Дзень ведаў у ДУА «Ярэміцкі ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа імя У. А. Калесніка»

59 вучняў і 23 выхаванцы дзіцячага сада ў гэтым навучальным годзе селі за парты ДУА «Ярэміцкі ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа імя У. А. Калесніка».

На ўрачыстую лінейку, прысвечаную Дню ведаў, вучні, настаўнікі, бацькі, госці Ярэміцкай школы сабраліся ў любімым школьным дворыку, які патанаў у рознакаляровых букетах кветак, шчаслівых усмешках прысутных.

Школа — асаблівы свет, непаўторная дзяржава, цуды і традыцыі. І па добрай традыцыі ўсіх прысутных вітала дырэктар школы Людміла Аркадзьеўна Тарасевіч. У пранікнёных і шчырых словах прамовы кіраўніка навучальнай установы прагучалі добрыя пажаданні вучням, настаўнікам, бацькам, а гасцям — словы прызнання за клопаты пра школу і яе выхаванцаў. Гэта ўсё пацвярджаецца жыццём: даюцца веды, выхоўваецца асоба, прывіваецца любоў да Айчыны. Узнагарода была ўручана Аляксандру Аляшкевічу, пераможцу абласной ваенна-спартыўнай гульні «Зарніца».

Начальнік фінансавага аддзела Карэліцкага райвыканкама, член раённага выканаўчага камітэта Іван Іванавіч Дарашэнка, выказаўшы найлепшыя пажаданні дзяўчынкам і хлопчыкам у новым навучальным годзе і ўсяму педагагічнаму калектыву, уручыў школе падарунак — прынтар, які павінен стаць памочнікам вучням у падрыхтоўцы да кантрольных работ.

Не з пустымі рукамі завітаў на ўрачыстую лінейку і выконваючы абавязкі дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Царука» Аляксандр Мікалаевіч Лейка. Павіншаваўшы са святам, прамоўца пажадаў, каб новы навучальны год прынёс усім многа радасці, вучням — новых пошукаў і творчых знаходак, настаўнікам — мудрасці і любові да дзяцей. Падарунак ад мясцовай гаспадаркі — бесправодная гукавая акустычная сістэма для правядзення школьных мерапрыемстваў.

Старшыня Ярэміцкага сельскага Савета Пётр Анатольевіч Навумовіч выказаў пажаданні: настаўнікам — добрых вучняў, а вучням — добрых настаўнікаў, усім прысутным — моцнага здароўя. Пётр Анатольевіч уручыў першакласнікам падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі — кнігу «Беларусь — наша Радзіма». Дарэчы, парог Ярэміцкай школы ў гэтым навучальным годзе пераступілі 8 першакласнікаў. У краіну ведаў іх павядзе першая настаўніца Соф’я Дзмітрыеўна Станкевіч.

Выдатных поспехаў у новым навучальным годзе пажадаў дзяўчынкам і хлопчыкам і інспектар дзяржаўнага пажарнага нагляду Карэліцкага РАНС Сяргей Анатольевіч Грынюк. Ён уручыў ім кнігі па пажарнай бяспецы.

Права даць першы званок на першы ўрок было дадзена адзінаццацікласніцы Дар’і Гінак і першакласніку Сяргею Грыньчыку. Што ж, няхай гучыць ён з дня ў дзень і збірае на ўрокі дзяўчынак і хлопчыкаў Прынёманскага краю! Трывалых вам ведаў і новых вяршынь!

 

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Ігара КЛІМКО.

Добавить комментарий