Поспехі малочна-таварнай фермы «Кожава» СВК «Жухавічы»

Малочна-таварная ферма «Кожава» СВК «Жухавічы» за 8 месяцаў бягучага года забяспечыла самую высокую прадуктыўнасць дойнага статка ў раёне. 5558 кілаграмаў малака атрымана тут ад кожнай каровы, што на 640 кг больш за аналагічны леташні перыяд. Да канца года мясцовыя жывёлаводы плануюць перасягнуць 7-тысячная мяжу. У чым прычына поспеху? Людзі, тэхналогіі, умовы працы і самае галоўнае— жаданне як след працаваць кожнага з 13 членаў калектыву фермы.

На малочна-таварнай ферме «Кожава» ўтрымліваецца 200 галоў дойнага статка. Да малака ў гаспадарцы ставяцца з асаблівым хваляваннем. Як-ніяк жывыя грошы кожны дзень. Ад таго, што ўвесь прадукт рэалізуецца вышэйшым гатункам, штомесячная выручка дасягае 75 тысяч рублёў, а рэнтабельнасць — 50 %.

Традыцыйна на ферме атрымліваюць добры прыплод маладняку. У гэтым годзе гэта 184 галавы, што на 13 цялятаў больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У справе догляду за маленькім пагалоўем няма роўных аператару машыннага даення радзільнага аддзялення Марыне Мікалаеўне Зарубайка. Сёння пад яе апекай знаходзяцца 33 цяляці. Паказчыкі ў жывёлавода салідныя: захаванасць цялятаў складае 99 са 100. Плячо ў плячо побач з ёй працуе аператар машыннага даення Наталля Аляксандраўна Сідарава. На яе рахунку — плюс 725 кілаграмаў малака на карову за 7 месяцаў бягучага года. Адзін з лепшых работнікаў фермы «Кожава» — жывёлавод Аляксандр Аляксандравіч Хмара. Менавіта ён у летні перыяд займаецца выпасам малочнага статка, сочыць за тым, каб  усяго было ўдосталь: і вады, і солі, і мелу. Калектыў фермы засвоіў залатое правіла: на жывёлу нельга крычаць, а тым больш прымяняць фізічную сілу — інакш не аддадуць малако.

Упраўляючы фермай «Кожава» Аляксандр Анатольевіч Бразоўскі заўважае: «Вядома, ласка гэта правільна, але калі есці няма чаго, то словамі не накорміш і малака не атрымаеш». З кармамі ў СВК «Жухавічы» поўны парадак. Традыцыйна тут іх нарыхтоўваюць з лішкам, у гэтым годзе па 14 цэнтнераў кармавых адзінак на галаву. Прычым стаўку робяць на кармы з высокім утрыманнем бялку: бабовыя, канюшына. Не менш важны і кантроль за закладкай сенажу. Усяго на тэрыторыі гаспадаркі закладзена 16 сянажных ям. Прычым укрываюцца плёнкай, якую вырабляюць у саміх Жухавічах на былым заводзе пласмасавых вырабаў. Адслужыўшае сваё плёнка атрымлівае другое жыццё на гэтым жа заводзе: зноў ідзе ў справу.

Калектыў на ферме «Кожава» зладжаны, працуюць побач не адзін год. Бо калі зарплата добрая і ўмовы працы камфортныя, што яшчэ трэба чалавеку? І жывёлаводы, і аператары машыннага даення ў сярэднім за месяц зарабляюць каля 700 рублёў.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Леанідаўна Пянькоўская і намеснік начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Валянціна Паўлаўна Манько прыехалі на ферму «Кожава», каб паціснуць рукі лепшым працаўнікам фермы. Падзячныя лісты Карэліцкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і грашовыя прэміі атрымалі Марына Зарубайка, Наталля Сідарава і Аляксандр Хмара.

Іна ЛЕЙКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий