Актыўныя выбіраюць студатрады

Сучасныя маладыя людзі зусім розныя. Адны жывуць у віртуальным свеце. Яны не могуць уявіць жыццё без камп’ютараў і ноўтбукаў, глядзяць фільмы, захапляюцца камп’ютарнымі гульнямі, ставяць лайкі ў сацыяльных сетках. Але згадзіцеся, што жывое камунікаванне значна цікавей. Таму многія юнакі і дзяўчаты хочуць актыўна жыць і тварыць у рэальным свеце, набірацца вопыту і знаёміцца з цікавымі людзьмі. Менавіта для іх і ствараюцца студатрады.

Карэліцкая зямля працягвае прымаць працоўную моладзь. Зараз у КСУП “Цырын-Агра” працуюць 10  юнакоў і дзяўчат. Перш за ўсё размаўляем з куратарам студатрада Міхаілам Уладзіміравічам Дубіным.

– Лета – пара адпачынку. Але многія юнакі і дзяўчаты разглядаюць гэты час як магчымасць знайсці прымяненне сваім сілам і энергіі, – дзеліцца куратар.

Сам Міхаіл – студэнт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Перайшоў на трэці курс. У КСУП “Цырын- Агра” праходзіць практыку. Быў назначаны куратарам студатрада, што, безумоўна, дапаможа выявіць яго лідарскія якасці.

Разам з Міхаілам падыходзім да студатрадаўцаў. Школьнікі Дзяніс Гомза, Арцём Таболін, Яўгеній Шчэрба, Аляксей Качкарык і Арцём Каралько заняты на ўборцы сянажнай ямы. З размовы даведваемся, што ўсе яны вучні Цырынскай школы, закончылі 8 класаў і вельмі задаволены працай у студатрадзе. Школьнікі заняты з 8.30 раніцы і да абеда.

– Вырашылі пайсці ў студатрад, каб дапамагчы бацькам у фінансавым плане. Кішэнныя грошы зможам зарабіць самі. Толькі цяпер разумеем,  як цяжка іх атрымаць, але лёгка патраціць, – дзеляцца хлопцы.

Знаёмімся з іншымі членамі студатрада. Эльвіра Зяленская, Ганна Дзем’яновіч і Арцём Шуляк дапамагаюць на ферме. Яны даглядаюць цялят, мыюць вокны і дзверы.

– Праца ў студатрадзе – гэта, па-першае, магчымасць з толкам заняць вольны час летам, па-другое, паспрабаваць свае сілы ў іншых сферах дзейнасці, – у адзін голас сцвярджаюць маладыя людзі.

У гутарцы з Эльвірай даведваемся, што яна навучэнка Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Ужо чацвёрты год запар працуе летам. Эльвіра разам з іншымі маладымі людзьмі былі заняты на розных работах: займаліся праполкай  цукровых буракоў, дапамагалі звязваць макулатуру.

Пазнаёміўшыся з энергічнай і пазітыўнай моладдзю са студатрада, пакідаем КСУП “Цырын-Агра” з поўнай упэўненасцю ў тым, што юнакі і дзяўчаты на правільным шляху. Яны не баяцца ніякай працы, а гэта самае галоўнае.

   Аксана ЯНУШ

     Фота аўтара.

Добавить комментарий