В Кореличском районе продолжается уборка кукурузы на зерно

На палях Карэліччыны працягваецца плённая праца па ўборцы ўраджаю бягучага года, а таксама робіцца ўсё для таго, каб каравай наступнага года парадаваў аграрыяў.

Калі набіраеш поўныя далоні залатых зярняткаў кукурузы, здаецца, што цяпло разыходзіцца па ўсім целе. Неваказна ярка-жоўты колер і моцная энергетыка захапляе і зачароўвае.

– Да абмалоту залатых пачаткаў на зерне ў СВК “Жухавічы” прыступілі тыдні два таму. Сёння кукуруза знаходзіцца ў васкавой ступені паспявання, таму самы час адпраўляць яе з палёў на збожжасушыльны комплекс, а потым на зернесховішча. Потым з зерня атрымаецца кукурузная мука, якая ўяўляе сабой якасны корм для кароў, – расказвае аграном-насеннявод Руслан Аляксандравіч Кулініч.

Сёлета ў СВК “Жухавічы” запланавана абмалаціць на зерне 100 гектараў кукурузы. На сённяшні дзень план выкананы на 61 працэнт. Агульны намалот складае 653 тоны, ураджайнасць – 107 цэнтнераў з гектара.

Доўгачаканага фінішу, альбо 100% да ўборкі дасягнулі ўсе гаспадаркі, якія вясной пасадзілі другі хлеб. На сённяшні дзень ДП “Чарняхоўскі-Агра”, ДП “Царука”, ДП “Цырын-Агра” і СВК “Жухавічы” завяршылі ўборку бульбы з дастаткова высокай ураджайнасцю. Сярэдні паказчык па раёне складае 272 цэнтнеры з гектара.

Па стану на 30 кастрычніка ўборку цукровых буракоў завяршылі ДП “Чарняхоўскі-Агра” і ДП “Царука”. СВК “Свіцязянка-2003” і СВК “Жухавічы” таксама на фінішнай прамой. Гаспадаркам засталося выкапаць каля 50 гектараў салодкіх буракоў кожнай. Увогуле, сёлетні ўраджай парадаваў аграрыяў: сярэдняя ўраджайнасць па раёне складае 526 цэнтнераў з гектара. У мінулым годзе гэты паказчык быў на ўзроўні 420 цэнтнераў з гектара. На сённяшні дзень накапана 146544 цэнтнеры салодкіх каранёў, з якіх 131203 вывезена на Гарадзейскі цукровы камбінат. Каля 15 тысяч цэнтнераў салодкага ўраджаю чакаюць свайго часу ў буртах.

Працягваецца плённая праца і на кукурузных палях Карэліцкага раёна. Па стану на 1 кастрычніка ўсю запланаваную кукурузу здрабнілі на сілас СВК “Маяк-Заполле”, ДП “Лукі-Агра” і ДП “Племзавод “Карэлічы”. Вялікі працэнт нарыхтоўкі выдатнага корму для буйной рагатай жывёліны ў ДП “Чарняхоўскі-Агра” і СВК “Свіцязянка-2003”. Усяго ў сіласныя траншэі ўжо закладзена 141029 тон сіласнай масы.

Калі трымаеш у руках яркажоўтае абмалочанае зерне кукурузы, разумееш, чаму аграрыі ласкава называюць яго залатым запасам гаспадаркі. На сённяшні дзень на 100 працэнтаў з пастаўленай задачай справіліся ДП “Лукі-Агра” і ДП “Племзавод”Карэлічы”, якія абмалацілі 750 і 443 тоны кукурузнага зерня адпаведна. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне складае 102 цэнтнеры з гектара, што на ўзроўні мінулага года.

Не спыняецца падрыхтоўка глебы пад ураджай наступнага года. З плана 20529 гектараў узарана 6896 гектараў, ці 34 %. Хімпраполка азімых зерневых была праведзена на плошчы 4444 гектары, што складае 39 % ад запланаванага.

Падрыхтавала Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий