Вольга Папко: “Жанчыны ў палітыцы здольны прадухіляць ваенныя канфлікты”

11 верасня споўніцца роўна год, як большасць выбаршчыкаў Навагрудскай акругі прагаласавалі за кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вольгу Мікалаеўну Папко. Што ўдалося рэалізаваць парламентарыю за гэты тэрмін, даведалася карэспандэнт «Полымя».

За гэты перыяд у парламентарыяў адбылося дзве сесіі, — расказвае дэпутат. — На першай мы вывучалі законапраекты, над якімі працавалі яшчэ нашы папярэднікі. На другой у полі зроку апынуліся новыя праекты.

Вельмі важна, каб выбаршчыкі разумелі, што работа дэпутата – гэта не рашэнне канкрэтных пытанняў, звязаных, напрыклад, з рамонтам дома або дарогі, асвятленнем вуліц або падвядзеннем газаправода. Асноўная дзейнасць парламентарыяў – гэта работа з законапраектамі, якія, у сваю чаргу, закліканы паляпшаць жыццё людзей. Большую частку месяца, а менавіта 3 тыдні, мы знаходзімся ў Мінску, вывучаем дакументы, часта далёкія ад папярэдняй прафесійнай дзейнасці. Напрыклад, дапаўненні ў Крымінальны Кодэкс і многія іншыя. Вывучаць трэба скрупулёзна, бо мы за іх галасуем, уносім папраўкі. І гэта вельмі важная частка работы.

Адзін тыдзень у месяц дэпутаты знаходзяцца ў сваіх акругах. Але гэта не значыць, што яны вядуць толькі прыём. У ходзе работы назапашваецца шмат пытанняў. Напрыклад, у Мірскім замку (В. М. Папко раней з’яўлялася яго дырэктарам — заўв. аўт.) над рашэннем пэўнай задачы працаваў цэлы калектыў. Цяпер фактычна я адна (хоць у акругах працуе некалькі памочнікаў), і ўсімі дакументамі, і сустрэчамі займаюся сама. Таму, вядома ж, пакуль не атрымліваецца вялікага аб’ёму работы, але ўзрасла сфера ўплыву. Напрыклад, мне ўдалося ўключыць у склад невялікай дэлегацыі, якая адправіцца ў кастрычніку гэтага года на саміт жывёлагадоўлі ў Францыю, 5 чалавек ад маёй выбарчай акругі. На гэтую цікавую стажыроўку адправяцца 4 чалавекі з Навагрудскага і адзін з Карэліцкага раёна.

Я выразна намеціла тыя напрамкі, якія будуць заканадаўчымі ініцыятывамі асабіста ад мяне, і працую над імі. У прыватнасці гэта пытанне рэстытуцыі культурных каштоўнасцяў.  Яшчэ ў якасці дырэктара Мірскага замка зразумела, што гэтая тэма ў нас юрыдычна не прапрацаваная. Я ўдзельнічала ў вяртанні некаторых культурных каштоўнасцяў, мы ўвесь гэты механізм прайшлі. Ведаем, што такое завезці, вывезці, аформіць дакументы, і выявіліся вельмі вялікія праблемы, нестыкоўкі. Каб іх пераадолець, патрэбны папраўкі ў Закон аб культуры. Разам са мной зараз працуюць некалькі ініцыятыўных асоб, прафесіяналаў, якія будуць распрацоўваць сам дакумент, а я займацца арганізацыяй і яго ажыццяўленнем.

Хацелася б садзейнічаць павышэнню ролі жанчын у вырашэнні важных дзяржаўных пытанняў. У межах Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, якая адбылася ў чэрвені гэтага года, я ўдзельнічала ў гендэрным абедзе, арганізатарамі якога сталі самыя актыўныя жанчыны-парламентарыі з розных краін. Сярод рэзалюцый была адна па павелічэнні ролі жанчын у сітуацыях вырашэння канфліктаў. Я галасавала за гэтую рэзалюцыю, таму што бачыла, што яна адказвае нашым інтарэсам.

Калі жанчыны прымаюць удзел у вырашэнні глабальных пытанняў, яны імкнуцца пазбягаць ваенных канфліктаў. Тэорыя жанчын-парламентарыяў: «Калі нас будзе больш, будзе менш сутыкненняў і канфліктаў». Дарэчы, у нашым парламенце каля 30% жанчын, гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у свеце. У нас жанчыны розных узростаў і прафесій: урачы, настаўнікі, артысты…

Зараз знаходжуся ў пошуку інвестыцыйных праектаў і праграм. Напрыклад, Навагрудскі лясгас, у склад якога ўваходзяць і карэліцкія землі, выступіў з ініцыятывай стварэння заказніка і забалочвання 1 гектара зямлі. Гэты ўчастак знаходзіцца на тэрыторыі Навагрудскага раёна, але называецца «Балота Карэлічы-2». Цяпер займаюся пошукам спецыялістаў, арганізацыяй навучання мясцовых работнікаў лясгаса. Думаю, з дапамогай шведскіх інвестыцый гэты праект атрымаецца ажыццявіць.

Выношваю думку аб правядзенні ў г.п. Мір Дня беларускага пісьменства. Пасёлак старажытны, у ім ёсць што паказаць і на што паглядзець.

Іна ЛЕЙКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий