В Кореличском районе готовится к изданию новая книга местных поэтов

Кніга мае вялікае значэнне ў жыцці чалавека. Той, хто сябруе са словам, можа лічыць сябе па-сапраўднаму багатым. Адкрываючы таямніцы нязведанага, ён пазнае ўсю глыбіню і прыгажосць жыцця.

Як да гэтага адносіцца кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Рэчанька» пры раённай газеце «Полымя», аўтар шматлікіх артыкулаў, настаўнік ад Бога Галіна Паўлаўна КАЛТУНОВА з г.п. Карэлічы, журналіст пацікавілася падчас сустрэчы.

 

— Галіна Паўлаўна, давялося чуць, што Вы збіраецеся выдаваць чарговую кнігу. Як і чаму з’явілася гэтая задумка?

— Задумка жыла ў душы даўно, хацелася пакінуць памяць аб аўтарах-складальніках кнігі. Яны — радавыя, звычайныя людзі, якія пішуць вершы па прызванні. Не маюць вялікіх грошай, каб надрукавацца. Такая думка не ўзнікла б, каб не зацікаўленасць раённага выканаўчага камітэта, і асабіста яго старшыні           В. Л. Шайбака, які падтрымаў прапанову выдання зборніка мясцовых паэтаў, паабяцаў знайсці для гэтага сродкі. 

Больш пяцідзесяці гадоў бруіцца «Рэчанька», не знікаюць яе ручаінкі, па-свойму таленавітыя, неардынарныя. Спадзяюся, што яна будзе поўніцца новымі імёнамі, прадаўжаць струменіць…

— Якую назву мяркуецца даць выданню?

— Назва будзе такая: «Плыве «Рэчанька» зямлі Карэліцкай». Дзякуй Богу, стараннямі калектыву рэдакцыі яна плыве. Назва — як быццам наказ на будучае, каб не знікла цудоўная традыцыя ў нашым раёне падтрымоўваць таленавітых людзей, развіваць іх творчую дзейнасць. Гэта спрыяе ўзняццю іх аўтарытэту ў вачах землякоў, аднакласнікаў, родзічаў. Як кіраўнік літаратурнага аб’яднання, радуюся, што чытачы «Рэчаньку» любяць, аб чым сведчаць шматлікія тэлефонныя званкі, пры сустрэчы людзі выказваюць удзячнасць за літаратурную старонку. І гэта невыпадкова: паэтычнае слова перадае пачуцці, якімі чалавек жыве штодня.

— Вершы якога накірунку імкнуліся змясціць у будучую кнігу? Хто іх аўтары?

— Сказаць, што пры падрыхтоўцы кнігі да выдання падтрымоўваліся аднаго нейкага накірунку, нельга, таму што ў кожнага аўтара свая пэўная тэматыка. Але ўсё-такі выдзяляецца тэма любові да Радзімы, родных мясцін, любавання іх навакольнай прыгажосцю, многія творы прасякнуты філасофскімі разважаннямі аб вайне і міры, аб месцы чалавека ў жыцці. Нямала месца займае таксама тэма кахання і сяброўства.

Аўтары — прадстаўнікі розных пакаленняў, узросту, роду заняткаў: вучні, пенсіянеры, інтэлігенцыя, сельскія працаўнікі… У выніку стварылася багатая скарбонка, у якой сабраны неардынарныя погляды на звычайныя рэчы. Мясцовыя паэты прапускаюць іх праз свае сэрца і душу, што прымушае чытача па-іншаму паглядзець на навакольны свет.

— Выданне кнігі  — гэта вялікая радасць. У які раз Вы яе адчуваеце?

— У пяты раз да мяне прыходзіць адчуванне радасці, і кожны раз яна асаблівая, са сваімі фарбамі, шчаслівым станам душы, які можна параўнаць хіба што з тым радасным настроем, які звычайна ўзнікае, калі бачыш вясёлку над лугам пасля навальніцы. У свет ужо выйшлі чатыры кнігі: «Споведзь маёй душы», «Карэліцкія мадонны», «Мой край Карэліцкі адзіны…», «Буквар Карэліцкага краю».

— Якую ролю адыгрывае ў Вашай творчасці літаратурная старонка «Рэчанька»?

— Вялікую. Дасылаемыя вершы ўзбагачаюць сэрца, дапамагаюць зразумець аўтара, яго чалавечую сутнасць, лечаць істоту сваёй дабрынёй, светласцю. Няхай не ўсе творы дасканалыя, прыходзіцца іх са згоды аўтара дапрацоўваць, але галоўным застаецца шчырасць, багацце, адкрытасць, якую яны хочуць данесці чытачам шляхам паэтычнага радка. Гэта дорыць надзею, што не ўсё дрэнна на свеце.

— На якую тэматыку найчасцей Вы пішаце?

— Для мяне галоўнай у творчасці з’яўляецца тэма маці, кахання, прыроды, а таксама тэма  ўдзячнасці маленькай радзіме, надзяліўшай маю істоту тымі каштоўнасцямі, якія надаюць моц крылам, дапамаглі стаць чалавекам.

— Хто былі Вашымі настаўнікамі ў літаратурным накірунку?

— У першую чаргу, знакамітыя паэты Ніл Гілевіч, Алег Лойка — выкладчыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дзякуючы ім, апынулася ў літаратурнай плыні Беларусі 60-ых гадоў мінулага стагоддзя, што дало магчымасць стаць актыўным удзельнікам аб’яднання «Узлёт» пры Белдзяржуніверсітэце, друкавацца ў рэспубліканскіх часопісах і газетах, чытаць свае вершы на беларускім радыё, перамагаць на розных паэтычных конкурсах, быць у ліку аўтараў паэтычнага зборніка «Узлёт», выдадзенага ва ўніверсітэце. Ніл Гілевіч і Алег Лойка вучылі нас, пачынаючых паэтаў: «Сябруйце з дабрынёй, гаварыце голасам сэрца, тады вас будуць чытаць». Гэтым прынцыпам кіруюся і зараз, працуючы з аўтарамі «Рэчанькі».

— Што хацелася б пажадаць пачынаючым аўтарам?

— Памятаць, што напісаць верш — гэта не зарыфмаваць радкі, а ў першую чаргу беражліва адносіцца да слова, надзяляць яго глыбокай думкай, вобразнасцю, асабістай адметнасцю.

 — І ўсё-такі хочацца зноў вярнуцца да выдання кнігі. Згадзіцеся, што зрабіць сёння гэта няпроста. Хто падтрымлівае Вас?

— Як я ўжо казала, разуменне, зацікаўленасць, падтрымка кіраўнікоў мясцовай улады, без чаго станоўча няпроста было б вырашыць гэтае пытанне. Яшчэ раз ад імя ўсіх аўтараў «Рэчанькі» асаблівую ўдзячнасць выказваю старшыні райвыканкама Віктару Леанідавічу Шайбаку, які знаходзіць магчымасць выдаткаваць сродкі для падтрымкі мясцовых талентаў, а таксама намесніку старшыні райвыканкама Руслану Юр’евічу Абрамчыку, начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі  райвыканкама Іне Міхайлаўне Санчук, калектыву Карэліцкай раённай бібліятэкі, яе дырэктару Ліліі Канстанцінаўне Арцюх за дапамогу ў падрыхтоўцы і выданні зборніка.

— Вашы пажаданні аматарам паэзіі і чытачам раённай газеты «Полымя».

— Любіце жыццё, не чарсцвейце душой, дарыце людзям пяшчоту, дабрыню сваіх сэрцаў,  шукайце натхненне ў штодзённай рэчаіснасці. Умейце радавацца светлай мірнай раніцы, яснаму сонейку і таму, што вы жывяце ў прыгожай краіне пад назвай Беларусь. Здароўя, дабрабыту, шчасця вашым сем’ям.

 

Гутарыла

Галіна СМАЛЯНКА.  

Фота з архіва

 рэдакцыі.

Добавить комментарий