1 верасня ў сярэдняй школе № 1 раённага цэнтра за парты ўпершыню селі 34 першакласнікі

Пачатак школьнага шляху вучняў адзначаны 500-годдзем беларускага кнігадрукавання і Годам навукі, якім аб’яўлены ў нашай краіне 2017 год. У краіну ведаў рабят павядуць вопытныя педагогі Меляняка Любоў Анатольеўна і Вырко Ларыса Аляксееўна.

Учарашнім дашкольнікам пашанцавала з альма-матэр, бо, як адзначыла дырэктар школы Алена Аляксандраўна Вярбіцкая, у мінулым навучальным годзе было шмат дасягненняў. Гэта Дыплом трэцяй ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі ў Шумчык Веранікі (настаўнік Шклярж Г. К.), дыплом другой ступені ў абласной алімпіядзе па матэматыцы для вучняў другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў Карпа Арцёма (настаўнік Апалонік Н. У.), другое месца ў абласным конкурсе даследчых работ і творчых праектаў малодшых школьнікаў «Я пазнаю свет» у Карчэўскай Ксеніі і Пыпаравай Ганны (настаўнік Санюк Л. Я.). 77% выпускнікоў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Рэспублікі Беларусь, прычым 83% навучаюцца на бюджэтнай форме. 10 выпускнікоў атрымалі на цэнтралізаваным тэсціраванні вынік звыш 90 балаў.

Асаблівыя словы ўдзячнасці дырэктар адрасавала старшыні папячыцельскага савета школы М. Я. Вырко за дапамогу ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы школы і ўручыла яму Падзячны ліст. Словы ўдзячнасці гучалі ў адрас бацькоў, спонсараў і калектыву школы за падрыхтоўку ўстановы адукацыі да новага навучальнага года.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Валер’еўна Асташэвіч прыйшла ў школу, у якой калісьці працавала дырэктарам, не з пустымі рукамі. Яна падарыла камп’ютар для школьнай сталовай, які дапаможа распрацоўваць правільнае і збалансаванае меню для вучняў розных узростаў. Віншуючы тых, хто сабраўся на лінейцы, яна адзначыла:

— Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі, паважаныя настаўнікі, бацькі!

Сёння дадзены старт новаму навучальнаму году. Уся рэспубліка святкуе сапраўды народнае свята —Дзень ведаў. Больш за 110 тысяч першакласнікаў сядуць сёння за школьныя парты. І я рада, што ў іх ліку 171 першакласнік нашага раёна. І. В. Асташэвіч пажадала бацькам і дзецям моцнага здароўя, быць адзін аднаму падтрымкай і апорай, а настаўнікам — цярпення і мудрасці.

Да віншаванняў далучыўся начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў В. І. Салаўёў, які падарыў першакласнікам футбольныя мячы.

Ва ўрачыстай лінейцы прынялі ўдзел першы намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях  М. А. Шуляк і Благачынны цэркваў Карэліцкай акругі айцец Мікалай, якія выказалі словы пажаданняў усёй вялікай школьнай сям’і. Старшыня РА Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа С. М. Санцэвіч выказала словы падзякі валанцёрам, тым рабятам, якія не губляюць дабра і міласэрнасці: Вайніла Алене, Конюх Дар’і, Шавейка Мікіце, Санцэвіч Адэліне. Ад імя бацькоў выступіла Васько Алена Генадзьеўна.

Царыца Школьных Навук уручыла настаўнікам першакласнікаў ключ ад сваёй чароўнай краіны. А кожны вучань першага класа атрымаў падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — кнігу «Беларусь — наша Радзіма».

Першы званок далі Кудрыцкая Александрына і Лецка Антон.

Іна ЛЕЙКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий