Чацвёртае пакаленне пабрацімаў

Маладзёжная дэлегацыя з Краснагорска (Расійская Федэрацыя) прыбыла ў горад-пабрацім Карэлічы ў пачатку мінулага тыдня. Увесь гэты час дзесяць рабят у суправаджэнні двух дарослых знаёміліся не толькі з культурнай і архітэктурнай спадчынай Беларусі, але таксама з прамысловасцю і сельскагаспадарчай галіной раёна. У панядзелак, 7 жніўня, у Карэліцкім раённым выканаўчым камітэце адбыўся ўрачысты прыём гасцей раёна.

– Кожны год, так склалася традыцыя, у нас адбываюцца абмены моладзевымі дэлегацыямі паміж Карэлічамі і Краснагорскам. Дружбе нашых гарадоў-пабрацімаў не адзін дзясятак гадоў. Вы ўжо чацвёртае пакаленне, якое падтрымлівае гэтыя блізкія адносіны, – звярнуўся да прысутных намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Юр’евіч Абрамчык. – Спадзяюся, гэтая моладзевая народная дыпламатыя прынясе свой плён, і сувязь паміж нашымі гарадамі і дзяржавамі будзе толькі мацнець.

На бліжэйшую будучыню ўжо прапрацоўваюцца сумесныя праекты на тэму Вялікай Айчыннай вайны.

Па словах Руслана Юр’евіча, усё, чаго, магчыма, не хапала юнакам і дзяўчатам у вялікім горадзе – прастораў, зеляніны, палёў – яны змаглі ўбачыць тут. Дэлегацыя паспела пабываць у Мірскім, Лідскім, Нясвіжскім замках, малочна-таварных фермах раёна, Карэліцкім маслацэху, пакупацца ў возеры Свіцязь.

Падчас нефармальных зносін з прадстаўнікамі мясцовай улады краснагорская моладзь падзялілася ўражаннямі ад паездкі. «Абсалютна ўсё спадабалася», «Шмат спартыўных мерапрыемстваў», «Дзякуй за магчымасць убачыць вашу краіну», – гучалі водгукі дзяцей. Адзінае пажаданне – хацелася б пагасціць даўжэй. Ужо ўчора расіяне адправіліся дадому.

Дарэчы, падарожжа рабят на Карэліччыну адклалася на пару дзён у сувязі з іх работай у працоўнай брыгадзе ў якасці важатых прышкольнага муніцыпальнага гарадскога лагера. Ніяк не маглі пакінуць без нагляду больш за сотню сваіх падапечных.

Старшыня райвыканкама Віктар Леанідавіч Шайбак пажадаў падрастаючаму пакаленню быць патрыётамі сваёй краіны, берагчы яе культуру і традыцыі, захоўваць адзінства і цэласнасць славянства.

Завяршыўся прыём абменам памятнымі сувенірамі і падарункамі.

Наступныя сустрэчы пабрацімаў адбудуцца ў канцы верасня ў Дзень горада Краснагорска і ў лістападзе на маладзёжным фестывалі «Новы свет».

Караліна КУЧУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий