В Кореличском районе модернизируются станции обезжелезивания воды

Якасць пітной вады – гэта якасць нашага жыцця. Выказванне ва ўсіх на слыху і стала неад’емнай ісцінай у наш час. Менавіта ад якасці вады, якую мы ўжываем, залежыць не толькі здароўе і імунітэт чалавека, але і наша самаадчуванне, знешні выгляд і нават настрой.

Якую  ж ваду п’юць і з якой вады гатуюць ежу жыхары Карэліччыны, расказаў начальнік участка вадаправода і каналізацыі Карэліцкага РУП ЖКГ Мікалай Іванавіч Сіўко:

– Пітная вада, якая дабываецца з артэзіянскіх свідравін, што знаходзяцца на балансе Карэліцкага РУП ЖКГ, адпавядае ўстаноўленым нормам. Якасць пітной вады ўвесь час кантралюецца нашай лабараторыяй. Для зніжэння ўзроўню ўтрымання жалеза да нарміруемага ў г.п. Мір, агр. Краснае і агр. Турэц былі ўстаноўлены і дзейнічаюць станцыі абезжалезвання.

Сапраўды, адным з асноўных паказчыкаў якаснай пітной вады з’яўляецца ўтрыманне ў ёй жалеза. Згодна з СанПіН 10-124 РБ гэты паказчык не павінен перавышаць 0,3 міліграма на літр. У агр. Краснае да ўвядзення станцыі абезжалезвання ўтрыманне жалеза ў разы перавышала дапушчальныя нормы. Менавіта таму ўзнікла неабходнасць у паляпшэнні якасці вады шляхам яе абезжалезвання.

Як жа адбываецца гэты важны для ўсіх спажыўцоў працэс? Станцыя абезжалезвання ўяўляе сабой невялікае памяшканне, дзе праходзяць складаныя і вельмі важныя для спажыўцоў працэсы. У пітной вадзе, якая здабываецца са свідравіны, жалеза знаходзіцца ў двухвалентным стане, гэта значыць яно не мае колеру і паху. Падчас ачысткі на станцыі абезжалезвання вада насычаецца кіслародам у аэрацыйнай калоне. У выніку гэтага жалеза пераходзіць у трохвалентны стан і набывае выгляд шматкоў рудага колеру з характэрным пахам металу. Апошнім этапам з’яўляецца прапусканне вады праз сістэму фільтраў, дзе і адбываецца канчатковая ачыстка пітной вады, якая затым падаецца ў вадаправодную сетку жыхароў агр. Краснае. Пасля складанага працэсу абезжалезвання паказчык утрымання хімічнага элемента знаходзіцца на ўзроўні 0,1 – 0,15 міліграмаў на літр.

На сённяшні дзень работа станцый абезжалезвання поўнасцю аўтаматызавана. Вясной 2017 года была праведзена мадэрнізацыя станцыі ў агр. Краснае, якая дзейнічае з 2007 года. У ходзе работ па мадэрнізацыі была ўстаноўлена аэрацыйная калона, а таксама дадаткова ўдасканалена сістэма аўтаматычнага ўпраўлення ачысткай.

Па такому ж прынцыпу адбываецца паляпшэнне якасці пітной вады ў г.п. Мір і агр. Турэц.

Читайте также:

Кому положены безналичные жилищные субсидии на оплату ЖКУ, рассказывает специалист Кореличского РУП ЖКХ А. В. Хиневич

Аксана ЯНУШ.

 

Добавить комментарий