У год 100-годдзя народнага пісьменніка, 4 жніўня, уся сям’я Брылёў сабралася ў любімым Крынічным

4 жніўня народнаму пісьменніку Беларусі Івану Антонавічу Брылю споўнілася б 100 гадоў. На жаль, 11 гадоў назад таленавітага аўтара не стала, але засталіся яго творы, якімі можна зачытвацца на розных этапах свайго жыцця, успаміны блізкіх яму людзей, і вёсачка Крынічнае, дзе прайшлі апошнія гады яго жыцця.

Да Крынічнага, што месціцца пад Міром на мяжы Гродзенскай і Мінскай абласцей, ад Карэліч на рэдакцыйнай машыне амаль гадзіна язды. Рухаемся нетаропка, углядаемся ў вокны акуратных домікаў, дзівімся чырвані сосен і звонкай цішыні, позіркам ловім блішчастую стужку Нёмана – і разумеем, чаму менавіта тут у 1983 годзе Брылі вырашылі будаваць дачу. Лепшага месца для творчага роздуму і сямейнага адпачынку не знайсці. Каля веснікаў нас сутракаюць дзеці Івана Антонавіча – Наталля і Андрэй.

– Калі пабудавалі дачу, тату ўжо было больш за 60 гадоў, – расказвае Наталля Іванаўна, – раней яна бацькам была проста не патрэбна. Яны былі маладыя, актыўныя, заўзятыя падарожнікі. Прыехалі з Карпатаў, а праз некалькі дзён ужо плылі па Волзе, потым маглі махнуць у Адэсу. Па Маскве і Ленінградзе тата сам праводзіў для нас экскурсіі, вазіў у Прыбалтыку. У гэтых паездках нашу сям’ю часта суправаджалі яго добрыя сябры Алесь Адамовіч і Уладзімір Калеснік.

Дачны сезон у Івана Антонавіча і Ніны Міхайлаўны пачынаўся штогод 9 мая. Кожную раніцу Янка Брыль прачынаўся а сёмай гадзіне і адпраўляўся за два кіламетры па малако. На дачы ўвесь час жылі дзеці з унукамі, таму яно разыходзілася на ўра. Пасля сняданка народны пісьменнік спраўна набіраў ваду на паліў агарода, але сам работы на зямлі не любіў. Гэта была прэрэгатыва жонкі, якая і па ягады-грыбы таксама любіла схадзіць. Яго ж цягнула да  любімых кніг, карэспандэнцыі, якую прывозілі дзеці з горада, і старой пішучай машынкі. У сваіх успамінах Брыль пісаў: “У Крынічным я ўжо больш за дваццаць гадоў, зь ім у мяне зьвязаныя добрыя ўспаміны: шмат што тут напісалася, вось на гэтым стале, якому больш за пяцьдзясят гадоў”.

І сёння нашчадкі беражліва захоўваюць старэнькае крэсла, на якім любіў сядзець і чытаць Іван Антонавіч, і праслаўлены саламяны капялюш, альбо брыль, як называў яго сам пісьменнік, і любімыя кнігі, з пажоўклымі ад часу старонкамі.

Да абеду ён звычайна працаваў на другім паверсе, куды не магла дабрацца малеча. Але малыя хітруны збіраліся пад вокнамі і крычалі: “Дзед, выходзь, гуляць пойдзем!” І ён з усмешкай выходзіў і ішоў з імі на прагулку. Проста ў лес або на Нёман, а вечарам быў касцёр і ўспаміны…

Будучы народны пісьменнік нарадзіўся ў Адэсе, але ў 1922 годзе сям’я вярнулася на радзіму бацькі, у вёску Загор’е Карэліцкага раёна. Дзіўна было яму, гарадскому хлапчуку, вясковае жыццё, але менавіта яно заклала аснову тонкага лірызму, якім прасякнута ўся яго творчая спадчына.

Найчасцей Іван Антонавіч успамінаў сваю матулю, якая на сваіх кволых плячах пасля смерці мужа цягнула ўсіх дзяцей. І хаця Іван Антонавіч быў закаранелым атэістам, ён з узнёслым захапленнем успамінаў, якой духоўна напоўненай, акрыленай прыходзіла маці з мясцовай царквы. Яшчэ падшыванцам перачытаў усе кнігі, што знайшоў па хатах у Турцы, пешшу хадзіў у суседнія вёскі, каб узяць кнігу хаця б на адну ноч. Глытаў літаратуру, не мог ёю насыціцца. І нават значна пазней, у сталым узросце, калі дзеці і ўнукі прыязджалі з горада ў Крынічнае, адразу пытаўся: “Кнігі прывезлі?”

– Тата вельмі любіў спяваць, – успамінае сын Андрэй, – гэта былі беларускія, рускія, польскія, балгарскія народныя песні. Збіраліся з раднёй у Загоры за юшкаю і спявалі. Далёка чуваць было, вяскоўцы гаварылі: “Ну, гэта ўжо Брылёвы!” Ён быў чалавекам з гумарам, аптымістам, і ніколі не паказваў, што нешта баліць або непакоіць. Мы нават да апошніх дзён не ведалі, што ён сур’ёзна хворы: умеў гэта ад нас схаваць…

Крынічнае стала сапраўднай мекай, куды да Брылёў прыяджалі славутыя беларускія пісьменнікі Ніл Гілевіч, Максім Гарэцкі і іншыя. Тады Іван Антонавіч браў вуды і вёў сяброў на Нёман рыбачыць і купацца. Вядома, быў касцёр і духмяная юшка, гутаркі пра літаратуру.

Да яго, як да ўтульнага камялька, цягнуліся не толькі людзі, але і жывёла.

– Кожны год, як толькі тата прыязджаў на дачу, сюды з Ярэміч прыбягала лайка і заставалася на ўсё лета, – успамінае Таццяна Іванаўна, – мы клікалі сабаку Шарыкам і лічылі членам сям’і. Яна нават на фотаздымках разам з сямейнікамі ёсць. Тата казаў, што гэта ў Шарыка такія летнія канікулы.

Дарэчы, паляванне народны пісьменік не любіў, і нават паляўнічую зброю, якую яму хтосьці падараваў, хутка прадаў. Напэўна, гэта вяртала яго ў гады ваеннага ліхалецця. У 1939 годзе ён пайшоў у Войска Польскае, служыў у марской пяхоце. Пад Гдыняй трапіў у нямецкі палон, у 1941 уцёк з яго, вярнуўся на Беларусь і далучыўся да партызанаў.

– Вядома ж, у дзяцінстве мы не ўспрымалі бацьку нейкім зверхчалавекам, – гавораць нашчадкі Брыля, – ён быў для нас проста добрым татам. Да таго ж мы жылі ў пісьменніцкім доме. Суседзі – Іван Мележ, Іван Шамякін, Уладзімір Караткевіч, Пятро Глебка, Васіль Вітка. У Янкі Маўра быў адзіны на ўвесь дом тэлевізар, і мы вялікай кампаніяй чалавек на дзесяць маглі ўваліцца ў яго кватэру і глядзець мульцікі.

Пазней прыйшло разуменне велічы яго асобы і гонар за тату.

Іван Антонавіч ніколі не вызначаў жыццёвыя шляхі сваіх нашчадкаў. Ніхто з дзяцей не стаў літаратарам, але прозвішча Брыль зноў ззяе на небасхіле маладых аўтараў. Пісьменніцкую дынастыю працягвае ўнук народнага пісьменніка Антон Францішак Брыль, які, маючы дыплом праграміста, стаў паэтам і перакладчыкам.

У год 100-годдзя народнага пісьменніка, 4 жніўня, уся сям’я Брылёў сабралася ў любімым Крынічным, так, як гэта рабілі кожны год, бо гэты дзень – татаў.

Іна ЛЕЙКА.

Фота аўтара.

One thought on “У год 100-годдзя народнага пісьменніка, 4 жніўня, уся сям’я Брылёў сабралася ў любімым Крынічным

  • 08.08.2017 в 14:49
    Permalink

    Максім Гарэцкі памёр у 1938 г., а лом Брылі пабудавалі ў Крынічным значна пазней.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий