Когда началась война, Владимиру Даниловичу Бую было 15 лет

На фотаздымку ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Данілавіч Буй абдымае дзяўчынку, якая 9 Мая падбегла падзякаваць яму за Перамогу. І вось Уладзімір Данілавіч трымае ў сваіх моцных далонях сапраўднае сонейка. Так у руках яго пакалення калісьці аказалася будучае цэлай краіны. Але франтавікі, партызаны і падпольшчыкі вытрымалі ўсе выпрабаванні, якія ляглі на іх плечы.

…У нядзелю з самай раніцы на двары стаяла сонечнае надвор’е. Гарэзлівыя хлапчукі вёскі Даўгінава пасвілі кароў, атрымліваючы асалоду ад свайго яшчэ бесклапотнага жыцця. Раптам, як гром сярод яснага неба, над галовамі праляцелі нямецкія самалёты. Пра тое, што гэта першыя гукі вайны, ніхто не мог і падумаць. Да абеду разагналі жывёлу па хатах і пачулі страшную навіну – уміг лета страціла свае фарбы, а 15-гадовы Вова запомніў гэтую дату назаўсёды. Было 22 чэрвеня 1941 года…
Праз некаторы час бацька і два старэйшыя браты Уладзіміра Данілавіча Буя адправіліся абараняць Радзіму, а ён на першыя тры гады вайны застаўся за галоўнага мужчыну ў сям’і і старэйшага памочніка па хаце для маці.
У 1944 годзе, калі яму споўнілася 17 гадоў, пайшоў у камсамольскі партызанскі атрад, які размяшчаўся ў раёне в. Антанёва Карэліцкага раёна. За стойкасць духу і добрыя фізічныя даныя быў назначаны другім нумарам кулямётчыка. Па начах выконваў усе даручаныя ўказанні, а днём адсыпаўся. Двойчы быў уключаны ў групу па падрыву чыгункі.
У маі 1944 года яшчэ больш актывізаваўся антыфашысцкі рух. Разбурэнне сістэмы забеспячэння фронту з’яўлялася асноўнай мэтай партызанскай вайны. Атрад Уладзіміра Данілавіча размясціўся ў раёне Рудзьмы ў чаканні загаду кіраўніцтва для далейшага наступлення.
Пайшлі наперад і напароліся на засаду. Тады хлопец атрымаў тры асколачныя раненні і моцную кантузію. Праляжаў у такім стане ўсю ноч, а ў 11 гадзін раніцы яго падабралі баявыя таварышы. Даставілі ў партызанскую бальніцу. Падчас аперацыі з пляча дасталі асколак. Рассечаную левую кісць адразу хацелі адрэзаць, але малады чалавек маліў пакінуць усё як ёсць – так-сяк і залаталі. Рухальныя здольнасці аднавіліся, аднак цяпер, прызнаецца ветэран, зімой мерзне рука.
Працягваючы развіваць наступленне, войскі савецкай арміі 7 ліпеня, на 1112-ы дзень вайны, вызвалілі ад ворага Мірскі раён. 10 ліпеня партызанам паступіў загад сысці са сваіх размяшчэнняў у райцэнтр (г. п. Мір). Разам з іншымі раненымі Уладзіміра Данілавіча перавезлі ў мясцовую бальніцу. Увогуле яму спатрэбіўся прыблізна месяц, каб зноў стаць у строй. Прызнаецца, што прайшло столькі гадоў, а яшчэ ўсё выразна адчувае: «Галава шуміць, унутры бушуе непагадзь, але я трымаюся.
У пачатку жніўня 1944 года быў сфарміраваны партызанскі знішчальны батальён.
– У той час немцы лавінай адыходзілі, як маглі драпалі на захад, але не ўсе. Каля 50 тысяч засталіся пад Мінскам, Бабруйскам і Магілёвам. Трэба было іх вылавіць, – успамінае Уладзімір Данілавіч.
Сярэдзіна восені – час ужо халодны, а немцы павінны былі хоць чымсьці харчавацца. Вось і пачалі знясіленыя выпаўзаць і здавацца. Яшчэ хтосьці спрабаваў аказваць супраціўленне, але потым проста выдыхнуліся. Бралі многіх у палон, выкарыстоўвалі іх як працоўную сілу для аднаўлення разбураных будынкаў.
У кастрычніку батальён дыслацыраваўся на тэрыторыі спаленага г. п. Мір. А ўжо ў канцы месяца спыніў сваё існаванне.
У лістападзе Уладзіміру Данілавічу даюць водпуск, і адразу ж прыходзіць павестка ў дзеючую армію. За 6 гадоў тэрміновай службы куды толькі не кідалі салдата: і ў 12-ы запасны артылерыйскі полк Рэзерву Вярхоўнага Галоўнага Камандавання, і ў Мінскі навучальны артылерыйскі лагер, і ў трэцюю школу артылерыйска-інструментальнай разведкі, і ў 56-ы артылерыйскі полк ва Урэчча Слуцкага раёна, і ў 173-ы гвардзейскі асобны выведвальны артылерыйскі дывізіён у Бабруйск. Разам з двума тысячамі вайскоўцаў на 3,5 гады трапіў у Волагду.
У красавіку 1951 года, аддаўшы доўг Радзіме, ён вярнуўся дамоў. Праз тыдзень уладкаваўся сакратаром палітаддзела на Вобрынскую машынна-трактарную станцыю. Распавядае, што пры ёй тады працавала рэдакцыя газеты «Сацыялістычнае земляробства». Яму даручана было весці ўлік, рэалізацыю прадукцыі, рабіць усё для захавання і павелічэння тыражу.
Праз два гады працы перавялі ў Мірскі райвыканкам загадчыкам раённага аддзела гандлю.
30 жніўня 1953 года жаніўся. Праз некаторы час быў абраны старшынёй райспажыўтаварыства. За ўсё жыццё змяніў каля дзесяці месцаў працы, а сваё прызванне знайшоў на птушкафабрыцы «Чырвонаармейская».
– Вось дзе арганізацыя была! – захоплена дзеліцца Уладзімір Данілавіч, які адпрацаваў на пасадзе намесніка дырэктара па камерцыйных пытаннях каля 16 гадоў. – Я займаўся арганізацыяй збыту і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем. Па выніках працы за мінулы фінансавы год як спецыяліст мог атрымаць каля 10 акладаў. Але для гэтага ўсе павінны былі працаваць у адзінай звязцы. Так у нас і было – адпаведна і аплата працы на належным узроўні знаходзілася.
У 61 год Уладзімір Данілавіч пайшоў на пенсію. Энергіі было хоць адбаўляй. Не мог і дня праседзець на месцы. Кажа, што і цяпер таксама.
У свае 90 гадоў сябруе з сучаснай тэхнікай – свабодна карыстаецца мабільным тэлефонам, камп’ютарам. Любіць прайсціся па крамах. Часам гатуе, а часам і не хочацца. Яго рэгулярна наведвае сацыяльны работнік. Ды і родныя не забываюць. Кожны тыдзень па чарзе заязджаюць у госці. Ёсць у ветэрана і праўнучка. Прызнаецца, што шустрае дзіця. Унукі жартам дзядулю называюць вартаўніком, кажуць, што ён добра спраўляецца са сваімі абавязкамі.
Караліна КУЧУК.
Фота Іны ЛЕЙКА.

Добавить комментарий