Праздник картошки прошел сегодня в агр. Еремичи

«Мой край, мой рай
бульбяна-жытны!» — Менавіта з гэтага радка верша беларускага паэта Ніла Гілевіча ў мінулую нядзелю, 17 верасня, у агр. Ярэмічы пачалося свята ў гонар бульбы пад назвай «Земляныя яблыкi».

– Сёння мы ладзім свята бульбы, і нездарма, бо ў Беларусі да гэтай гародніны адносяцца, як да багіні. Пра яе складаюць вершы, спяваюць песні, называюць другім хлебам. Беларусы ведаюць каля тысячы страў з бульбы, – падчас урачыстага адкрыцця мерапрыемства падкрэсліла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Іна Міхайлаўна Санчук. – Мне вельмі хочацца, каб сённяшняе свята дапамагло вам уявіць традыцыйнае жыццё нашых продкаў, даведацца больш пра іх звычаі і абрады, звязаныя з бульбай.

Каб вырасціць добрую бульбу, трэба таксама добра папрацаваць. Пра тое, як гэта робяць на карэліцкай зямлі, распавёў прысутным дырэктар КСУП «Царука» Аляксандр Мікалаевіч Лейка: «На палях нашага прадпрыемства вырошчваецца 98 га бульбы. У асноўным такія сарты, як «Янка», «Уладар», «Скарб», «Гала», «Брыз». Ураджайнасць апошняга на сённяшні дзень складае каля 300 цэнтнераў клубняў з гектара».

Наглядна ўбачыць вынікі карпатлівай працы механізатараў гаспадаркі можна было на выставе-продажы ў Доме культуры. Тут размясціліся не толькі самыя розныя сарты бульбы, але і разнастайныя вырабы з яе, самабытныя работы народных майстроў і рамеснікаў, якія былі па кішэні кожнаму. 

Павіншаваў са святам усіх працаўнікоў сяла і яго жыхароў старшыня Ярэміцкага сельсавета Пётр Анатольевіч Навумовіч.

Канцэртная праграма пачалася з песні ад ярэміцкіх школьніц, пераняло ў іх эстафету дарослае пакаленне мясцовых артыстаў. Крыху пазней завітала на ўрачыстасць у маляўнічым нарадзе сама каралева Восень. Разам з ёй хорам гледачы паклікалі галоўную гераіню свята Бульбу, якая прыехала прама ў залу для гледачоў на возе з запрэжаным канём і іншымі персанажамі народнага аматарскага аб’яднання «Закрытыя твары» аддзела культуры і вольнага часу «Ярэміцкі Дом культуры». Успрыняла публіка гэта дзеянне на ўра. Для самых маленькіх гледачоў праводзіліся конкурсы з прызамі. Прыехалі паказаць сваю творчасць жыхарам Карэліччыны артысты з Іўеўскага Цэнтра культуры і вольнага часу.

Цяжка ўявіць сабе стол беларуса без бульбы. На свяце таксама не абышлося без страў з другога хлеба ад мясцовых гаспадынь. Духмянымі смачнасцямі атрымалася пачаставацца ўсім гасцям імпрэзы.

Ацанілі свята бульбы ўсе: ад малога да вялікага. Вучаніца 7 класа ДУА «Ярэміцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа» Сняжана Друшчык падзялілася з журналістам газеты «Полымя», што з сястрой з радасцю прыйшлі на мерапрыемства, нягледзячы на непагадзь. З задавальненнем паглядзелі кожнае выступленне, але больш за ўсё спадабаліся вакальныя нумары.

У другой палове мерапрыемства журы аб’явіла вынікі конкурсу «Бульбяны бум» на лепшую страву з бульбы. Дыпломам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама першай ступені ўзнагароджана Наталля Хваль, другой ступені – Валянціна Падалянік, трэцяе месца дасталося Анастасіі Грэнчык.

За актыўны ўдзел у свяце «Земляныя яблыкi» падарункамі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ўзнагароджаны Васіліна Анацкая, Наталля Хваль, Наталля Чарапанава, Валянціна Падалянік, Таццяна Браўко, Марыя Крэнь і Таццяна Бразоўская.

Караліна КУЧУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий