У ДУА «СШ №2 г.п. Карэлічы» празвінеў урачысты першы званок

 

Радасны, урачысты, доўгачаканы першы званок празвінеў 1 верасня ў ДУА “СШ №2 г.п. Карэлічы” і апавясціў усіх прысутных аб пачатку 2017-2018 навучальнага года. Сотні белых бантоў, букетаў кветак, радасных усмешак, цёплых слоў і шчырых віншаванняў запоўнілі школьны двор. Здавалася, нават сонца вітае вучняў і настаўнікаў, бацькоў і гасцей мерапрыемства, дорачы цудоўны настрой і цяпло ў першы дзень восені.

Шчырымі віншаваннямі адкрыў урачыстую лінейку, прысвечаную пачатку новага навучальнага года, дырэктар ДУА “СШ №2 г.п. Карэлічы” Вікенцій Арсеньевіч Браніцкі.

– Спадзяюся, што ў 2017-2018 навучальным годзе наша дружная каманда будзе весці школьны карабель ведаў да новых гарызонтаў, поспехаў і адкрыццяў. Сіл, энергіі, мэтанакіраванасці, плённай працы ўсёй школьнай камандзе, – пажадаў Вікенцій Арсеньевіч.

Раздзяліў радасць першага дня новага навучальнага года і павіншаваў з Днём ведаў усіх прысутных старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Леанідавіч Шайбак, які пажадаў выпускнікам зрабіць правільны выбар будучай прафесіі і паступіць у вну, першакласнікам – смела ісці наперад у краіну школьных ведаў, настаўнікам – добрых вучняў і выдатных вынікаў.

Як вядома, у госці не прыходзяць з пустымі рукамі. Для паспяховай арганізацыі навучальнага працэса Віктар Леанідавіч уручыў каштоўны падарунак – камп’ютар, а першакласнікам – выдатныя кнігі ад Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь пад назвай “Беларусь – наша Радзіма”.

Да віншаванняў далучыўся намеснік начальніка Карэліцкага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадраваму забеспячэнню Максім Мікалаевіч Чак, які ад асабовага складу і кіраўніцтва аддзела ўнутраных спраў пажадаў вучням добрых адзнак, лёгкай вучобы і надзейных сяброў. Першакласнікі атрымалі падарункі – флікеры і спартыўныя мячы.

Удзельнікаў урачыстай лінейкі шчыра павіншаваў начальнік Карэліцкага РАНС Віталій Канстанцінавіч Рыбак, які пажадаў моцнага здароўя, поспехаў, цярпення і цікавых адкрыццяў у школьным жыцці. Нагадваючы асноўныя правілы бяспечных паводзін, Віталій Канстанцінавіч уручыў спецыяльныя падарункі ад аддзела па надзвычайных сiтуацыях i прадстаўнiцтва Белдзяржстраху па Карэлiцкiм раёне – камплект інфармацыйных стэндаў для школы і наборы літаратуры па асновах бяспечнай жыццядзейнасці кожнаму першакласніку.

Да цёплых слоў і пажаданняў далучыліся святар храма Влп. Георгія Пераможца в. Лясок Георгій Шаўчэнка і настаўніца пачатковых класаў Таццяна Уладзіміраўна Татаранка.

Настаў самы адказны момант. Па даўняй традыцыі навучальны год пачынаецца з рытуалу першага званка. Гонар даць яго прадаставілі вучню 11 класа Мікалаю Пансевічу і вучаніцы 1 “А” класа Віталіне Логіш.

Празвінеў першы званок, які паклікаў вучняў і настаўнікаў у цікавае падарожжа па краіне ведаў, наперад, у школьнае жыццё, да новых вяршынь.

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий