На территории Кореличского района работают четыре студотряда

Для нашых бацькоў, моладзі XX стагоддзя, праца ў студатрадах была сапраўднай падзеяй. Трэба толькі бачыць, з якім бляскам у вачах і лёгкай усмешкай на твары яны ўспамінаюць пра плённую працу ўдзень і рамантычныя песні каля вогнішча пад гітару ўвечары. Прайшоў час, змяніліся погляды і інтарэсы моладзі, але, як і раней, яны з энтузіязмам і асалодай едуць на бульбу.

– Сёння на тэрыторыі Карэліцкага раёна працуюць чатыры студэнцкія атрады: у ДП “Чарняхоўскі-Агра”, ДП “Царука”, СВК “Жухавічы” і на базе РУП ЖКГ. Моладзь дапамагае гаспадаркам капаць бульбу, працуе ў жухавіцкім яблыневым  садзе, а таксама занята на добраўпарадкаванні тэрыторыі каля могілак у г.п. Карэлічы. Увогуле, за працоўны семестр, які доўжыцца з мая па канец кастрычніка, 200 юнакоў і дзяўчат змогуць папрацаваць у студатрадах. На мой погляд, праца ў студатрадах дае моладзі добры жыццёвы вопыт, новыя знаёмствы і, зразумела, першы заробак, – дзеліцца першы сакратар  Карэліцкага РК ГА “БРСМ” Яўгеній Андрэевіч Пархамовіч.

 Для таго, каб убачыць працу і настрой сучаснага студатрада, адпраўляюся на поле каля в. Некрашэвічы, дзе юнакі дапамагаюць гаспадарцы ўбіраць ураджай бульбы. У склад студатрада ўваходзяць 26 навучэнцаў групы № 231 Карэліцкага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя. Пад’язджаючы да поля, ужо здалёк было бачна, як юныя студатрадаўцы старанна і рупліва збіраюць бульбу, вытрасеную бульбакапалкай, у кошыкі. У першай палове дня хлопцы вучацца, а з 13 гадзін дня прыступаюць да працы на полі.

Памочнік загадчыка ўчастка №2 Сяргей Васільевіч Лагуцік адзначае, што студатрадаўцы аказваюць вялікую дапамогу гаспадарцы:

– Усе хлопцы – малайцы. Працуюць, стараюцца. Сёння яны працуюць на полі, потым будуць дапамагаць перабіраць бульбу ў бульбасховішчы. Толькі ўявіце сабе, якая карысць для іх здароўя: фізічна папрацаваць на свежым паветры, адысціся ад камп’ютараў і планшэтаў!

 Майстры групы № 231 Карэліцкага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя Іна Іванаўна Лявыкіна і Валерый Віктаравіч Міхей падзяліліся сваімі думкамі:

– Сёння проста неабходна прывучаць моладзь да працы. Студатрады былі і ёсць выдатнай школай жыцця для падрастаючага пакалення: менавіта тут вучацца працаваць не па аднаму, а ў камандзе, падстаўляючы плячо таварышу. Такім чынам, студатрады аб’ядноўваюць, вучаць клапаціцца пра тых, хто побач.

Самі хлопцы, не спыняючыся ні на хвіліну, працягвалі набіраць бульбу ў кошыкі і падаваць іх на грузавую машыну, дзе іх прымаюць іншыя студатрадаўцы. Вось яна, праца ў камандзе, пра якую толькі што казала Іна Іванаўна. Спыніліся яны толькі на момант, каб падзяліцца сваімі ўражаннямі. А яны былі самыя пазітыўныя. Дзмітрый Ложачнік, Мікіта Кульчыцкі, Раман Чубукін, Дзмітрый Маркевіч і Іван Бенька ў адзін голас сказалі, што працаваць ім вельмі падабаецца.

– Мы адчуваем сваю дапамогу гаспадарцы, і гэта вельмі прыемна. А яшчэ – гэта наш першы асабісты заробак. Толькі цяпер мы разумеем, што грошы не падаюць з неба, трэба старанна працаваць, каб іх атрымаць, – зазначылі студатрадаўцы.

 

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий