Праца, добры настрой і фізкультура: сакрэты актыўнага даўгалецця ад Марыі ШЫШ

«Жыццё пражыць — не поле перайсці» — гавораць у народзе. Якім бы складаным яно ні было,  многія знаходзяць у сабе сілы радавацца новаму дню. Як гэта ўдаецца Марыі Мікалаеўне ШЫШ з г. п. Карэлічы, журналіст пацікавілася падчас сустрэчы.

— Марыя Мікалаеўна, у Вас багатае на падзеі жыццё. Што ў ім галоўнае?

— Успамінаецца толькі добрае. У жыцці шанцавала на шчырых людзей.  З многімі зараз падтрымліваю сувязі, і гэта збліжае, надае моцы, упэўненасці ў жыцці.

— Як прыйшло рашэнне вярнуцца на маленькую радзіму?

— У 1997 годзе памёр муж. Яшчэ пры яго жыцці купілі дом у райцэнтры, марылі сюды пераехаць. Разам з тым кожнае лета прыязджала ў вёску Любанічы. Зараз зраднілася з Карэліччынай поўнасцю, адчуваю сябе шчаслівай.

— Вы прыхільнік здаровага ладу жыцця. У Вас ёсць свае сакрэты?

— Для таго, каб пражыць жыццё з радасцю і карысцю, мець на ўсё і заўсёды сілы, трэба старацца мяняць від дзейнасці. Скажам, фізічную працу чаргаваць з разумовай і наадварот. Пасля напружанай працы трэба адпачыць, затым пачытаць кнігу ці часопіс — і стомленасць як рукой здыме. Калі збіраюся ў дарогу, то папярэдне займаюся зарадкай.

— У чым звычайна знаходзіце аддушыну для сябе?

— Я моцна люблю прыроду. Пераканана: чалавек павінен жыць з ёю ў суладдзі. Хаджу ў лес па грыбы і ягады. Мая мама таксама любіла гэта рабіць. Калі задацца мэтай, то кожны знойдзе для сябе вольную хвілінку, каб дакрануцца да таямніц прыроды.

— Вы любіце працаваць?

— Безумоўна. Трымаю асабістую гаспадарку, у тым ліку коз з лячэбнай мэтай. Збіраю смятану, б’ю масла, раблю тварог, вару сыр. Нездарма заўважана: «Быть здоровым так легко  — пейте козье молоко». Вырошчваю індыкоў, гусей, качак, кур. Клопаты па гаспадарцы мне ў радасць, упраўляюся хутка, атрымліваю задавальненне.

— Што дае наведванне Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва?

— У Цэнтры для наведвальнікаў арганізоўваюцца цікавыя сустрэчы і паездкі. Зносіны з іншымі людзьмі ўносяць пазітыўныя эмоцыі ў нашы будні. Зараз не звяртаю ўвагі на дробязі. Нічога даражэй няма за жыццё.

— Чым адметны пажылы ўзрост? 

— Я не засяроджваюся на гэтым. У перыядычным друку прачытала пра старажылаў, якія дасягнулі 119-га ўзросту. Думаю, што трэба жыць, каб дасягнуць гэтай планкі.

З’яўляюся ўдзельніцай хору ветэранаў працы райцэнтра, з задавальненнем наведваю  рэпетыцыі. З канцэртамі выступалі ў Жухавіцкім доме-інтэрнаце, прымалі ўдзел у абласных аглядах у г. Іўе. Выпісваю перыядычныя выданні, у іх знаходжу шмат карысных звестак.

— У чалавека павінна быць мара. У Вас яна ёсць?

— Здароўе — галоўнае ў жыцці. Зімой займаюся зарадкай, абліваюся халоднай вадой, а летам шмат працую. Моцнага здароўя жадаю ўсім чытачам раённай газеты «Полымя».

Гутарыла

 Галіна СМАЛЯНКА.

Фота

Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий