Наш раён наведаў Ганаровы генеральны консул Беларусі ў Цюменскай вобласці Уладзімір Фёдаравіч Шугля

Наш раён наведаў Ганаровы генеральны консул Беларусі ў Цюменскай вобласці Уладзімір Фёдаравіч Шугля. Гэты выдатны дзеяч (першы ў гісторыі беларускай дыпламатыі атрымаў статус Ганаровага генкосула) нарадзіўся і вырас на Урале, але крывёю звязаны з Карэліччынай. Тут, у вёсцы Руціца, малая Радзіма яго бацькі-франтавіка. Беларускі сібірак прызнаецца, што заўсёды адчуваў прагу да каранёў, таму візіт на карэліцкую зямлю – даніна павагі родзічам і магчымасць даведацца, чым сёння жыве спрыяльная зямля продкаў.
Нават сваёй знешнасцю Уладзімір Фёдаравіч нагадвае тыповага беларуса. Шырокі нос, высокі лоб, блакітныя вочы. Постаць лёгкая, спрытная, а яму ў студзені споўнілася 70. З гонарам расказвае, што ўдалося даследаваць сваё радавое дрэва да 1670 года. Высветліў і паходжанне свайго прозвішча: шугляй у нашай краіне рэк і азёр называлі лодку-даўбёнку з суцэльнага ствала дуба, верагодна, продкі мелі дачыненне да іх вырабу. Тэма сям’і цікавіць яго і як бацьку чатырох дзяцяй, якіх імкнуўся гадаваць правільна, на добрым прыкладзе.
Ганаровы генконсул у 1970-м скончыў Свярдлоўскі інстытут народнай гаспадаркі, пасля шмат гадоў працаваў у гандлі, з’яўляўся начальнікам Галоўнага ўпраўлення гандлю Цюменскага аблвыканкама. Прайшоў сапраўдную школу жыцця.
Шмат разоў яго правяралі на трываласць, і ён выстаяў, уцягнуўся ў працу, паказаў сябе шчырым і ўдумлівым кіраўніком. На якой бы пасадзе ні быў, памятаў бацькоўскі наказ: “Калі не ведаеш што-небудзь, не пары гарачку, паслухай людзей, даведайся пра ўсе бакі праблемы, а тады ўжо прымай рашэнне”. Пачалася перабудова – Уладзімір Фёдаравіч стварыў і ўзначаліў у Цюмені холдынгавую кампанію Гандлёвы дом “Мангазея”. Вопытны адміністратар паспяхова перайшоў на рыначныя рэйкі.
Яго дыпламатычную кар’еру было лёгка прадказаць. Уладзімір Фёдаравіч – аўтарытэтны прадстаўнік беларускай дыяспары ў Сібіры. Да таго ж лічыць сувязь з Беларуссю важным складальнікам свайго жыцця.
З 2009 года працуе Ганаровым консулам Беларусі ў Цюмені, з 2015 года – Ганаровы генеральны консул. Такое высокае званне ўрад нашай краіны прысвоіў Уладзіміру Фёдаравічу за рэзультатыўную работу па ўмацаванні гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Цюменскай вобласцю.
– Аддзяленне пасольства Рэспублікі Беларусь у Цюменскай вобласці было створана на базе маёй холдынгавай кампаніі. Некалькі гадоў таму яго перавялі ў Краснаярск, а людзі працягвалі ісці па старому адрасу. У выніку вырашыў адкрыць аддзяленне ў Цюмені на грамадскіх пачатках. Утрымліваю офіс з супрацоўнікамі на свае сродкі, – расказвае Уладзімір Фёдаравіч.
На рахунку Ганаровага генконсула дзясяткі арганізаваных дзелавых сустрэч і візітаў, падтрымка вытворчых адносін з арганізацыямі-партнёрамі з Беларусі, адкрыцці зборачных цэхаў, гандлёвых дамоў, выставачна-дылерскіх цэнтраў айчынных прадпрыемстваў у Цюменскай вобласці.
Беларускаму сібіраку на ўсё хапае моцы. Ужо ў сталым узросце ён скончыў Уральскі сацыяльна-палітычны інстытут па спецыяльнасці “палітолаг”. Піша вершы. На сёння з яго кніг можна скласці невялічкую бібліятэку. За паэтычны зборнік “Чацвёртае вымярэнне” Уладзімір Фёдаравіч быў адзначаны ў Беларусі літаратурнай прэміяй “Залаты Купідон”.
А яшчэ Уладзімір Фёдаравіч – філосаф, вывеў формулу лёсу.
– Лёс – ёсць гены, выхаванне і абставіны, – адзначае мысліцель. – Галоўны складальнік формулы – выхаванне. Чым больш чалавек выхаваны, тым менш на яго лёс уплываюць абставіны. Характар – гэта таксама гены, выхаванне і абставіны, і я магу паставіць знак тоеснасці паміж характарам і лёсам. Я лічу, што лёс чалавека вызначае яго характар. Так адбываецца заўсёды…
Падчас візіту на Карэліччыну Уладзімір Фёдаравіч сустрэўся з кіраўніцтвам Карэліцкага раёна. Перадаў у дар раённай бібліятэцы уласныя кнігі з аўтографамі.

Святлана ВАШЧЫЛА.

Добавить комментарий