра і Аляксей скарылі журы і публіку не толькі сваім высокім выканальніцкім майстэрствам, але і артыстызмам. Іх абаянне, шчырасць і эмацыйнасць выклікалі захапленне ў гасцей фестывалю-свята. Сыгралі сваю ролю і арыгінальныя народныя касцюмы. Аўтэнтычныя вобразы беларуса і беларусачкі дапоўнілі саламяны капялюш і чырвоныя каснікі – стужкі, якімі заплятаюць косы.
Танцавальныя пары змагаліся за перамогу падчас сінхроннага выступлення пад акампанемент музычнага інструментальнага ансамбля. Нягледзячы на тое, што Аляксандра і Аляксей танцавалі плячо ў плячо з сапернікамі, ім было не займаць упэўненасці.
– Усё таму, што добра падрыхтаваліся. Ды і што казаць, партнёр Аляксандры вельмі актыўны, літаральна закружыў у танцы грацыёзную партнёрку, – дзеліцца сваім меркаванне педагог харэаграфічнага аддзялення Карэліцкай ДШМ Ірына Станіславаўна Бяляк. – Іх заўважылі яшчэ да пачатку выступлення, калі пара праходжвалася ля памоста. За нас хварэлі душой многія гледачы.
Лаўрэаты Дыплома I ступені прызнаюцца, што іх насамрэч цікавіць беларускае народнае танцавальнае мастацтва. Але інтарэсы васьмігадовай Аляксандры і дзявяцігадовага Аляксея не абмяжоўваюцца толькі харэаграфіяй. Маленькая прыгажуня любіць іграць на фартэпіяна, маляваць і займацца гімнастыкай, а хлопчык – канструяваць з “Лега”.
Як расказала дырэктар Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Мікалаеўна Гароднік, без узнагарод з Тарнова не вярнуліся і іншыя ўдзельнікі фестывалю-свята “Танцуем па-даўнейшаму”, якія прадстаўлялі Карэліцкі раён.
Дыплом II ступені фестывалю-свята “Танцуем па-даўнейшаму” заваявалі балетмайстар Карэліцкага РЦКіНТ Васіль Уладзіміравіч Чартко і намеснік дырэктара Карэліцкага РЦКіНТ Валянціна Аляксандраўна Фурс ва ўзроставай катэгорыі “каму за 50”. Легендарны культарганізатар Васіль Уладзіміравіч Чартко таксама быў адзначаны Спецыяльным Дыпломам журы за артыстызм.
Дыплом III ступені фестывалю-свята “Танцуем па-даўнейшаму” дастаўся загадчыку аддзела культуры і вольнага часу “Красненскі ДК” Сяргею Леанідавічу Шымка і балетмайстру аддзела культуры і вольнага часу “Красненскі ДК” Вользе Барысаўне Ложачнік ва ўзроставай катэгорыі “31-50 гадоў”.

Святлана ВАШЧЫЛА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий