Народно-патриотическая акция «Мы — вместе!» состоялась в Кореличском районе (ДОПОЛНЕНО)

У Карэліцкім раёне праведзена рэспубліканская грамадзянска-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Мы — разам!».

Як адзначыла старшыня Карэліцкага  раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Мікалаеўна Шэўка, гэтае мерапрыемства прымеркавана да традыцыйнай жнівеньскай канферэнцыі педагогаў. Менавіта школа закладвае асновы дабрабыту краіны, фарміруе светапогляд падрастаючага пакалення. «Наша сіла — у нашым адзінстве: мы разам нясём адказнасць за стабільнасць і дабрабыт роднай Беларусі»,— падкрэсліла прафсаюзны лідар.

Са сцэны Карэліцкага раённага Цэнтра культуры Лідзія Мікалаеўна выказала словы ўдзячнасці мясцовай уладзе, кіраўнікам прадпрыемстваў,  арганізацый раёна за пастаянную дапамогу ў сацыяльнай абароне членаў прафсаюза, а таксама актывістам прафсаюзнага руху, працаўнікам раёна, ветэранам працы.

Федэрацыяй прафсаюзаў  узнімаецца прэстыж настаўніцтва ў працоўных калектывах. Маладому спецыялісту, які толькі прыходзіць на працу, патрэбна дапамога вопытных калег. У гэтым накірунку ў нашым раёне робіцца ўсё магчымае, каб маладыя людзі знайшлі сябе ў абранай прафесіі — сталі спецыялістамі сваёй справы. Сярод настаўнікаў моладзі — Наталля Міхайлаўна Дасько (ДУА «Мірская дзіцячая школа мастацтваў»), Таццяна Ільінічна Шаплыка (ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір»), Ала Дзмітрыеўна Турок (УАЗ «Карэліцкая ЦРБ»).

Працоўныя дынастыі Карэліччыны з’яўляюцца залатым фондам працоўных калектываў. Сваімі сумленнымі адносінамі да даручанай справы і актыўнай жыццёвай пазіцыяй яны заслужылі павагу і давер. Сярод іх — працоўная дынастыя сям’і Крапіўніцкіх з ДП «Лукі-Агра».»Гэта не проста сям’я, у якой пануе атмасфера ўзаемаразумення і павагі, а цудоўная працоўная дынастыя, дзе ўжо чатыры пакаленні выбіраюць працу ў адной і той жа гаспадарцы», — адзначалася на сустрэчы.

Падчас правядзення акцыі былі адзначаны актывісты прафсаюзнага руху. За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення і актыўную работу па развіццю і ўмацаванню сацыяльнага партнёрства ўзнагароджаны Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. п. Карэлічы» Таццяна Іванаўна Карп і дырэктар ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір» Таццяна Ільінічна Шаплыка.

Аб’яўлена Падзяка Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі казначэю прафсаюзнай арганізацыі УАЗ «Карэліцкая ЦРБ» Надзеі Мікалаеўне Пянькоўскай за актыўную дзейнасць па абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў членаў прафсаюза, значны ўклад у развіццё і ўмацаванне сацыяльнага партнёрства, падтрымку прафсаюзных праектаў.

Юбілейным медалём «110 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі» ўзнагароджана дырэктар УА «Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж» Наталля Леанідаўна Кадлубай за шматгадовую добрасумленную працу, актыўную дзейнасць па абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў членаў прафсаюза, значны ўклад у развіццё і ўмацаванне сацыяльнага партнёрства і аператар машыннага даення СВК «Свіцязянка-2003» Марыя Сцяпанаўна Наумчык за шматгадовую добрасумленную працу ў сельскагаспадарчай галіне, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву.

 

 

Увазе ўдзельнікаў рэспубліканскай грамадзянска-патрыятычнай акцыі быў прадастаўлены канцэрт. Музыкальныя кампазіцыі прагучалі ў выкананні вядомых выканаўцаў: народнага артыста Беларусі Эдуарда Ханка, Вольгі Плотнікавай, Аляксея Хлястова, Наталлі Камісаравай, Мікалая Гамерава, Жуліі Ціавіа, груп «Экстренное торможение» і «Байсити», ансамбля народнай песні «Белы птах».

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Іны ЛЕЙКА.

 

Добавить комментарий