Обновленный купол Свято-Троицкого храма возвысился над поселком Мир

З даўніх часоў людзі мелі патрэбу ў такім незвычайным месцы, якое б змагло іх абараніць ад нягод і непрыемнасцей. Кожнаму чалавеку неабходна было ведаць, што яму ёсць куды пайсці. Царква – менавіта тое самае месца, дзе людзі адчувалі сябе ў бяспецы. Яны маглі падзяліцца самымі патаемнымі думкамі з ёй, пагаварыць з Богам, папрасіць дапамогі ў цяжкіх жыццёвых абставінах.
Адным з такіх месцаў на карэліцкай зямлі з’яўляецца Свята-Троіцкая царква ў г.п. Мір. 27 ліпеня адбылася знакавая гістарычная падзея, якую чакаў увесь прыход. Пасля рэканструкцыі абноўлены купал узвысіўся над мірскай зямлёй. Нават прырода дапамагала вялікай справе: было цёпла, сонечна, бязветрана. Усё настройвала на ўзнёслыя думкі.
Па благаславенні Правячага Архірэя Высокапраасвяшчэннейшага Гурыя работы па рэканструкцыі пачаліся ў пачатку 2017 года.
– Больш чым за 150 гадоў існавання ўся драўляная частка купала прыйшла ў непрыгоднасць. Ён мог абваліцца ў любую хвіліну,– расказвае клірык храма айцец Фёдар.
Настаяцель Свята-Троіцкай царквы айцец Павел адслужыў малебен “на пачатак усякай добрай справы”, пасля чаго асвяціў званіцу. Затым пачалася самая адказная частка – узняцце купала. Для таго, каб аблегчыць справу, купал і званіцу падымалі асобнымі часткамі. Магутны аўтамабільны кран пачаў падымаць купал павольна і вельмі асцярожна. Безумоўна, гэта справа не адной хвіліны. Уся работа заняла каля дзвюх гадзін. За гэты час кожны з прысутных змог падумаць, звярнуцца да сваіх патаемных думак, узняцца над зямнымі клопатамі.
Кіраўніком і адзіным аўтарам праекта па рэканструкцыі купала з’яўляецца архітэктар Дзмітрый Сямёнавіч Бубноўскі, ураджэнец Міра. Ён доўгі час жыве ў Мінску, але душою звязаны з родным краем. Мабыць, менавіта таму архітэктар з вялікай радасцю дапамагае рэканструяваць гістарычныя помнікі мірскай зямлі. Дзмітрый Сямёнавіч – галоўны інжынер, архітэктар і навуковы кіраўнік праекта аднаўлення замкавага комплексу “Мір”. Ён 20 гадоў працаваў у Міністэрстве культуры, добра знаёмы з супрацоўнікамі Міністэрства архітэктуры.
– Уся драўляная частка званіцы была заменена на новую. Фасад застаўся ранейшым, усе геаметрычныя формы, дэкаратыўнае рашэнне зроблены па былым узоры. Адзінае, што мы змянілі, зрабілі сапраўдныя вокны. На 8-кантовай частцы раней яны былі намаляваны. Потым, у выніку рамонтаў, зусім зніклі пад пластамі фарбы, – расказвае кіраўнік праекта.
Настаяцель Свята-Троіцкай царква айцец Павел шчыра ўдзячны адміністрацыі замкавага комплексу “Мір”, дырэктару Мірскага філіяла ААТ “Гродзенскі ЛГЗ” І. В. Будзейку, дырэктару ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” М. П. Марзану, усім вернікам за матэрыяльную дапамогу.
5 жніўня – асаблівы дзень для храма. Адзначаецца свята Мірскага Пачаеўскага абраза Боскай маці. У гэты дзень у храме адбудзецца святочнае багаслужэнне.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий