Чым займаюцца ў шосты школьны дзень дзеці

У шосты школьны дзень дзецям прапануюць паўдзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах і працоўных акцыях, а бацькам – атрымаць кансультацыі псіхолагаў і педагогаў. 

– У мінулым годзе каля 80 працэнтаў дзяцей прыходзілі ў школу на суботнія мерапрыемствы, – распавяла начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Асмалоўская.

Больш за ўсё дзяцей наведвалi школы ў маладых мікрараёнах. Вопыт арганізацыі вольнага часу дзяцей у шосты школьны дзень гродзенскай школы №38 у мінулым навучальным годзе нават прэзентавалі на рэспубліканскім семінары па выхаваўча-ідэалагічнай працы ў Мінску. 

Што ж прапануюць школьнікам у шосты дзень у гэтым годзе? Удзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах, у працоўных і валанцёрскіх акцыях, прафарыентацыйных сустрэчах. Субота таксама стане часам факультатываў па працоўнаму навучанню для вучняў 9–11 класаў. 

– Разлічваем зацікавіць шостым школьным днём і бацькоў, – падзялілася Таццяна Асмалоўская. – У школах будуць ладзіцца пасяджэнні бацькоўскіх клубаў, сямейныя гасцёўні, дзе на хвалюючыя бацькоў пытанні адкажуць псіхолагі і педагогі. 

Да 10 верасня на Гродзеншчыне праходзіць тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, і самы час запісацца ў аб’яднанні па інтарэсах. Тым больш што ў гэтых установах большасць гурткоў, секцый і студый дзеці наведваюць бясплатна. 

Сетку ўстаноў дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі ў гэтым годзе крыху аптымізавалі. Напрыклад, у Навагрудку цэнтры экалагічнага, турысцка-краязнаўчага і тэхнічнага напрамкаў будуць працаваць у складзе шматпрофільнага цэнтра творчасці. У аддзел такога ж цэнтра ператвораны і цэнтр турызму ў Гродзенскім раёне. 

У мінулым годзе практычна кожны другі школьнік вобласцi наведваў заняткі па інтарэсах. I гэта яшчэ раз пацвярджае, што большасць бацькоў сёння зацікаўлены ў развіцці дзяцей і імкнуцца з карысцю арганізаваць іх вольны час. 

Усяго на тэрыторыі Гродзеншчыны, у тым ліку і ў шосты школьны дзень, будзе працаваць 41 установа дадатковай адукацыі. Школьнікі ўсё часцей выбіраюць гурткі робататэхнікі, 3D-мадэлявання і прататыпавання. Плануецца закупіць абсталяванне, каб палепшыць іх базу і павялічыць магчымасці для заняткаў. Распрацоўваюцца цікавыя праграмы. Цэнтры турысцка-краязнаўчага профілю ў гэтым годзе пашыраць  папулярны ў маладзёжным асяроддзі напрамак, як велаарыентаванне. Педагогі аб’яднанняў эколага-біялагічнай накіраванасці прапануюць спазнаць асновы флорадызайну. 

Крысціна Маркевіч, намеснік дырэктара па вучэбнай працы СШ №38 Гродна:
 

– У нашай школе працуе некалькі цэнтраў рознай накіраванасці. Сярод малодшых школьнікаў, напрыклад, у мінулым годзе самым папулярным быў лега-цэнтр. Кожная субота звычайна насычана шэрагам мерапрыемстваў па адной тэме: творчасць, спорт або інтэлектуальныя спаборніцтвы. Нашы вучні частыя госці ў гарадскіх музеях і музейных пакоях суседніх школ. З асаблівым гонарам расказваем гасцям і аб сваім музеі «Хрысціянскія каштоўнасці і народныя традыцыі ў сям’і». У мінулым годзе дзеткі з парушэннямі апорна-рухальнага апарату з усяго мікрараёна ў рамках шостага школьнага дня падрыхтавалі з нашымі педагогамі казку на італьянскай мове і яе гледачамі былі не толькі вучні нашай школы. 

Алена Міклаш, дырэктар Навагрудскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі: 

– Сёлета наш цэнтр аб’яднаў некалькі ўстаноў дадатковай адукацыі. Гэта не паўплывае на колькасць гурткоў і секцый у райцэнтры. Але зараз дзеці змогуць наведваць розныя гурткі па адным адрасе. З гэтага года ў нас з’явіўся свой камп’ютарны клас і спектр заняткаў для дзяцей стане нават шырэй. 

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота Аксаны Януш.

Добавить комментарий