Узнімаць сцяг беларускасці на Міршчыне — дэвіз настаўніцы Мірскай СШ Алены Смольскай

Яна маладая, інтэлектуальная, энергічная, з вялікай колькасцю ідэй, задумак і планаў на будучыню. Яна ўмее выслухаць вучня, зацікавіць яго, накіраваць у правільны бок. Яе прафесія – настаўніца.
А пра абраную справу ніхто лепш не скажа, чым яна сама ў вершаваным творы ўласнага сачынення “Настаўнік учора, сёння, заўтра”:
“Ёсць тры прафесіі ад Бога –
Суддзі, урача і педагога!”
Настаўнік – лепшая з прафесій,
Скажу я шчыра вам, сябры,
Бо без настаўніка грамадству –
І не туды, і не сюды”.
Алена Аліеўна Смольская нарадзілася ў старажытным мястэчку Мір. Скончыла 11 класаў Мірскай сярэдняй школы, паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Здаецца, усё як і ва ўсіх. Але ж гэта так толькі на першы погляд: Алена Аліеўна з дзяцінства адчула любоў да роднай мовы, вывучала яе дасканала, удзельнічала ў раённых і абласных алімпіядах па беларускай мове, займала прызавыя месцы. Школу скончыла з залатым медалём, для паступлення выбрала філалагічны факультэт. Дарэчы, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт таксама скончыла на выдатна: атрымала чырвоны дыплом і спецыяльнасць філолага, выкладчыка беларускай мовы.
Учарашняя вучаніца прыйшла ў сцены роднай школы ўжо ў якасці настаўніцы. Безумоўна, трывога і хваляванні былі: як сустрэнуць, як аднясуцца. Але калектыў прыняў маладую настаўніцу ветліва. Паважлівае стаўленне, падтрымка, дапамога, увага – вось што адчула Алена Аліеўна на першым працоўным месцы.
Была магчымасць застацца ў сталіцы, паступіць у аспірантуру, але, як прызнаецца сама настаўніца, яна засумавала па сям’і, родных краявідах, да таго ж за 5 гадоў навучання стамілася быць заўсёды на вышыні. Таму і вырашыла вярнуцца. Дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць.
– Я чалавек прызвычаены да роднай зямлі. Калі ў мяне з’явілася магчымасць выбраць месца працы, мяне паклікала мірская зямля. Да таго ж, матэрыяльны бок немалаважны. Многія мае аднакурснікі першапачаткова засталіся працаваць у Мінску, але праз некаторы час вярнуліся дадому, – расказвае Алена Аліеўна.
Восьмы год настаўніца дае трывалыя веды вучням сярэдніх і старэйшых класаў. Знайсці падыход да кожнага школьніка, распазнаць яго здольнасці, размаўляць з дзецьмі на роўных – няпростая псіхалагічная складаючая працы настаўніка. А яшчэ неабходна знайсці агульную мову з бацькамі вучняў.
Алена Аліеўна ўпэўнена, што адказнасць, мэтанакіраванасць і стараннасць дапамагаюць вучням дабіцца значных поспехаў у навучанні. Сапраўды, здольнасці могуць быць розныя, але калі школьнік адказна ставіцца да працы, то ён абавязкова зможа дасягнуць станоўчых вынікаў.
Прафесіяналізм настаўніцы неаднаразова адзначаўся ўзнагародамі: ёй былі ўручаны Ганаровая грамата Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, Ганаровая грамата аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама. Але найбольшыя ўражанні пакінуў удзел у конкурсе “Настаўнік года-2017”. Алена Аліеўна расказвае пра гэта з захапленнем і хваляваннем адначасова:
– Перш за ўсё, хочацца выказаць падзяку адміністрацыі школы і калегам за маральную падтрымку і метадычную дапамогу. Увесь калектыў школы актыўна падтрымліваў мяне, жадаў поспехаў, дапамагаў у падрыхтоўцы да ўдзелу ў конкурсе. Я выступала ў намінацыі “беларуская мова і літаратура”, прайшла раённы этап і выйшла на абласны ўзровень. Прадстаўляць Карэліцкі раён на конкурсе “Настаўнік года-2017” было ганарова і адказна ў той жа час. Мой вынік – уваход у тройку лідараў на абласным этапе.
Простыя чалавечыя якасці абавязкова праяўляюцца ў працы настаўніка. Алена Аліеўна прызнаецца, што вельмі перажывае, калі прыходзіцца ставіць нездавальняючую адзнаку: “Адчуваю сваю віну, што не змагла зацікавіць вучня, звярнуць увагу на нейкія моманты”.
Цікава было даведацца пра яе прафесійны погляд на актуальнае для ўсіх бацькоў пытанне: ці трэба дапамагаць дзецям выконваць хатняе заданне?
– Адназначна дапамагаць трэба. Толькі рабіць заданне не за іх, а разам з імі. Задача бацькоў – даць пэўны штуршок, дапамагчы знайсці правільны накірунак, падказаць, скарэкціраваць. Заданне даецца для вучняў, а не для бацькоў. Падмены вучнёўскай і бацькоўскай прац не павінна быць.
“Узнімаць сцяг беларускасці на Міршчыне” – своеасаблівы дэвіз Алены Аліеўны. Усхваляць родную мову, зямлю, на якой нарадзілася, перадаваць веды падрастаючаму пакаленню – вось у чым сэнс жыцця маладой настаўніцы.

Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий