Макулатура, пластик, стекло и полимеры: как на Кореличчине сортируют вторсырье

Кожны з нас неаднаразова глядзеў пацешны відэаролік, у якім яноты сартыруюць розныя віды цвёрдых побытавых адходаў і заклікаюць беларусаў да раздзельнага збору смецця. Здаецца, ролік несур’ёзны, але ён закранае адну з найважнейшых праблем XXI стагоддзя – праблему паўторнага выкарыстання матэрыяльных рэсурсаў. Раздзельны збор адходаў – гэта сістэма, пры якой адходы раздзяляюцца па відах для таго, каб іх можна было перапрацаваць і стварыць новыя рэчы, а не проста  выкінуць. Пры гэтым наша краіна менш забруджваецца смеццем, а для вытворчасці рэчаў не патрэбна затрачваць прыродныя рэсурсы: нафту, драўніну, алюміній. З макулатуры пасля перапрацоўкі атрымліваюцца сшыткі і пазлы, офісная папера і сурвэткі, экавата і гофракартон. З пластыкавых бутэлек можна зрабіць незлічоную колькасць вырабаў: дзіцячыя цацкі, канцылярскія прыналежнасці, пласмасавы посуд і інш. Такім чынам, многія рэчы, якімі мы карыстаемся кожны дзень, зроблены з адходаў, пры гэтым па сваёй якасці яны не саступаюць рэчам, створаным з першаснай сыравіны.

Зразумеўшы ўсе станоўчыя бакі раздзельнага збору смецця, еўрапейцы пачалі практыкаваць гэтую сістэму ў канцы мінулага стагоддзя. Напрыклад, у самай экалагічна чыстай краіне гэтага рэгіёна – у Нідэрландах, такая практыка была ўведзена ў 1980 годзе. Сёння ў краіне толькі 20 звалак, раней жа іх колькасць налічвала каля двухсот. Яшчэ адзін яркі прыклад – Швейцарыя, дзе практыкуецца выкарыстанне спецыяльных бытавых кантэйнераў для розных відаў побытавых адходаў. За невыкарыстанне гэтых кантэйнераў назначаецца штраф у памеры да 10 тысяч франкаў. У Германіі ўсе адходы таксама строга класіфікуюцца ў залежнасці ад магчымасці іх паўторнай перапрацоўкі. Прадпрыемствы, на тэрыторыі якіх утвараюцца звалкі, вымушаны плаціць дадатковыя грошы дзяржаве.

Праграма раздзельнага збору цвёрдых побытавых адходаў у Беларусі пачала рэалізоўвацца ў 2009 годзе, калі ў сталічных дварах з’явіліся навінкі – кантэйнеры для другасных адходаў. У гэты ж час кантэйнеры розных колераў былі ўстаноўлены і работнікамі Карэліцкага РУП ЖКГ. Сёння іх колькасць налічвае 119: для збору другаснай сыравіны на тэрыторыі Карэліцкага раёна ўстаноўлена 40 жоўтых, 40 зялёных і 39 сініх кантэйнераў. Найбольшая іх колькасць размяшчаецца ў г.п. Карэлічы і г.п. Мір. У аграгарадках мясцовыя жыхары таксама маюць магчымасць унесці свой уклад у сістэму раздзельнага збору смецця. Аб тым, для якіх адходаў прызначаны той ці іншы кантэйнер, расказаў майстар па добраўпарадкаванні Мікалай Мікалаевіч Яўсей:

– У зялёны кантэйнер для паперы неабходна выкідваць газеты, сшыткі, часопісы, картонныя скрыні. Сінія кантэйнеры для шкла прызначаны для шкляных бутэлек, слоікаў, бітага шкла, посуду. Усе ПЭТ-бутэлькі, пакаванне ад касметыкі, побытавай хіміі, а таксама пакеты, плёнку адпраўляйце ў жоўтыя кантэйнеры. Па меры іх напаўнення смеццявоз Карэліцкага РУП ЖКГ забірае другасныя адходы і адвозіць на сартавальную станцыю, якая знаходзіцца каля в. Беразавец. Але асноўная праблема, якая існуе сёння, заключаецца ў нежаданні жыхароў раздзяляць адходы. Яшчэ адна праблема, калі адчыняеш зялёны кантэйнер, а там бачыш усе іншыя адходы, акрамя паперы.

 Асноўная частка макулатуры, шкла і палімерных адходаў збіраецца работнікамі ЖКГ на міні-палігонах. Толькі 10 працэнтаў ад агульнага аб’ёму другаснай сыравіны паступае ў выніку раздзельнага збору цвёрдых побытавых адходаў насельніцтвам. Пасля сартавання і прэсавання на сартавальнай станцыі другасныя матэрыяльныя рэсурсы чакае далейшая перапрацоўка: макулатура адпраўляецца на ААТ “Картонная фабрыка “Альхоўка”, адходы шкла – на ДА “Белрэсурсы” ў            г. Баранавічы, палімерныя адходы перапрацоўваюцца на ПГУП “Артпалімер” у г. Лагойску.

 На сённяшні дзень заданне па збору адходаў паперы і картону Карэліцкім РУП ЖКГ выканана прыкладна на 30 працэнтаў: пры плане ў 145 тон фактычна сабрана 46 тон. За 10 месяцаў бягучага года з плану 118 тон сабрана 19 тон адходаў шкла. План палімерных адходаў выкананы прыкладна на 38 працэнтаў: з плану 92 тоны нарыхтавана крыху больш 35 тон.

Для матэрыяльнай зацікаўленасці і прыцягнення ўвагі насельніцтва да неабходнасці збору другасных матэрыяльных рэсурсаў у г.п. Карэлічы працуе нарыхтоўчы пункт прыёму другаснай сыравіны Карэліцкага РУП ЖКГ на вул. Савецкай, 42. Цана за 1 кілаграм макулатуры і адходаў шкла складае 10 капеек. За 1 кілаграм палімерных адходаў прапаноўваюць 15 капеек.

– Не магу сказаць, што шмат людзей прыносяць нам макулатуру і іншыя другасныя адходы. Асноўным стрымальным фактарам, на мой погляд, з’яўляецца адсутнасць наяўных грошай. Справа ў тым, што мы не даём грошы на рукі, а выпісваем накладную і ўносім колькасць здадзенага чалавекам у ведамасць, якую потым перадаем у бухгалтэрыю. Такім чынам, атрыманыя чалавекам грошы ўлічваюцца пры аплаце камунальных паслуг. За мінулы месяц 12 чалавек вырашылі паменшыць суму ў жыроўцы: хтосьці здаў макулатуры на 6 рублёў, а хтосьці адходаў шкла на 15 рублёў. Усяго за мінулы месяц насельніцтвам здадзена другаснай сыравіны на 110 рублёў, – падагульніў Мікалай Мікалаевіч Яўсей.

 Зборам і нарыхтоўкай другасных матэрыяльных рэсурсаў таксама  займаецца Карэліцкі філіял Гродзенскай абласной спажывецкай кааперацыі. За бягучы перыяд 2017 года заданне па збору макулатуры выканана на 42,6 працэнтаў: з плану 199 тон здадзена 84,6 тоны. Перавыкананы план па шклабою: пры плане 118 тон сабрана 164,9 тоны. За 10 месяцаў бягучага года Карэліцкім філіялам Гродзенскай абласной спажывецкай кааперацыі сабрана 4,6 тоны палімерных адходаў, што складае 41,8 працэнта ад запланаваных 11 тон. Цэны на другасныя матэрыяльныя рэсурсы амаль на тым жа ўзроўні, што і ў нарыхтоўчым пункце Карэліцкага РУП ЖКГ: макулатуру прымаюць па 8 капеек за кілаграм, шклабой – 10 капеек, палімерныя адходы – 15 капеек, металалом – 0,25 капеек і чыгун — 0,28 капеек за адзін кілаграм. Але існуе адно значнае адрозненне, якое і прываблівае большую колькасць жадаючых здаць макулатуру і бутэлькі на нарыхтоўчую базу Карэліцкага філіяла спажывецкай кааперацыі: людзі атрымліваюць наяўныя грошы.

– Калі людзі прывозяць другасныя матэрыяльныя рэсурсы непасрэдна на нарыхтоўчую базу, мы выпісваем прыёмную квітанцыю, і ўжо ў дзень здачы яны атрымліваюць грошы ў касе Карэліцкага філіяла спажывецкай кааперацыі. Па меры звяртання грамадзян нарыхтоўшчык выязджае ў любы населены пункт Карэліцкага раёна. У гэтым выпадку выпісваецца закупачная ведамасць, і людзі атрымліваюць грошы на месцы здачы, – расказвае начальнік службы прамысловасці і нарыхтовак Карэліцкага філіяла Гродзенскай абласной спажывецкай кааперацыі Уладзімір Уладзіміравіч Барыла.

 Для далейшай перапрацоўкі другасныя матэрыяльныя рэсурсы адпраўляюцца на перапрацоўчыя прадпрыемствы: ААТ “Слонімскі картонна-папяровы завод “Альберцін”, ДА “Белрэсурсы”, ААТ “Белдругпалімер”.

 Збор макулатуры – асобная гісторыя, якую з настальгіяй успамінаюць людзі савецкага часу. Піянеры з запалам збіралі папяровыя другасныя рэсурсы, за што маглі атрымаць грамату альбо памятны падарунак. Дарослае насельніцтва таксама заахвочвалася: за неабходныя 20 кілаграмаў макулатуры можна было атрымаць выданне замежных аўтараў Жуля Верна, Сіменона, Фолкнера, што лічылася найвялікшым поспехам. Сучасныя школы працягваюць даўнія традыцыі і актыўна збіраюць макулатуру. Кожнай сярэдняй навучальнай установе аддзелам адукацыі, спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама даводзіцца план па здачы макулатуры. На 2017 год план па аддзелу складае 35 тысяч кілаграмаў, які  на сённяшні дзень выкананы на 75,2 працэнта. За 10 месяцаў бягучага года здадзена 26326 кілаграмаў макулатуры. Трэба адзначыць, што школьнікі, педагагічны і абслугоўваючы персанал навучальных устаноў актыўна ўключыліся ў збор і здачу папяровых рэсурсаў. Доказам гэтаму служыць не толькі выкананне, але і перавыкананне плану на бягучы год. Напрыклад, Жухавіцкая, Баранавіцкая, Лукская  і іншыя школы раёна з лішкам здалі норму макулатуры. Турэцкі ВПК дзіцячы сад-СШ таксама перавыканала план: на сённяшні дзень здадзена 1720 кілаграмаў макулатуры пры норме 1700 кг.

– Нашы школьнікі, педагогі і абслугоўваючыя работнікі актыўна далучыліся да важнай справы – збору макулатуры. Ніхто не застаўся ў баку. Усе разумеюць, што тым самым мы зберагаем навакольнае асяроддзе і змяншаем колькасць высечаных лясоў, – падзялілася дырэктар Турэцкага ВПК дзіцячы сад-СШ Ганна Уладзіміраўна Шугала.

Безумоўна, сёння кожны разумее важнасць і неабходнасць раздзельнага збору другасных матэрыяльных рэсурсаў. Тэорыя зразумела ўсім, а на практыцы?..              

Аксана ЯНУШ.

 Фота аўтара.

 

Добавить комментарий