У пятніцу, 29 верасня, у райвыканкаме адбылося чарговае пасяджэнне рабочай групы

У пятніцу, 29 верасня, у райвыканкаме адбылося чарговае пасяджэнне рабочай групы пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Карэліцкага райвыканкама Р. Ю. Абрамчыка.

Перад пачаткам асенне-зімовага перыяду мясцовая ўлада праяўляе асаблівы клопат пра састарэлых грамадзян раёна. Так, выканана 502 заяўкі ад адзінокіх  грамадзян сталага ўзросту і адзінокіх інвалідаў 1 і 2 групы. У асноўным яны датычыліся рамонту пячнога ацяплення, жылля, электраправодкі, замены аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, аказання гуманітарнай дапамогі, забеспячэння палівам. Тыя, хто хацеў правесці зіму ў цяпле і пад добрым наглядам, уладкаваны на сацыяльныя ложкі ў мясцовыя медустановы. Яшчэ  11 заявак выканана па просьбе ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны (дарэчы, у раёне пражывае 14 ветэранаў вайны). Спецыялісты рамантавалі надворныя пабудовы, дамы і печы. Яшчэ 1982 заяўкі выкананы па просьбе адзінока пражываючых грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў. Ім заменены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, адрамантаваны кватэры і дамы, надворныя пабудовы, печы, электраправодка. Абрамчык Р. Ю. даў даручэнне старшыням сельвыканкамаў выявіць тых, хто мае патрэбу ў агародніне. Зачастую людзі сталага ўзросту не могуць самі забяспечыць сябе вітамінамі на зіму.

Акрамя таго, арганізацыі і прадпрыемствы, якія маюць на балансе ведамаснае жыллё, павінны актавізаваць работу па ўстаноўцы ў ім аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і праверыць вентыляцыйныя каналы.

Абмеркавалі на пасяджэнні і вынікі правядзення ў Карэліцкім раёне дзён цвярозасці. Кожную трэцюю пятніцу на Карэліччыне дзейнічае забарона на продаж алкагольнай прадукцыі. Як паведаміў начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў В. І. Салаўёў, у выніку кантрольных мерапрыемстваў у верасні не выяўлена фактаў парушэння распараджэння райвыканкама.

Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях гэтымі днямі правяраюць стан супрацьпажарнай бяспекі ў сацыяльна небяспечных і апякунскіх сем’ях раёна, якія выхоўваюць дзяцей.

Іна ЛЕЙКА.

Добавить комментарий