У Райцу дастаўлены каўчэг з мошчамі вялікапакутніцы Варвары

“Устанаўляю Я запавет Мой з вамі і нашчадкамі вашымі пасля вас… што не будзе больш знішчана ніякая плоць водамі патопу. Я ўстанаўляю вясёлку Маю на воблаку, каб яна была адзнакаю запавету паміж Мною і зямлёю… Каля навяду Я воблака на зямлю, дык паявіцца весялуха на воблаку… і ўспомню запавет вечны паміж Богам і паміж усякай душою жывою… Гэта ёсць адзнака запавету, які Я ўстанавіў паміж Мною і паміж усякай плоццю на зямлі”.
БЫЦЦЁ 8:18-22, 9:1-17
Не спіцца. Збіраецца на навальніцу. У кватэры душна. Але не гэта прычына бяссоння. Зноў і зноў у думках вяртаюся да той падзеі, што ў храм святой Варвары прыбудуць мошчы вялікапакутніцы, імем якой названа царква. Такое адбудзецца ўпершыню ў гісторыі храма ды і ў маім жыцці таксама. Задоўга да пачатку набажэнства выходжу на вуліцу, перабіраючы ў думках: што яшчэ трэба зрабіць. Дзень выдаўся даволі ветраны, хмурны, невясёлы. Адчувалася, што можа пайсці дождж. Але ён нібы не спяшаўся, а нейкая дзікая сіла гнала чароды хмар. Калі праплыла самая вялікая хмара і зноў разлілося над вёскай сонечнае святло, нарадзілася яркая і шырокая арка вясёлкі. І ўспомніліся адразу словы з Бібліі: “Я ўстанаўляю вясёлку Маю на воблаку, каб яна была адзнакаю запавету паміж Мною і зямлёю…”. Хмара рухалася на ўсход. За ёй неадступна ішла і вялізная дуга вясёлкі.
“Добры знак,”– падумалася мне, але час падганяў, і я прыспешыла хаду. Такая падзея, як прыбыццё мошчаў у наш храм, стала магчымай дзякуючы архіпастырскаму клопату Правячага Архірэя — Высокапраасвяшчэннейшага Гурыя, архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага, а таксама ўзмоцненай малітве настаяцеля храма і ўсіх вернікаў. Мошчы – астанкі святых, гэта значыць тых, каго Бог праславіў пасля іх скону і чыю прысутнасць у свеце вернікі пастаянна адчуваюць. Святасць Зямной Царквы праяўляецца ва ўшаноўванні гэтых людзей, у іх з’яўленні жывым, у цудоўных падзеях, спалучаных з іх удзелам, у цудоўным аздараўленні і дапамозе, якія прыходзяць пасля малітвы ім. Астанкі святога становяцца крыніцай цудоўнай сілы або, кажучы царкоўнай мовай, – ласкі.
Любое прынясенне мошчаў святога мае духоўную значнасць для месца, для народа, хай нават самі людзі гэтага да канца і не разумеюць. Мы ж заўсёды спадзяёмся, што святыня дапаможа народу пакаяцца, прынясе нейкі свет, з’явіцца імкненне да духоўнага, да Царквы.
Да храма паціху сцякаліся людзі: каго прывёз аўтобус, хто на сваім транспарце, а хто і пешшу. Маладыя, сталыя, пажылыя і дзеці, нават мамы з немаўляткамі на руках.
Прыхаджане і госці са Свята-Варварынскага храма Хросным ходам пад малебныя спевы накіраваліся сустракаць святыню. Па благаславенні свяшчэннаначалля даставіў у Райцу каўчэг з мошчамі вялікапакутніцы Варвары настаяцель храма іконы Божай Маці «Неспадзяваная радасць» г. Навагрудка протаіерэй Аляксандр Шыш.
Пасля гэтага ўрачыстае набажэнства ўзначаліў благачынны цэркваў Карэліцкай акругі протаіерэй Мікалай Орса ў саслужэнні клірыкаў епархіі протаіерэяў Аляксандра Шыша, Алега Сушко, настаяцеля храма іерэя Аляксея Шышкіра.
Пакланіцца святыні прыехалі паломнікі з іншых прыходаў епархіі.
Пасля пропаведзі айца Мікалая пра пакутніцкі подзвіг святой вялікапакутніцы Варвары з прывітальным словам звярнулася да вернікаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама І. М. Санчук.
Служба закончылася. Святары, а затым і ўсе прысутныя сталі прыкладвацца да мошчаў. Нібы маўклівы ручаёк, людзі павольна падыходзілі да святыні. Ніхто не затрымліваўся. Ні ў кога не ўзнікала сумнення, што “падзея, якая адбылася на нашых вачах і пры нашым удзеле, – як сказаў благачынны, – сапраўды падзея гістарычная” для кожнага.
Затым настаяцель храма запрасіў усіх прысутных прыняць удзел ва ўрачыстым адкрыцці прыходскага музейнага пакоя, прысвечанага 200-годдзю храма.
Дзень падыходзіў да вечара, калі я выйшла з храма. Выйшла – і ажно замерла ад замілавання: над Райцай, нібы купал, зноў узышла вясёлка. Думаю, не адна я заўважыла яе. Пасля ветру стала ціхі-ціха. Свет падняўся і пачысцеў, зазіхацеў ад сонца. Падумалася: а дай паспрабую перадаць тое хараство, якому многія былі сведкамі, якое заваражыла, якое нібы сцвярджае, што багатая на гісторыю вёсачка Райца – самае прыгожае месца на свеце… асабліва, калі над вёскай красуецца вясёлка.
Для тых, хто не паспеў ці не меў магчымасці прыкласціся да мошчаў, нагадваю: штодзённа (на працягу 40 дзён), а 18-й гадзіне, у храме служыцца малебен святой вялікапакутніцы Варвары.
Таісія МУХІНА, агр. Райца.

Добавить комментарий