Не мялеюць малочныя рэкі СВК “Жухавічы”

Каля 10 гадоў СВК “Жухавічы” з’яўляецца сапраўднай жытніцай Карэліцкага раёна. Высокая ўраджайнасць, выдатны намалот, якасны ўраджай – вось да чаго імкнуцца аграрыі гаспадаркі. А дасягнуць паказчыкаў, якія перавышаюць леташнія, – найлепшая адзнака іх працы.

Менавіта такіх паказчыкаў у 2017 годзе дасягнулі аграрыі СВК “Жухавічы”. Сёлета ўраджайнасць зерневых сапраўды рэкордная – 79,5 цэнтнераў з гектара. Да паказчыка мінулага года старанныя працаўнікі дадалі 6,1 цэнтнера з гектара. Колькасць намалочанага таксама ўзрасла: 14756 тон да леташніх 14032. Гэта не проста лічбы, гэта вынік выканання тэхналогій вырошчвання сельскагаспадарчых культур, шматдзённай працы тых, хто арэ, сее, у гарачую пару працуе за штурвалам камбайна.

Ураджаем бягучага года аграрыі задаволены. Але спыняцца на дасягнутым не плануюць. Ужо сёння закладзены новы ўраджай 2018 года.

– Для таго, каб атрымаць добры вынік, неабходна ўлічваць шматлікія фактары, адным з якіх з’яўляецца выбар папярэдніка. Выдатны папярэднік для зерневых – цукровыя буракі. Але справа ў тым, што салодкі ўраджай убіраецца пазней, чым пачынаецца сяўба. Таму толькі 100-200 гектараў засяваецца азімай пшаніцай, – расказвае намеснік старшыні СВК “Жухавічы” па вытворчасці Міхаіл Міхайлавіч Штыцько.

– Але ўсё ж такі адным з рашаючых фактараў з’яўляецца чалавечы фактар. Ад адказнасці кожнага спецыяліста, механізатара, камбайнера, вадзіцеля залежыць калі не ўсё, то многае, – з упэўненасцю зазначыў Міхаіл Міхайлавіч.

СВК “Жухавічы” ў 2017 годзе дасягнуў значных поспехаў у галіне жывёлагадоўлі. З пачатку бягучага года гаспадаркай было здадзена дзяржаве 10143 тоны малака, што на 990 тон  больш леташняга паказчыка. Сярэдні надой ад адной рагулі таксама павялічыўся і складае 6320 кілаграмаў. Паказчык мінулага года быў на ўзроўні 5703 кілаграмаў. 

Цяжка не заўважыць парадокс: МТФ у в. Кожава  пабудавана адной з першых  у гаспадарцы, яе «ўзрост» набліжаецца да 40 гадоў. Выкарыстоўваецца тут далёка не сучасная аўтаматызацыя. Але гэта не перашкаджае паказваць лепшыя паказчыкі ў гаспадарцы: надой на адну карову складае 6789 кілаграмаў, што вышэй паказчыкаў астатніх трох малочнатаварных ферм  СВК “Жухавічы”. За разгадкай звярнуліся да загадчыка МТФ Аляксандра Анатольевіча Бразоўскага:

– Наш поспех заключаецца ў кадрах. Аператары машыннага даення, ветфельчар, даглядчыца ў радзільным аддзяленні – тыя людзі, дзякуючы якім мы ідзём наперад. Да таго ж вялікую ўвагу надзяляем рацыёну рагатых. Сёння ўся жывёла забяспечана якасным кормам асабістай вытворчасці. На МТК “Вялікія Жухавічы” па пэўнай рэцэптуры рыхтуецца корм для буйной рагатай жывёліны з увядзеннем усіх неабходных вітамінаў, – дзеліцца Аляксандр Анатольевіч.

Дойны статак МТФ у в. Кожава налічвае 200 галоў, да таго ж у радзільным аддзяленні і прафілакторыі размяшчаюцца яшчэ 150 цялят.

Па выніках 10 месяцаў бягучага года таварнасць малака складае 93 працэнты, што на 1,7 працэнта больш паказчыка мінулага года. Апошнія два месяцы МТФ у в. Кожава здае дзяржаве малако найвышэйшай якасці – “экстра”.

Вельмі цікава было даведацца пра планы на будучыню. Аляксандр Анатольевіч выхваляцца не стаў, сціпла адказаўшы: “ Далёка ў будучыню зазіраць не будзем, але па выніках бягучага года паспрабуем атрымаць 7840 кілаграмаў малака ад адной рагулі”.

Аксана Януш.

 

One thought on “Не мялеюць малочныя рэкі СВК “Жухавічы”

  • 20.11.2017 в 22:35
    Permalink

    Рэкі не мялеюць, але чаму на фотаздымку даяркі?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий