Аперацыя “Хутка ў школу”, альбо колькі каштуе сабраць першакласніка да 1 верасня?

Лета, канікулы працягваюцца. Амаль яшчэ цэлы месяц хлопчыкі і дзяўчынкі будуць адпачываць, набірацца сіл для  новых адкрыццяў. Але ўжо сёння многія клапатлівыя бацькі задумваюцца пра пачатак навучальнага года. Асабліва хвалююцца матулі і таты першакласнікаў. Згадзіцеся, клопатаў шмат, але яны прыемныя. Ці абавязкова ехаць у сталічныя ўнівермагі, каб набыць усё неабходнае да першага  верасня? Давайце паспрабуем сабраць вашага сына альбо дачку да новага навучальнага года, наведаўшы гандлёвыя кропкі райцэнтра.

Якасныя тавары па прывабных цэнах

Першым пунктам нашага маршрута становіцца ўнівермаг. Тут нас ветліва сустракае прадавец Вераніка Валянцінаўна Аляшкевіч, якая дэманструе шырокі асартымент школьнай формы і абутку. Што датычыцца цаны, то мяркуйце самі: сарафаны для дзяўчынак ААТ “Палессе” каштуюць ад 25 рублёў 10 капеек да 31 рубля 59 капеек. Святочныя блузкі прапануюць Мазырская швейная фабрыка “Надэкс” (22 рублі 58 капеек) і ААТ “Дзілма” (37 рублёў 13 капеек). Можна набыць і штодзённыя блузкі гэтых жа швейных фабрык (14 рублёў 75 капеек  – 16 рублёў).

Некаторыя бацькі аддаюць перавагу камплектам для дзяўчынак: жакет і спадніца. І правільна робяць. Камплекты ААТ “Дзілма” элегантныя, зробленыя з якаснай тканіны. Іх кошт – ад 41 рубля 58 капеек да 59 рублёў 40 капеек. Што датычыцца абутку, то ва ўнівермагу ёсць з чаго выбраць. Туфлі для дзяўчынак – Гродзенскай абутковай фабрыкі “Нёман”, ААТ “Марка”, Магілёўскай абутковай фабрыкі “Шагавіта”. Цана таксама розная, як кажуць, на любы кашалёк: ад 30 да 73 рублёў. Гэтых жа гандлёвых марак і туфлі для хлопчыкаў. Кошт – ад 33 да 77 рублёў.

“Усю вопратку і абутак ва ўнівермаг пастаўляюць вядомыя ў нашай краіне фабрыкі і прадпрыемствы. Таму ў якасці выбраных тавараў можаце не сумнявацца,” – завярае нас Вераніка Валянцінаўна.

Шырока прадстаўлены калготы ААТ “Контэ” (прыкладна 5 рублёў за пару), бялізна для дзяўчанак і хлопчыкаў ААТ “Світанак”. Цана нас прыемна здзівіла: усяго 5 рублёў 50 капеек за камплект.

На школьным кірмашы ёсць усё

Выходзім з універмага і адразу трапляем на школьны кірмаш. Гутарым з прадаўцом Галінай Іванаўнай Рашэтнік. “У нас вы зможаце набыць усё неабходнае да новага навучальнага года: ад простага алоўка да шыкоўнага школьнага касцюма”, – ветліва расказвае жанчына. І сапраўды, што б мы не запыталі, усё было ў наяўнасці па даступных цэнах. Напрыклад, каляровыя алоўкі каштуюць 2 рублі 80 капеек, альбом для малявання – 1 рубель 54 капейкі, нажніцы – 2 рублі 50 капеек, фламастары – 2 рублі 70 капеек.

Звяртаем увагу на рукзакі ААТ “Галантэя”. Цэны, можа, трохі і “кусаюцца”, але ўсім вядома, што за якасны тавар прыдзецца заплаціць крыху даражэй.  Іх кошт ад 68 рублёў да 73 рублёў 57 капеек.

У асартыменце прадстаўлены сарочкі для хлопчыкаў Мазырскай швейнай фабрыкі “Надэкс”. Цэны розныя: ад 25 рублёў да 39 рублёў 34 капейкі. Школьныя ж касцюмы Навагрудскай швейнай фабрыкі “БелКрэда” каштуюць у сярэднем 70 рублёў.

“Пакупнікоў пакуль няшмат, але праз тыдзень-другі бацькі пачнуць актыўна рыхтаваць школьнікаў да навучальнага года. Таму паспяшайцеся за пакупкамі, пакуль асартымент шырокі,” – дзеліцца з намі вопытны прадавец.

З “Поспехам” збіраемся ў школу

Спяшаемся наведаць яшчэ адну гандлёвую кропку райцэнтра – магазін “Поспех”, які належыць унітарнаму камунальнаму прадпрыемству бытавога абслугоўвання насельніцтва. Бытавікі цесна супрацоўнічаюць з ААТ “8 Марта”  г. Гомеля. У продажы маюцца спартыўныя касцюмы для дзяўчынак (па цане 35 рублёў 70 капеек) і хлопчыкаў (44 рублі 90 капеек). У наяўнасці таксама спартыўныя штаны (17 рублёў 88 капейкі – 19 рублёў 20 капеек). Шырока прадстаўлены абутак для фізкультуры Лідскай абутковай фабрыкі па прывабнай цане (11 рублёў 72 капейкі – 16 рублёў13 капеек). У магазіне таксама можна набыць калготы ААТ “Контэ”, бялізну для дзяцей, джэмперы для дзяўчынак (8 рублёў 87 капеек – 12 рублёў 73 капейкі) і хлопчыкаў (28 рублёў 60 капеек).

У “Кутку для школьніка” ў шырокім асартыменце можна купіць шэраг неабходных канцылярскіх прыналежнасцей. «У пачатку жніўня чакаем новае паступленне тавараў. Прыходзьце, калі ласка, за пакупкамі,” – сардэчна запрашае прадавец Ганна Сямёнаўна Раманюк.

Аксана ЯНУШ.

Фота Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий