Пры Карэліцкім маладзёжным цэнтры кожны чацвер працуе дзіцячая пляцоўка

Не за гарамі 1 верасня, і дзеці імкнуцца выкарыстаць апошнія жнівеньскія дзянькі з карысцю. Як адпачынак арганізаваны на дзіцячай пляцоўцы пры Карэліцкім маладзёжным цэнтры, у мінулы чацвер вырашылі пацікавіцца журналісты раённай газеты «Полымя».

 

А 15 гадзіне самі гаспадары і прадстаўнікі структурных падраздзяленняў устаноў культуры райцэнтра былі гатовыя прыняць наведвальнікаў і імкнуліся прадаставіць свае паслугі. Вікторыя Андрэеўна Ланеўская, майстар-метадыст раённага Дома рамёстваў, у чарговы раз на дзіцячай пляцоўцы. «Мы прапануем мастацкі роспіс па целе, бяспройгрышную латарэю, прадаём гліняныя вырабы», — адзначыла яна.

Сяргей Аляксандравіч Шахрай назіраў за гульнёй пяцігадовага сына Ягора, які бавіў час на батуце. Па словах бацькі, хлопчык па характары вельмі рухавы, і гэта выдатная магчымасць зрасходаваць сваю энергію.

На дзіцячай пляцоўцы адна мелодыя змянялася другой, песні ўзнімалі настрой, западалі ў душу. Тут стараюцца  падабраць такую музыку, каб удзельнікі дзіцячай пляцоўкі маглі добра павесяліцца.

«Дзіцячая пляцоўка патрэбна, каб дзеці і дарослыя карысна правялі тут вольны час», — сказаў дырэктар Карэліцкага маладзёжнага цэнтра Максім Мікалаевіч Кудзін і прапанаў звярнуць увагу на атракцыёны, дзе былі заняты дзеці. Сапраўды, тут кожны знайшоў сабе справу па душы: для малышоў — арэлі, горка, канструктар, батут, а для дзяцей старэйшага ўзросту —  настольныя гульні, баскетбол і г. д.

Гутарым з тымі, хто прыйшоў на пляцоўку. Таццяна Уладзіміраўна Іванова на дзіцячую пляцоўку прыходзіць з дачкой Валерыяй у другі раз, і дзяўчынцы тут падабаецца. Маці лічыць, што месца для адпачынку дзяцей выбрана вельмі зручнае: раслінная зона (навокал трава), і ім тут добра гуляць, у спякотнае надвор’е ёсць куды схавацца. Са станоўчага боку адзначыла і настольныя гульні, якія прадастаўляюць супрацоўнікі Карэліцкай дзіцячай бібліятэкі. Адным словам, і зручна, і карысна.

А вось Алена Міхайлаўна Пятрыўская прывяла сюды ўнучку Насцю, якая прыехала да бабулі ў госці са сталіцы. Прыйшлі з мэтай добра адпачыць, набыць новых сяброў, атрымаць пазітыўныя эмоцыі. «У гэтым годзе ўнучка пойдзе ў першы клас, і зносіны з равеснікамі павінны даць станоўчы зарад на цэлы навучальны год. Як педагог разумею, што дзецям патрэбны зносіны з цікавымі людзьмі і развіваючыя гульні. Дзіцячыя пляцоўкі вельмі важныя і патрэбныя», — паведала Алена Міхайлаўна.

Няхай заўжды смяюцца дзеці! Для гэтага дарослыя павінны зрабіць усё магчымае, каб дзяцінства ў дзяўчынак і хлопчыкаў было радасным і шчаслівым.

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Аксаны ЯНУШ.

Добавить комментарий