У Карэліцкай раённай бібліятэцы адбыліся творчыя сустрэчы са старшынёй Мінскага абласнога Саюза пісьменнікаў Святланай Быкавай і паэтам, выканаўцам бардаўскай песні Уладзімірам Цануніным (+відэа)

З нагоды інфармацыйнага тыдня «Гаворым і чытаем па-беларуску» ў Карэліцкай раённай бібліятэцы адбыліся творчыя сустрэчы са старшынёй Мінскага абласнога Саюза пісьменнікаў Святланай Анатольеўнай Быкавай і паэтам, выканаўцам бардаўскай песні Уладзімірам Яфімавічам Цануніным.

Шчыра вітала гасцей дырэктар установы культуры Лілія Канстанцінаўна Арцюх, а загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Міхаіл Леанідавіч Лагута пазнаёміў з іх аўтабіяграфіяй і асноўнымі вехамі творчай дзейнасці.
Карані — падмурак
народа
Святлана Анатольеўна Быкава пачала пісаць вершы ў сорак тры гады. Яна — аўтар сямі паэтычных зборнікаў, трох кніг вершаў і казак для дзяцей і дарослых. З’яўляецца складальнікам і рэдактарам гарадскога калектыўнага зборніка «Струны заслаўскай крынічкі». Публікуецца ў розных рэспубліканскіх перыядычных выданнях. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, удзельнік народнага клуба паэтаў і кампазітараў Мінскай вобласці «Жывіца».
У Заслаўі Святлана Анатольеўна вядзе працуз таленавітымі дзецьмі, кіруе дзіцячым літаратурным клубам «Ізяслаўцы» пры ДУА «Заслаўская гімназія». Лаўрэат рэспубліканскага літаратурнага конкурсу (лепшы твор 2013 года), а таксама літаратурнай прэміі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ў намінацыі «Паэзія-2015» . Летась узнагароджана нагрудным знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру». З лютага з’яўляецца старшынёй Мінскага абласнога Саюза пісьменнікаў.
«Гэты крок (пачаць пісаць вершы) няпроста зрабіць у сталым узросце. Нешта ўжо ўляглося, і ты павінен плысці і выплываць. Мяняецца кола інтарэсаў, прыходзяць новыя сябры. Апошнія гады былі няпростымі ў псіхалагічным накірунку. Я шмат што адкрыла і зразумела», — прызналася паэтка і пажадала маладым: не баяцца нешта змяніць у жыцці, узбагачацца духоўна, жыць па закліку сэрца, імкнуцца шукаць сваё.
Святлана Анатольеўна любіць Заслаўшчыну — там шмат прыгожых мясцін. Палова яе вершаў з’явілася на прыродзе. А ўвогуле, яе вершаваныя творы — аб лёсе вёсак, прысвечаны матулі, светламу пачуццю.
— Я пішу пра тое, што кранае мяне, — гаворыць прамоўца. — Мы ўсе розныя, але ў праяўленні да прыгажосці аднолькавыя. Па зярнятках збірала тое, што бачыла ў славутых пісьменнікаў, і чаго мне недаставала. Самае важнае — змест, каб духоўнае напаўненне не знікала. Чалавек — духоўная істота, і трэба, каб засталіся ў зямлі яго карані.
Сваімі меркаваннямі на сустрэчы падзяліліся член Саюза пісьменнікаў Беларусі, жыхарка райцэнтра Святлана Андрэеўна Кошур і член літаратурнага аб’яднання «Рэчанька» пры Карэліцкай раённай газеце «Полымя» Антаніна Мікалаеўна Аўчыннікава.
Вершы і песні
краналі душу
Не менш цікавыя і змястоўныя старонкі біяграфіі Уладзіміра Яфімавіча Цануніна. Нарадзіўся ў 1954 годзе ў Крычаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Скончыў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут. Аўтар паэтычных зборнікаў: «Пушчанскія галасы», «Зачараваная чаромха», «Неотправленные письма», «У струменях часу», паэмы «Шлях да Дубровенскіх палёў», а таксама — вершаванага тэксту да краязнаўчага фільма «Горад на Вяллі», які заняў першае месца на рэгіянальным конкурсе ў 2010 годзе. Член Саюза музычных дзеячаў Беларусі. Удзельнік народнага калектыву аўтарскай песні «Элегія», паэтычнага аб’яднання «Натхненне», абласнога клуба паэтаў і кампазітараў «Жывіца». У 2016 годзе ўзнагароджаны медалём «За вялікі ўклад у літаратуру».
Адна са старонак яго жыцця — праца і дзейнасць у дзіцячым аздараўленчым цэнтры «Надзея» на Вілейшчыне.
Падчас сустрэчы Уладзімір Яфімавіч не толькі цікава і змястоўна расказваў пра сваю творчую дзейнасць, але чытаў вершы і выконваў песні. Лірыка яго рознабаковая — піша на чарнобыльскую і ваенную тэматыку, пра родную Беларусь, прыроду, сяброўства, каханне. У яго ёсць гумарыстычныя замалёўкі, а таксама ненадрукаваныя творы. Ён любіць родную мову, бардаўскую песню, спорт.
Не менш цікавымі аказаліся і прамовы ўдзельнікаў сустрэчы. Старшыня раённага савета ветэранаў Ніна Сяргееўна Яфрэмава аказалася зямлячкай паэта. Больш таго, яго бацькі былі калісьці яе настаўнікамі. Сустрэча ўсхвалявала жанчыну — нагадаліся родныя мясціны.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана Андрэеўна Кошур выказала свае адносіны да напісаных вершаў — яны прапушчаны праз сэрца. У сваёй прамове яна асаблівы акцэнт зрабіла на творах чарнобыльскай тэматыкі, бо гэта асабліва хвалюючая тэма. Пажадала паэту плёну ў працы, выдаць напісаныя кнігі, новых сустрэч.

Падрыхтавала да друку Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Іны ЛЕЙКА
і Аксаны ЯНУШ.

Добавить комментарий