На палях Карэліцкага раёна пасяўная кампанія ў самым разгары

Той, хто лічыць, што з заканчэннем жніва, сельскагаспадарчыя работы на палях Карэліцкага раёна скончыліся, памыляецца. Сёння самы час паклапаціцца пра ўраджай будучага года. Нездарма кажуць: “Што восенню пакладзеш у глебу, такі ўраджай і атрымаеш”.

Важнасць кожнага дня пасяўной кампаніі добра разумеюць аграрыі СВК “Маяк-Заполле”.

– Аптымальны час завяршыць сяўбу азімых – да 25 верасня. Усе спадзяванні на добрае надвор’е. Сёння аграрыі выкарыстоўваюць кожную хвіліну, каб пакласці ў глебу насенне будучага ўраджаю, – расказвае ўпраўляючы ўчастка №1 СВК “Маяк-Заполле” Іван Пятровіч Гавака. – Да запланаваных 640 гектараў азімых на ўчастку №1 на сённяшні дзень пасеяна азімая пшаніца на плошчы 300 гектараў. Зараз аграрыі сеюць азімую пшаніцу сорта Аркціс. Насенне сорта Скагент ужо пакладзена ў глебу, сваёй чаргі чакае сорт Багемія.

31 жніўня земляробы СВК “Маяк-Заполле” распачалі пасяўную кампанію. Іван Пятровіч Гавака ўпэўнены, што аграрыі змогуць завяршыць сяўбу ў запланаваныя тэрміны. Насенне рапсу на плошчы 105 гектараў ужо пасеяна. У параўнанні з мінулым годам пасяўную плошчу павялічылі на   5 гектараў. Ураджай рапсу сабралі выдатны – 50,5 цэнтнера з гектара.

Добра падмурак будучага ўраджаю закладае механізатар Аляксандр Мікалаевіч Жук. Сваю справу выконвае якасна, з пачуццём вялікай адказнасці. За 27 гадоў працы на палях СВК “Маяк-Заполле” ён набыў дастатковы вопыт: арэ пад сяўбу, старанна сее, нарыхтоўвае кармы.

– Здаецца, што ўсё проста: паклаў насенне ў глебу і кропка. А колькі трэба зрабіць перад гэтым: узараць поле, унесці калійныя ўгнаенні, фосфарныя ж угнаенні ўносяцца пад культывацыю, насенне трэба апрацаваць ад хвароб і шкоднікаў, і толькі тады можна сеяць, – расказвае пра тэхналогію пасяўной кампаніі Аляксандр Мікалаевіч.

Для таго, каб укласціся ў запланаваныя тэрміны, працаваць павінна каманда сапраўдных прафесіяналаў. Менавіта ў такім асяроддзі жыве і працуе адзін з лепшых механізатараў. Побач з Аляксандрам Мікалаевічам на сяўбе заняты вадзіцель на падвозцы зерня Аляксандр Аляксандравіч Жукоўскі, трактарыст Анатолій Леанідавіч Напорка, трактарыст Сяргей Мікалаевіч Сцепанчук, памочнік загадчыка ўчастка Яўгеній Сяргеевіч Варановіч. Усе яны добра разумеюць, што толькі ўсе разам, адной дружнай камандай можна атрымаць выдатны ўраджай 2018 года.

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий