Без дагляду, флікера і электрычнасці

У райвыканкаме адбылося чарговае пасяджэнне рабочай групы пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Карэліцкага райвыканкама Р. Ю. Абрамчыка.

У час асенніх канікул адным з хвалюючых пытанняў заставалася пытанне: “Чым заняты нашы дзеці?” Рэзанансны трагічны выпадак паказаў, што не ўсе школьнікі пад наглядам дарослых. 1 лістапада ў адным з мікрараёнаў г. Магілёва абрынулася перакрыццё недабудаванага дома, калі на яго тэрыторыі гулялі дзеці. Пад заваламі апынуліся двое дзяцей 9 і 10 гадоў: адзін хлопчык загінуў на месцы, другі ў цяжкім становішчы быў дастаўлены ў бальніцу. Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Р. Ю. Абрамчык даў даручэнне прадстаўнікам назіральных камісій пракантраляваць, чым займаюцца дзеці з сацыяльна небяспечных сем’яў у час канікул. Старшыням сельвыканкамаў даручана звярнуць пільную ўвагу на закінутыя будынкі, якія часам уяўляюць сабой смяротную небяспеку.

Закранулі на пасяджэнні і актуальныя пытанні пажарнай небяспекі. Абрамчык Р. Ю. узгадаў пра пажар у Астравецкім раёне, які адбыўся 7 кастрычніка ў доме, дзе каля дзесяці гадоў была адключана электрычнасць. У выніку пенсіянеры, якія ў ім пражывалі і карысталіся газавай лямпай і свечкамі, загінулі.

– Для таго, каб пазбегнуць пажараў і трагедый, неабходна праверыць увесь жыллёвы фонд, дзе адключана электрычнасць: людзям патрэбна святло, таму яны і выкарыстоўваюць усе магчымыя падручныя сродкі. На кантролі застаецца і пытанне ўстаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, а таксама гатоўнасць да асенне-зімовага перыяду, – адзначыў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама.

Восенню, калі працягласць дня скарачаецца і наступае так званы “чорны перыяд”, вадзіцелям вельмі цяжка заўважыць пешахода, які не абазначаны флікерам. Такая праблема сёння існуе, таму кіраўніцтву Карэліцкага РАУС, а таксама супрацоўнікам ДАІ даручана правесці прафілактычную работу з насельніцтвам па пытаннях бяспекі на дарогах.

Аксана ЯНУШ.

Варта пачытаць:

Парадак у вёсцы пачынаецца з самога сябе

Добавить комментарий