“Калі Прэзідэнт паціснуў мне руку, я адчуў гонар за справу хлебароба”

Зямля. Яе подых чалавек адчувае на працягу ўсяго жыцця, калі шчыра ёй адданы і самааддана служыць. І яна спаўна вяртае свае даўгі — добрымі ўраджаямі і павагай людзей.

Карэліччына для Алега Кліменцьевіча Ясевіча — родны куточак: тут нарадзіўся і тут глыбока пусціў свае карані. Закончыў Жухавіцкую сярэднюю школу і Навагрудскі сельгастэхнікум. Вось толькі лёс распарадзіўся па-іншаму — давялося прысвяціць усё свядомае жыццё тэхніцы.

Чвэрць стагоддзя Алег Кліменцьевіч працуе вадзіцелем. У памяці засталіся рэйсы, калі вазіў на ГАЗ-53 даярак на фермы мясцовай гаспадаркі. Пазней яму даручылі МАЗ, на якім перавозіў збожжа, зялёную масу, будматэрыялы.

Галоўнае ў біяграфіі хлебароба — яго праца на жніве. Працаваў на камбайнах “Ніва”, “Дон”, “Мега”, “Лексіён”. З 1997 па 2015 год шчыраваў на палях роднай гаспадаркі — і яго самаадданая праца была заўважана і адзначана. Пабываў на Дажынках у 2002 годзе ў г. Полацку Віцебскай вобласці і ў 2005 — у г. Слуцку Мінскай вобласці. Да таго ж, у 2002 годзе Падзячнае пісьмо ў Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь уручыў сам кіраўнік дзяржавы. “Перапаўняў гонар за нашу зямлю і хлебаробскую справу”, — прызнаўся субяседнік.

Не толькі ў працы знайшоў шчасце Алег Кліменцьевіч: ганарыцца і сваімі дзецьмі. Сын Дзяніс закончыў Навагрудскі аграрны каледж і Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, працуе ў Краснасельску Гродзенскай вобласці. Дачка Вікторыя паступіла сёлета ў Беларускі навукова-тэхнічны ўніверсітэт, а дачка Аліна вучыцца ў дзясятым класе Жухавіцкай сярэдняй школы.

“Праца, дом, сям’я — усё ёсць у жыцці. І подых роднай зямлі, якая дапамагае адчуваць сябе па-сапраўднаму шчаслівым у жыцці”, — зазначыў напрыканцы сустрэчы Алег Кліменцьевіч Ясевіч.

Добавить комментарий