Чатыры з чатырох — абсалютны поспех

Навучэнкі Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў паспяхова прынялі ўдзел у XXIV Усерасійскім конкурсе для дзяцей і дарослых “У свеце цудоўнага”. Чатыры работы – чатыры дыпломы. Поспех сапраўды значны і заслугоўвае ўвагі.

Абсалютным пераможцам у намінацыі “Малюнак (выяўленчае мастацтва)” у другой узроставай групе стала Арына Чычкан, якая прадставіла на конкурс малюнак пад назвай “Дзьмухаўцы”. Талент і старанне Анастасіі Супрановіч таксама не засталіся незаўважанымі. Дзяўчынка была ўзнагароджана Дыпломам I ступені. Яе работа “Зімняя казка” стала абсалютным лідарам у трэцяй узроставай групе. Алёна Логіш на XXIV Усерасійскі конкурс для дзяцей і дарослых “У свеце цудоўнага” прадставіла малюнак пад назвай “Натхненне”. Работа прынесла юнай мастачцы Дыплом II ступені ў намінацыі “Малюнак (выяўленчае мастацтва)”. Яшчэ адна навучэнка Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў была адзначана на конкурсе. Работа Даны Кухарчык пад назвай “Марскі краявід” заняла ганаровае другое месца.

Безумоўна, у поспехах дзяўчат ёсць заслуга іх педагога Анастасіі Уладзіміраўны Чычкан, якая адкрывае навучэнцам не толькі сакрэты мастацтва, але і глыбіні сваёй душы.

Якія ж яны, дыпламанты XXIV Усерасійскага конкурсу для дзяцей і дарослых “У свеце цудоўнага”?

Самая маленькая ўдзельніца конкурсу – Арына Чычкан, для якой Анастасія Уладзіміраўна не толькі настаўніца, але і любімая матуля. Арына вучаніца 4 класа СШ №1 г.п. Карэлічы. Яе работа пад назвай “Дзьмухаўцы” зусім не дзіцячая: каляровае рашэнне, тэхніка – на высокім узроўні.

 У Алёны Логіш, вучаніцы 10 класа СШ №2 г.п. Карэлічы,                           перамога ў конкурсе далёка не першая. Толькі з пачатку гэтага навучальнага года дзяўчынка атрымала два дыпломы. Зусім нядаўна Алёна заняла першае месца на Усерасійскім конкурсе малюнкаў “Лістапад”. Колькі ж іх было раней, нават цяжка падлічыць. У пачатковай школе дзяўчынка займалася харэаграфіяй, вакалам. У пятым класе прыйшла на заняткі ў Карэліцкую дзіцячую школу мастацтваў, якая стала для яе, без перабольшвання, другім домам.

Яшчэ адна навучэнка Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў марыць аб рэалізацыі сваіх творчых задумак у будучыні. Анастасія Супрановіч толькі першы год займаецца з Анастасіяй Уладзіміраўнай, а ўжо такі поспех.

– Насця прыйшла да мяне з пэўным багажом ведаў. Сёння мы працуем над тэхнікай малюнка. Ёй падабаюцца пейзажы. На конкурс мы прадставілі “Зімовую казку”. Здаецца, зусім просты малюнак, але гэта толькі здаецца: адлюстраваць лёгкасць снегу, каляровую разнастайнасць зімняга пейзажу вельмі цяжка, – дзеліцца Анастасія Уладзіміраўна.

Дана Кухарчык, вучаніца 8 класа СШ №1 г.п. Карэлічы, у падобным конкурсе ўдзельнічала ўпершыню. Яе работа кардынальна адрозніваецца ад малюнкаў астатніх навучэнак Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў: Дана вельмі любіць канкрэтныя, кантрасныя колеры.

– Безумоўна, не кожны звяжа сваё жыццё з мастацтвам, не кожны стане мадэльерам ці дызайнерам. Але тое, што мастацтва развівае пачуццё густу, фантазію і ўяўленне, не выклікае ніякіх сумненняў. Творчы чалавек – творчы ва ўсім, – падзялілася сваімі думкамі педагог.

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий