Ігар Уладзіміравіч Мардзіловіч: «Ад працы залежыць дабрабыт маёй сям’і»

Трактарыст-машыніст Ігар Уладзіміравіч Мардзіловіч працуе ў дзяржаўным прадпрыемстве «Лукі-Агра» ўжо 23 гады. Пасля службы ў арміі, калі надышоў момант выбару месца далейшай працы, старшыня тады яшчэ калгаса «Сцяг Леніна» Мікалай Аляксандравіч Пахолак запрасіў у сваю каманду юнака, які ўжо падаваў вялікія надзеі.
Прайшоў не адзін дзясятак гадоў, і ў Ігара Уладзіміравіча нямала слоў падзякі за адказны падыход да справы, адданасць прафесіі і добрасумленную працу ад кіраўніцтва прадпрыемства і раёна, узнагароды ад раённага выканаўчага камітэта, Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. У 2017 годзе яго партрэт заслужана размешчаны на раённай Дошцы гонару.
– Што для мяне праца на зямлі? Напэўна, гэта ўсё. Бо ад яе залежыць дабрабыт маёй сям’і. Не буду працаваць – не буду нічога мець. Трэба – значыць трэба. Калі нарыхтоўка кармоў, то наперад, калі ўборка збожжа, то мы зноў пры справе. І ніякіх праблем з выкананнем абавязкаў, – разважаў у тую раніцу Ігар Уладзіміравіч, вострачы нажы свайго «Ягуара-840». Літаральна праз паўгадзіны на жалезным сябры ён павінен быў адправіцца на поле здрабняць зялёную масу на сянаж. Да свайго завяршэння падыходзіў другі ўкос траў у гаспадарцы.
Праз некаторы час пацікавілася ў раённым ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання вынікамі працы трактарыста. Аказалася, што на падборы са здрабненнем ён адпрацаваў на поўную выкладку: на 13 ліпеня на яго рахунку было 6813 тон зялёнай масы. Працаваць прыходзіцца ад світанка да ночы. Падзяліўся, што да такога тэмпу ўжо даўно прывык.
Зусім хутка набярэ абароты ўборачная кампанія. Ігар Уладзіміравіч унясе ў яе свой уклад у якасці памочніка камбайнера.
Калі раптам знаходзіцца вольны час, то ён імкнецца правесці яго з сям’ёй. Нядаўна разам з жонкай Наталляй Васільеўнай Мардзіловіч, намеснікам старшыні па ідэалагічнай рабоце сельгаспрадпрыемства, і калегамі ездзілі ў экскурсійнае падарожжа ў Маскву. Летам у асноўным рабацяга ўвесь у клопатах, а вось зімой у Ігара Уладзіміравіча галоўным захапленнем становіцца хакей.
Самымі каштоўнымі пладамі шлюбу мужа і жонкі Мардзіловіч з’яўляюцца сын Мацвей і дачка Марыя, вучні Лукскай сярэдняй школы. Мацвей, як і бацька, любіць гуляць у хакей, а Марыя актыўна ўдзельнічае ў вакальных конкурсах. З апошніх яе дасягненняў – 3-яе месца ў раённым фестывалі дзіцячай творчасці «Сузор’е талентаў».

Добавить комментарий