Агульная колькасць насельніцтва ў агр. Лукі на пачатак 2017 года перавышала 1100 чалавек

Лукскі сельсавет раскінуты на стромкіх узгорках цэнтральнай часткі Карэліцкага раёна. Ён, можна лічыць, – сэрца нашага ўрадлівага краю, дзе вякамі, а вёска Лукі згадваецца яшчэ ў XV ст., кропля за кропляю збіраецца хлебаробская сіла. Цяпер у склад гэтай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, акрамя аграгарадка, уваходзяць сем вёсак. Агульная колькасць насельніцтва на пачатак 2017 года перавышала 1100 чалавек. Што хвалюе мясцовых людзей? Якімі выдатнымі асобамі славіцца сельсавет?

Лепш за супрацоўнікаў сельвыканкама ніхто пра жыццё мясцовасці не раскажа, таму перш-наперш, рыхтуючы праект “Землякі”, звярнуліся да старшыні Лукскага сельвыканкама Людмілы Іванаўны Ваўчок.

– Людміла Іванаўна, як сёння развіваюцца тэрыторыі Лукскага сельсавета?

– Наш сельсавет – сярэдні па памерах у раёне. Самая маленькая вёсачка Баяры мае 14 жыхароў. У аграгарадку Лукі, які з’яўляецца цэнтральнай сядзібай нашага камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Лукі-Агра”, пражывае 640 чалавек. Тут застаецца моладзь. Прыемна, што гаспадарка выдзяляе ёй жыллё. Апошнім часам знаходзяць новых уладальнікаў забудовы, якія пуставалі. Прычым часта нерухомасць купляюць гараджане.

Працуем па Указе №100 з пустуючымі і старымі дамамі. На дадзены момант Дзятлаўскае прадпрыемства меліяратыўных сістэм займаецца ліквідацыяй трох фундаментаў ад знесеных дамоў у вёсцы Далматаўшчына. Праводзіцца работа па ўцягненню вызваленых зямельных участкаў у сельгасабарот. Калі прыходзіцца пускаць пад бульдозер спарахнелыя ад часу дамы, вакол якіх ужо парос бур’ян, душа ўсё роўна разрываецца. Але іншага рашэння праблема не мае.

– У якім стане дарогі ў вёсках?

– Практычна ўсе заасфальтаваны, за выключэннем вёскі Унехава. У аграгарадку асфальтавае пакрыццё не атрымалі тры вуліцы. Іх планавалі перадаць на баланс раённай камунальнай службы, але пытанне пакуль не вырашана.

– Актуальная тэма ў сельскай мясцовасці – прывядзенне ў парадак пагостаў.

– Згодна. У гэтым годзе не без падтрымкі ДП “Лукі-Агра” ліквідавалі аварыйныя дрэвы на могілках у вёсцы Любанічы. Пажадана, каб насельніцтва таксама не заставалася ў баку. Да прыкладу, жыхары вёскі Крышылоўшчына самастойна праявілі ініцыятыву і добраўпарадкавалі месца апошняга спачыну сваіх продкаў. Гэты ўчынак варты павагі. Таксама працягваем абсталёўваць пагосты пляцоўкамі для збору смецця.

– Ці прырастае насельніцтва дзецьмі?

– Сапраўдны бэбі-бум назіраўся ў 2014 і 2015 гадах. Тады нараджалася па 10-11 чалавек у год. У гэтым годзе тры нашы жанчыны сталі маці. Колькі яшчэ дзяцей да канца года з’явіцца на свет у нашым сельсавеце, дакладна сказаць не магу, але тэндэнцыя будзе пазітыўная.

– Якімі вядомымі землякамі славіцца Лукскі сельсавет?

– Жыла і працавала ў вёсцы Лукі Герой Сацыялістычнай Працы (1965 г.) Вольга Лукінічна Калоша (1910 г. н.). Перадавая работніца з 1948 года была паляводам калгаса “Сцяг Леніна” (цяпер ДП “Лукі-Агра”), у 1954-1969 гадах – звеннявой ільнаводчага звяна.

Добрую спадчыну пакінуў Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР (1986 г.) Яўген Віктаравіч Машарскі (1928 г. н.), лаўрэат ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга. Ён з 1965 года ўзначальваў агранамічную службу калгаса “Сцяг Леніна”.

У вёсцы Баяры ў 1936 годзе нарадзіўся першы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь (1991-1994 гг.) Фёдар Уладзіміравіч Мірачыцкі, член-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь.

– Усе яны звязаны з працай на зямлі.

– Так. Лукі – калыска эфектыўных работнікаў сельгасвытворчасці. Хаця не менш добрых слоў заслугоўваюць і прадстаўнікі іншых прафесій.

Святлана ВАШЧЫЛА.

Добавить комментарий