Сотрудники Кореличской библиотеки в свой праздник провели «Бібліявячоркі»

15 верасня ў сваё прафесійнае свята супрацоўнікі Карэліцкай раённай бібліятэкі арганізавалі для сваіх калег і чытачоў мерапрыемства зусім нестандартнага фармату пад назвай «Бібліявячоркі».
– Интарэс беларусаў да сваіх каранёў, родных мясцін з кожным годам расце. Станаўленне чалавека ў першую чаргу пачынаецца з любові да Радзімы, яе людзей, мовы. Сёння разам з намі сваёй душой і сэрцам вы дакранецеся да маленькай частачкі таго, што калісьці шанавалі нашыя продкі, – запэўніла прысутных дырэктар ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка» Лілія Канстанцінаўна Арцюх. 
У тую пятніцу чытальная зала ператварылася ў літаратурна-музычную гасцёўню, дзе выступалі мясцовыя паэты і пісьменнікі, гучалі беларускія народныя музыка і песні ў выкананні выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў і супрацоўнікаў Карэліцкага РЦКіНТ. На абанеменце была арганізавана народная кухня, дзе ўсе жадаючыя маглі паспрабаваць такія беларускія стравы, як дранікі, бабка, гарбата, печаныя яблыкі, каша з гарбуза і іншыя. Супрацоўнікі Дома рамёстваў правялі кароткі экскурс у гісторыю народных беларускіх касцюмаў. Дзіцячая бібліятэка запрашала ў «Церамок казак», а таксама паглядзець на лялечны тэатр і Мірскую батлейку. Працаваў пакой жахаў. У фае былі арганізаваны майстар-класы па саломапляценні, вышыўцы стужкай, пляценні фенечак, лялек-абярэгаў.
Якое ж свята без узнагарод? За адданасць бібліятэцы і беларускай кнізе дыпломы ўручаны самым актыўным чытачам Леаніле Васільеўне Дзянькевіч (у намінацыі «Лепшы чытач беларускіх раманаў») і Алене Мікалаеўне Толмач (у намінацыі «Лепшы чытач беларускай прозы»).
Са словамі віншавання да гасцей мерапрыемства звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Іна Міхайлаўна Санчук: «У сучасных умовах інфармацыя з’яўляецца адным з найбольш важных стратэгічных рэсурсаў, якая забяспечвае стабільнае развіццё дзяржавы. Задачы, якія сёння стаяць перад бібліятэчнай супольнасцю, вельмі разнастайныя і складаныя. Стратэгічнай мэтай з’яўляецца стварэнне адзінай культурна-інфармацыйнай прасторы, якая забяспечыць максімальную даступнасць інфармацыі, ведаў і тым самым паспрыяе ўстойліваму развіццю краіны.
Жадаю кожнаму з вас невычэрпнай крыніцы творчасці і духоўнай моцы, асабістага шчасця і поспехаў ва ўсіх галінах вашага жыцця!»
Ганаровай граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама ўзнагароджана бібліятэкар Райцаўскай сельскай бібліятэкі Алена Канстанцінаўна Захарчук.
Шмат цёплых слоў прагучала ад запрошаных гасцей урачыстасці: галоўнага спецыяліста раённага Савета дэпутатаў Вольгі Віктараўны Куляка, старшыні Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзіі Мікалаеўны Шэўка, настаяцеля храма святой вялікапакутніцы Варвары агр. Райца Аляксея Шышкіра.
Пасля насычанага мерапрыемства зжурналістам газеты «Полымя» падзялілася сваімі ўражаннямі жыхарка г.п. Карэлічы А. М. Толмач: «Вячоркі пакінуць надоўга ў маёй душы радасць і гонар за работнікаў бібліятэкі, якія сумелі падрыхтаваць і правесці на высокім узроўні такое свята. Афармленне пакояў, аддзенне работнікаў вярталі прысутных у 50-60-ыя гады. Ужо ў калідоры веяла даўніной: саматканыя абрусы, палатно, вышыванкі, фіранкі на вокнах».
У падарунак да свята А. М. Толмач напісала для ўсіх арганізатараў верш. Вось невялікі ўрывак з яго:
«…Прайшлі гады, у бібліятэцы — змены,
Яна як быццам расцвіла.
Мерапрыемстваў столькі адбылося:
Тут і сустрэчы, і знаёмствы
З вядомымі людзьмі.
Знаходзяць месца тут падлеткі,
Каб стаць сапраўднымі людзьмі.
Работнікі ўсе тут на сваім месцы,
Прыемна з імі сустракацца
І ад размовы асалоду атрымаць,
Што хочацца ізноў сюды вяртацца…»
Караліна КУЧУК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий