Багатая на таленты зямля жухавіцкая

Жухавіцкі сельсавет – адна з буйнейшых тэрытарыяльна-адміністрацыйных адзінак на тэрыторыі Карэліцкага раёна. Яго гісторыя пачынаецца ў красавіку 1940 года, калі існуючы ў той час Мірскі раён быў падзелены на 12 сельсаветаў. І сярод іх быў створаны Жухавіцкі сельсавет, у які на той час увайшлі в. Вялікія і Малыя Жухавічы, Бурдзевічы, Негнічы і Юравічы. Ішоў час, адбываліся змены, населеныя пункты дабаўляліся ў склад Жухавіцкага сельсавета, і сёння ён налічвае 12 вёсак з цэнтральнай сядзібай у аграгарадку Вялікія Жухавічы. Як жа сёння развіваецца сельсавет, і якія пытанні хвалююць яго жыхароў, ніхто лепш не ведае, чым  старшыня Жухавіцкага сельскага Савета Аляксандр Уладзіміравіч Івашка.

— Аляксандр Уладзіміравіч, чым сёння жыве Жухавіцкі сельсавет?

— На тэрыторыі нашага сельсавета на сённяшні дзень пражываюць 2035 чалавек. Самая вялікая вёска – Малыя Жухавічы, самая маленькая – Негнічы, дзе пражывае ўсяго 7 жыхароў. У аграгарадку Вялікія Жухавічы, які з’яўляецца цэнтрам СВК “Жухавічы”, налічваецца 1250 чалавек. На тэрыторыі сельсавета створана неабходная для жыцця інфраструктура: Жухавіцкая сярэдняя школа і дзіцячы сад, 10 магазінаў і Дом культуры, бібліятэка і ФАП. Колькасць маладых спецыялістаў, якія застаюцца жыць і працаваць на жухавіцкай зямлі, з кожным годам толькі расце.

Якая работа на тэрыторыі сельсавета вядзецца згодна з Указам №100 аб ліквідацыі пустуючых і старых будынкаў?

— Сапраўды, пустуючыя будынкі – месца павышанай небяспекі. Да таго ж, яны псуюць знешні выгляд населенага пункта. Таму ў гэтым напрамку вядзецца актыўная работа. У мінулым годзе было знесена 6 пустуючых дамоў, іх фундаменты ліквідаваны, а зямельныя ўчасткі пускаюцца пад будаўніцтва ці праводзіцца работа па іх уцягненню ў сельгасабарот. У гэтым годзе знесены 2 будынкі. Існуе яшчэ адзін варыянт вырашэння гэтага пытання: пустуючыя дамы купляюць, напрыклад, мінчане і тым самым даюць ім другое жыццё. На сённяшні дзень у вёсках Уша, Трашчычы, Пясочная і аграгарадку Жухавічы амаль няма пустуючых дамоў.

—  Дарогі – твар населенага пункта. У якім стане яны на тэрыторыі сельсавета?

— Мы імкнёмся падтрымліваць дарогі ў належным стане. У бягучым годзе заасфальтавана цэнтральная вуліца ў в. Трашчычы. Некалькі гадоў таму – вуліца Камунараў у в. Кожава, у в. Радунь адрамантаваны ўчастак дарогі. Перыядычна вядзецца ямачны рамонт некаторых участкаў.

— Мясцовых жыхароў хвалюе пытанне навядзення парадку на могілках. Што робіцца ў гэтым напрамку?

— На тэрыторыі Жухавіцкага сельсавета знаходзяцца 9 могілак. У мінулым і бягучым гадах сіламі сельсавета і СВК “Жухавічы” на 8 могілках абсталяваны пляцоўкі для збору смецця. Пахвальна тое, што мясцовыя жыхары не застаюцца ў баку. Напрыклад, у бягучым годзе жыхары в. Юравічы за сабраныя сродкі спілавалі 11 аварыйных дрэваў, тым самым добраўпарадкавалі месца спачыну сваіх продкаў.

— Якія вядомыя землякі родам з Жухавіцкага сельсавета?

— Безумоўна, жухавіцкая зямля багатая на знакамітых і таленавітых людзей. Да прыкладу, Герой Сацыялістычнай Працы Яўгенія Іосіфаўна Юшко, кандыдат медыцынскіх навук Васілій Лук’янавіч Марцінеўскі, кандыдат гістарычных навук Васілій Фёдаравіч Кушнер, паэт Уладзімір Варава нарадзіліся на жухавіцкай зямлі.

Сёння ў в. Кожава жыве Леанід Сцяпанавіч Хіневіч – Заслужаны працаўнік БССР і майстар на ўсе рукі, які ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Знак Пашаны і ордэнам Леніна.

Такім чынам, жухавіцкая зямля дала дарогу ў жыццё працалюбівым аграрыям, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі. А таксама тым выдатным землякам, якія дасягнулі значных поспехаў і вяршынь у навуцы і творчасці

Добавить комментарий