Вопросы возведения моста обсудили в Синявской Слободе

20 жніўня 2014 года ў вёсцы Антанёва з-за некантралюемага выпальвання травы згарэў дом і шэсць хлявоў. Магчыма, такіх страт удалося б пазбегнуць, каб не стары мост праз Нёман. Пажарны разлік рухаўся ў аб’езд. Як вынік — страта маёмасці, а віноўнік вогненага здарэння выплаціў «кругленькую» суму.
Аб’язнымі шляхамі дабіраюцца да сваіх сельгасугоддзяў працаўнікі мясцовай гаспадаркі, гэтак жа работнікі лясгаса возяць лес. Нямала праблем прыносіць ён і работнікам аўтамагазінаў, «хуткай дапамогі», іншым службам. Найбольш пакутуюць вяскоўцы — з-за нязручнай пераправы пазбаўляюцца якасных паслуг.
Калі ж пачалося будаўніцтва новага маста, то многія ўздыхнулі з палёгкай: жыхары навакольных вёсак, прадстаўнікі адпаведных службаў, мясцовая ўлада, а таксама тыя, каму даводзілася па яму праязджаць. Вось толькі знайшоўся адзін чалавек, які вырашыў пакласці лыжку дзёгцю ў бочку мёду.
Сельскі сход у вёсцы Сіняўская Слабада Ярэміцкага сельсавета быў праведзены пасля звароту яе жыхаркі Лідзіі Іванаўны Валько ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Аўтарка пісала пра тое, што ў сувязі з рэканструкцыяй аўтадарогі Ярэмічы — Сіняўская Слабада — Навагрудскі раён з узвядзеннем маста праз раку Нёман расходуюцца вялікія грашовыя сродкі — так бы мовіць, па словах жанчыны, «закопваюцца ў зямлю». А што ж думаюць жыхары Сіняўскай Слабады на гэты конт, ці падзяляюць меркаванні сваёй зямлячкі?
Старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Віктаравіч Шкадаў, які стаў ініцыятарам гэтай сустрэчы, пазнаёміў прысутных са зместам звароту Лідзіі Іванаўны Валько ў высокі дзяржаўны орган. Выслухаўшы ўважліва, жыхары вёскі ахвотна выказвалі свае думкі на гэты конт. Стараста вёскі Мікалай Феафанавіч Паўлюкоўскі адзначаў, што па хвалюючых пытаннях неабходна звяртацца да яго — стараста населенага пункта з’яўляецца звязуючым звяном паміж мясцовай уладай і сельскімі жыхарамі. Грамадзянка Валько гэтага пытання са старастам не абмяркоўвала, а раней толькі вяла размову пра аб’язную дарогу. «Мост будуецца, і дзякуй за гэта», — коратка вынес свой вердыкт стараста.
Такой жа думкі прытрымліваецца жыхар вёскі Міхаіл Віктаравіч Васілеўскі: «Мост патрэбны, каб своечасова маглі прыязджаць у вёску і «хуткая», і пажарная, і міліцыя, ды і землякі на маленькую радзіму».
Зоя Аляксееўна Балабановіч лічыць сябе карэннай жыхаркай, а вёску — «жывой». Па яе меркаванні, мост трэба будаваць грунтоўна. Гэта была мара продкаў, і новы будаўнічы аб’ект пасля здачы ў эксплуатацыю застанецца для будучых пакаленняў.
Спадзяецца дачакацца новай пераправы Ганна Цімафееўна Клаўсуць. «Каб яшчэ пахадзіць па масту і каб прыязджалі ў госці ўнукі і праўнукі, а ў выпадку патрэбы змагла даехаць у вёску і «хуткая дапамога», — сказала жанчына. Тамара Міхайлаўна Парэцкая, якая часта выклікае ўрача, таксама выказала пажаданне: каб усе маглі ездзіць па добраму масту.
Сваю радасць з нагоды распачатай будоўлі не хавалі падчас сустрэчы Ганна Уладзіміраўна Бандарык і Кацярына Феафанаўна Васілеўская, якія падзякавалі мясцовай уладзе за патрэбную справу.
Што ж прымусіла Лідзію Іванаўну Валько напісаць скаргу? Гэта вядома толькі ёй адной, магчыма, адзінота або няўменне наладзіць адносіны з землякамі.
Аўтарцы будзе дадзены адказ на зварот ва ўстаноўленыя законам тэрміны. Але на яго сваімі выступленнямі, па сутнасці, адказалі самі аднавяскоўцы. Праўда, ёй не давялося пачуць усяго імі сказанага: жанчына пакінула сельскі сход да яго заканчэння. Магчыма, не змагла глядзець вяскоўцам у вочы, бо скаргу пісала ад імя ўсёй вёскі.
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота
Віталія СМАЛЯНКІ.

Добавить комментарий