На Карэліччыне адбыўся рэгіянальны семінар бібліятэчных работнікаў

На Карэліччыне праведзены рэгіянальны семінар бібліятэчных работнікаў на тэму:  “Культура як рэсурс развіцця турызму”. Гасцям мерапрыемства — супрацоўнікам дзяржаўнай установы культуры “Ашмянская раённая бібліятэка” — давялося пачуць і ўбачыць шмат карыснага і цікавага.

Адкрыла сустрэчу галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Валянціна Уладзіміраўна Вішнеўская і адзначыла, што  Карэліцкі край мае багатую гісторыю і традыцыі, супрацоўнікі бібліятэк раёна ўносяць свой  уклад у гэтую справу.

У сваёй прамове дырэктар дзяржаўнай установы культуры “Карэліцкая раённая бібліятэка” Лілія Канстанцінаўна Арцюх засяродзіла ўвагу прысутных на пытанні краязнаўства, яго традыцыях, інавацыйным пошуку. Інфармацыйна-бібліятэчнае абслугоўванне насельніцтва Карэліцкага раёна ажыццяўляюць 16 бібліятэчных устаноў: раённая, дзіцячая, Мірская гарпасялковая, 13 сельскіх бібліятэк. Бібліобус абслугоўвае кнігай жыхароў 43 населеных пунктаў.

Асновай краязнаўчай работы з’яўляецца фонд літаратуры, які выдзелены ў кожнай сельскай бібліятэцы, аформлены кніжныя выставы, прадстаўлены папкі па краязнаўству, краязнаўчыя альбомы і картатэка, архіў выкананых даведак. Краязнаўчая картатэка адлюстроўвае ў розных аспектах краязнаўчы фонд і матэрыялы з перыядычнага друку.

Для таго, каб заахвоціць чытачоў, выклікаць у іх цікавасць да роднага краю, паспрыяць адраджэнню культурных традыцый, культустановы праводзяць разнастайныя масавыя мерапрыемствы. Сярод іх — “Бібліявячоркі”, літаратурная гадзіна “Насустрач любові людской (да 100-годдзя Янкі Брыля). Праведзены вечары-сустрэчы з цікавымі людзьмі “Нашы славутыя землякі”, вечары фальклору “Звычаі і абрады зямлі беларускай”, “З крыніц спрадвечных”, краязнаўчыя ўрокі “Край мой родны”, “Пазнай свой край”. Сумесна з сельскімі Саветамі ладзяцца святы вёсак. Правядзенню іх папярэднічае вялікая работа па збору матэрыялаў пра іх гісторыю і жыхароў.

Штогод, напярэдадні Дня Перамогі, праходзяць вечары-ўспаміны, урокі мужнасці, тэматычныя вечары “Героі — нашы землякі”, “Памятае зямля герояў сваіх”, “Імі ганарыцца наша вёска”, “Гавораць жывыя сведкі” і іншыя. Разам з удзельнікамі клубаў па інтарэсах і гурткоў работнікі  ўстаноў наведваюць ветэранаў вайны, прыносяць ім кнігі, часопісы, аказваюць неабходную дапамогу.

Стала добрай традыцыяй адзначаць даты народнага календара: Каляды, Масленіцу, Купалле — яны маюць вялікае значэнне ў жыцці вёскі. Ахвотна прымаюць удзел і людзі сталага ўзросту, і моладзь. Актыўны ўдзел бібліятэкары прымаюць у правядзенні брэндавых мерапрыемстваў раёна — Мядовы фэст, Яблычны дзень, святы Хлеба, Лёну, Бурака, “Макоша запрашае”.

гарпасялковай бібліятэцы створаны клуб “Нашчадкі”, дэвіз якога: “Праз стагоддзі, праз вякі — мы нашчадкі мірскай зямлі”.

Бібліятэкі цесна супрацоўнічаюць з Карэліцкім раённым краязнаўчым музеем, школьнымі музеямі, клубнымі ўстановамі, рэдакцыяй раённай газеты “Полымя”. Праз аб’явы можна даведацца аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, навінках літаратуры краязнаўчага характару. На сайце ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка” створана рубрыка “Краязнаўства”, размешчаны краязнаўчы каляндар знамянальных і памятных дат на бягучы год.

У Карэліцкай дзіцячай бібліятэцы ўдзельнікаў семінара ветліва сустракала яе загадчыца Галіна Іванаўна Казак, якая паведала пра абслугоўванне чытачоў у летні час. Бібліятэкары з кніжкамі выходзяць у дворыкі гарпасёлка, а таксама — на дзіцячую пляцоўку да Карэліцкага  маладзёжнага цэнтра, арганізуюць для дзяцей настольныя гульні. Падчас летніх канікул дзяўчынкі і хлопчыкі абслугоўваюцца кніжкамі ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Вясёлка”. Пры дзіцячай бібліятэцы дзейнічаюць гурткі “Праменьчык” і “Маленькія чараўнікі”.

У чытальнай зале дзіцячай бібліятэкі гасцей чакала завочнае падарожжа. Пра выдатныя мясціны карэліцкай зямлі расказала бібліятэкар Марыя Сяргееўна Пісарык, якая назвала адрасы: руіны Троіцкай царквы ў вёсцы Беразавец, касцёл святой Ганны ў Варончы і сядзіба ў гэтым населеным пункце, царква Ражства Іаана Прадцечы ў Малых Жухавічах, царква Пятра і Паўла ў Вялікіх Жухавічах, царква святой Варвары ў Райцы — усяго названа 14 святых мясцін.

У Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі для ўдзельнікаў семінара супрацоўнік Марыя Уладзіміраўна Беленава правяла экскурсію, а спецыялісты Карэліцкага раённага Дома рамёстваў  — майстар-клас па вырабу абярэга-неразлучніка.

Добрае ўражанне пакінула наведванне ў Міры прыватнай сядзібы-музея Віктара Сакеля і касцёла святога Мікалая. У першым выпадку акрамя гістарычных звестак з’явілася  магчымасць паслухаць любімую мелодыю савецкіх часоў, паназіраць за часамі-ходзікамі з зязюляй — дзякуючы старажытным прадметам апынуцца ў мінулым стагоддзі. У другім — прыхаджанка касцёла Марыя Вікенцьеўна Язерская паведала пра помнік архітэктуры і святое месца, адзначыўшы пры гэтым, што гісторыя і Боскі дом злучаны.

Пабываць у сельскай бібліятэцы ў аграгарадку Аюцавічы было за радасць. Тут ветліва сустракалі гасцей бібліятэкар Наталля Іванаўна Гаркавая і намеснік дырэктара ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” Юлія Віктараўна Толмач. Установа культуры працуе ў цесным кантакце з мясцовай гаспадаркай, і гэта зразумела: у асноўным чытачы бібліятэкі — сельскія працаўнікі. Акрамя таго, яе наведвальнікамі з’яўляюцца 125 дзяцей, а таксама дачнікі. Пры сельскай бібліятэцы функцыянуе гурток экалагічнага накірунку “Экоша”.

У Мірскай гарпасялковай бібліятэцы давялося пазнаёміцца не толькі з работай самой установы культуры, але з дзейнасцю клуба “Нашчадкі”. Увазе ўдзельнікаў семінара была прадастаўлена  яго прэзентацыя, якую правялі члены клуба, вучні 10 класа ДУА “Мірская сярэдняя школа” Аліна Нячай і Аляксандр Чарапенка.

І, бадай, самае вялікае ўражанне аказала экскурсія ва ўстанову “Замкавы комплекс “Мір”. Сустрэча з даўніной не пакінула нікога раўнадушным — гэта адчувалася па настроі ашмянцаў.

На падвядзенне вынікаў удзельнікі семінара сабраліся ў Мірскім гарадскім Доме культуры. Тут іх сустракала добрымі мелодыямі вакальная група “Міранка”.  Госці былі ўдзячны  калегам-карэліччанам  за гасціннасць, пазнавальнае і цікавае, з чым давялося пазнаёміцца на Карэліччыне.

Галіна СМАЛЯНКА.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.