«Я бяру прыклад з герояў кніг і хачу быць падобнай на іх»

Паліна Левая — вучаніца 6 «А» класа дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г. п. Карэлічы». Яна выдатніца вучобы, пераможца конкурсаў і алімпіяд, актыўная чытачка Карэліцкай дзіцячай бібліятэкі.
Журналіст раённай газеты «Полымя» гутарыць з дзяўчынкай пра яе справы і захапленні.
— Паліна, зараз летнія канікулы. Ці чытаеш кнігі?
— Я ўвогуле вельмі люблю чытаць кнігі. Яны рознай тэматыкі: дэтэктывы, вершы, аповесці. Неабходна прачытаць за лета шмат беларускай і рускай літаратуры, але мне няцяжка, бо гэта мой любімы занятак.
— Як даўно сябруеш з кнігамі?
— Маёй першай кніжкай былі «Беларускія народныя казкі». Далей пачала чытаць невялікія апавяданні і аповесці для дзяцей. У кніжках былі прыгожыя малюнкі, і гэта яшчэ больш прыцягвала, хацелася пазнаць невядомае і цікавае.
— Хто яшчэ з родзічаў любіць чытаць і наведвае раённую бібліятэку?
— Мой дзядуля Мікалай Паўлавіч Левы. Разам з ім хаджу ў раённую бібліятэку, і мы дапамагаем рамантаваць кнігі. Дзядуля любіць чытаць літаратуру на сучасную тэму і пра вайну.
— Даводзілася чуць, што на многія рэчы ў цябе свой пункт погляду. У гэтым таксама дапамагаюць кнігі?
— Свой пункт погляду магу выказаць наконт любой сітуацыі, якая датычыць маіх аднагодкаў: адносін да вучобы, сапраўднасці сяброўства, павагі да старэйшых і г. д. Я бяру прыклад з герояў кніг і хачу быць падобнай на іх. Імкнуся быць спагадлівай, добразычлівай, адданай Радзіме, проста добрай, каб прыносіць карысць людзям.
— Удзел у розных алімпіядах і конкурсах атрыманы дзякуючы прачытанаму ў кніжках?
— Я ўдзельнічала ў конкурсе «Жураўлік» па рускай мове з трэцяга класа і ўсе тры гады займала першыя месцы. Мне даводзілася адказваць на 30 пытанняў, прапаноўваліся чатыры адказы, трэба было выбраць адзін правільны.
Удзельнічала ў конкурсе па гісторыі «Кентаўрык», у якім заняла другое месца. Мне падабаецца гісторыя, у трэцім і чацвёртым класах хадзіла на дадатковыя заняткі да сваёй першай настаўніцы Марыі Мікалаеўны Хіневіч. У класе праводзілі конкурс «Умницы и умники», і я перамагла два разы.
У конкурсе па замежнай мове «Лінгвісцяня» заняла трэцяе месца, а ў «Бусліку» па беларускай мове — другое. Не хапіла трох балаў, каб заняць першае месца, мне падарылі «Тлумачальны слоўнік».
— Які са школьных прадметаў найбольш падабаецца?
— Мне падабаюцца некалькі прадметаў: беларуская і руская мова і літаратура, матэматыка. Урокі праходзяць для мяне заўсёды цікава. Па гэтых прадметах на алімпіядах займала першыя месцы.
— Дзе найчасцей бярэш кнігі?
— У мяне ёсць кнігі дома, бяру іх у дзіцячай бібліятэцы, цікавыя купляе мама, а некаторымі абменьваюся з сябрамі.
— Кім хочаш быць у жыцці?
— Хачу быць юрыстам, каб дапамагаць людзям у складанай сітуацыі. А яшчэ таму, бо буду ведаць, як паводзіць сябе ў розных сітуацыях. Я хачу, каб у іншых людзей было як мага менш складанасцей у жыцці, буду дапамагаць пераадольваць іх.
— Дзяўчынкі і хлопчыкі праводзяць шмат часу ў сацыяльных сетках. А ты любіш карыстацца інтэрнэтам?
— Я не вельмі люблю сацыяльныя сеткі. Затое люблю выконваць віктарыны, рабіць тое, дзе патрэбна шмат думаць, працаваць, шукаць адказы на пытанні.
— Што б пажадала сваім равеснікам?
— Як мага больш чытаць і менавіта па-беларуску. Родная мова мілагучная. Нашы продкі размаўлялі на ёй. У нас вельмі добрая настаўніца беларускай мовы Таццяна Іванаўна Карп, якая прывівае любоў да мовы. Хочацца, каб дзеці любілі родную мову, шанавалі яе, а таксама Радзіму, бацькоў.
Гутарыла
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий