Парадак у вёсцы пачынаецца з самога сябе

Органы мясцовай улады адыгрываюць значную ролю ў сучасным грамадстве. На гэтым пастаянна акцэнтуе ўвагу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь  А. Р. Лукашэнка ў сваіх выступленнях, пасланнях беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь. Менавіта мясцовая ўлада максімальна набліжана да насельніцтва, закранае інтарэсы кожнага чалавека, вырашае большасць яго надзённых пытанняў.

Супраць смецця талакой

Арганізацыя работы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі з’яўляецца асноўным напрамкам дзейнасці Лукскага сельсавета.

– У снежні мінулага года быў зацверджаны план мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні, паляпшэнні санітарнага стану тэрыторый. За арганізацыямі і ўстановамі былі замацаваны пэўныя тэрыторыі, на якіх пастаянна падтрымліваецца належны санітарны стан. Напрыклад, парадак у скверы каля дзіцячага сада павінны падтрымліваць супрацоўнікі гэтай навучальнай установы. Стадыён і цір у агр. Лукі замацаваны за Лукскай сярэдняй школай. Тэрыторыі ж каля помнікаў загінулым салдатам і партызанам, воінскіх пахаванняў даглядаюць работнікі сельсавета, працаўнікі ДП “Лукі-Агра”, а таксама настаўнікі і вучні Лукскай сярэдняй школы, – расказвае старшыня Лукскага сельсавета Людміла Іванаўна Ваўчок.

Такое прыцягненне ўвагі насельніцтва да актуальных пытанняў навядзення парадку дае магчымасць кожнаму жыхару адчуць сваю значнасць у вялікай справе добраўпарадкавання. Калі кожны чалавек зробіць свой надворак прывабным і ўтульным, тады і ўвесь аграгарадок альбо вёска будуць радаваць вока.

Міні-палігоны —

пад скарачэнне

Дастукацца да свядомасці людзей, растлумачыць, паказаць усе станоўчыя моманты той ці іншай справы – менавіта такімі прынцыпамі кіруецца Людміла Іванаўна ў сваёй працы. Вострым і актуальным на сённяшні дзень застаецца пытанне вывазу смецця і скарачэння колькасці міні-палігонаў.

– Сёння мы ўжо адышлі ад кантэйнернай сістэмы збору цвёрдых камунальных адходаў. На яе змену прыйшла цэнтралізаваная сістэма вывазу смецця, якой сёння карыстаюцца каля 800 чалавек, альбо 72% усяго насельніцтва сельсавета. На мой погляд, для мясцовых жыхароў атрымалася вельмі зручна: у панядзелак дзесьці ў 13 гадзін дня смеццявоз Карэліцкага РУП ЖКГ забірае ўсе побытавыя адходы, пакінутыя насельніцтвам насупраць дамоў. Ды і цана на такую паслуга зусім не кусаецца. Але, як вядома, усе новаўвядзенні першапачаткова ўспрымаюцца з недаверам. Тым не менш жыхары агр. Лукі, а таксама вёсак Любанічы і Асташын ужо прывыклі да такой сістэмы і не ўяўляюць сабе іншых варыянтаў. Гэта дысцыплінуе людзей, яны ўжо не пакідаюць смецце, дзе пападзе, – дзеліцца старшыня Лукскага сельсавета.

Тым не менш, колькасць міні-палігонаў на тэрыторыі сельсавета дастаткова вялікая: на сённяшні дзень іх налічваецца шэсць. Менавіта на сістэму цэнтралізаванага вывазу смецця ўсе надзеі. У планах на бліжэйшую будучыню скараціць іх колькасць да мінімальнай лічбы. Па словах Людмілы Іванаўны, яна чакае разумення і падтрымкі ад кожнага жыхара свайго сельсавета.

Пагрозу — пад пілу

У мясцовых жыхароў сабралася шмат пытанняў наконт аварыйных дрэваў, якія растуць каля хат, уздоўж дарог, на пагостах і ўяўляюць сапраўдную небяспеку. Старшыня сельсавета стараецца дапамагчы і зразумець становішча кожнага чалавека. Сёння вялікую фінансавую дапамогу аказвае кіраўніцтва ДП “Лукі-Агра”. Справа ў тым, што для спілоўвання аварыйнага дрэва неабходны спецыяльны альпіністскі рыштунак. Таму да справы прыцягваюцца спецыялісты. Кошт аднаго спілаванага дрэва ў залежнасці ад дыяметру складае ад 100 рублёў і вышэй. А такіх дрэў на тэрыторыі сельсавета не адно і не два.

– Мясцовыя жыхары ў некаторых вёсках самастойна бяруцца за справу. Так адбылося ў в. Крышылоўшчына: людзі за свой кошт спілавалі ўсе аварыйныя дрэвы на могілках у сваёй вёсцы, – дзеліцца Людміла Іванаўна.

Дарогам — новая вопратка

Старшыня Лукскага сельсавета расказала аб тым, якімі дарогамі сустракаюць агр. Лукі і вёскі сельсавета гасцей з іншых населеных пунктаў:

– Практычна ўсе дарогі заасфальтаваны, акрамя вёскі Унехава. Але ў гэтым годзе была праведзена яе падсыпка. Таксама за бягучы год быў заасфальтаваны ўчастак дарогі працягласцю 1200 м паміж агр. Лукі і в. Вышкава. Па неабходнасці праводзіцца ямачны рамонт участкаў дарог. Безумоўна, пытанні ёсць, але работа па іх вырашэнні вядзецца.

Удвая прыемней ехаць па бездакорна роўнай заасфальтаванай дарозе   ўздоўж нядаўна пастаўленай агароджы.  Некалькі гадоў таму агр. Лукі змяніўся дзякуючы новай жалезабетоннай агароджы працягласцю каля трох кіламетраў. Прыемныя змяненні закранулі і в. Любанічы. Тут у мінулым годзе было пастаўлена каля 2 км новай агароджы. Лукскім сельскім выканаўчым камітэтам і ДП “Лукі-Агра” былі затрачаны значныя грашовыя сродкі, каля 30 тысяч рублёў, каб вёска набыла прывабны выгляд. Але ізноў жа мясцовыя жыхары не павінны заставацца ў баку: па сілах кожнаму прыкласці намаганні і падтрымліваць агароджу каля свайго дома ў належным стане.

Зімой у цяпле

Падчас сустрэчы з Людмілай Іванаўнай яе тэлефон неаднаразова званіў, але на ўсе пытанні жыхароў сельсавета яна давала абнадзейваючыя адказы: “Зробім! Не хвалюйцеся! Усё будзе добра!”. Сёння ж многія пытанні датычацца забеспячэння палівам на зіму.

– Мы заўсёды раім насельніцтву паклапаціцца аб надыходзячай зіме загадзя, не чакаючы пікавага перыяду. У нас існуе чарга, згодна з якой мы забяспечваем мясцовых жыхароў торфабрыкетам па льготнай цане, якая складае 24,68 рублёў за тону паліва. На сённяшні дзень 72 % насельніцтва мае дастаткова торфабрыкету, каб сустрэць наступаючую зіму ў цяпле. На чарзе яшчэ 12 чалавек. З пытаннем забеспячэння палівам у нас аніякіх замінак няма. Той, хто не паспеў заказаць торфабрыкет, зможа зрабіць гэта ў бліжэйшы час. Мы абавязкова дапаможам, – запэўніла старшыня Лукскага сельсавета.

Учора – пустуючы, сёння – квітнеючы

– Як не сумна аб гэтым гаварыць, але колькасць пустуючых дамоў на тэрыторыі сельсавета расце. На сённяшні дзень іх 26. Але асабіста я для сябе праводжу мяжу паміж тымі будынкамі, дзе ніхто не пражывае, але прыязжаюць і наводзяць парадак, і тымі дамамі, на двор якіх даўно не ступала нага гаспадара. Яны ж і знешні выгляд вёскі псуюць, і небяспечныя ва ўсіх адносінах, – растлумачыла Людміла Іванаўна.

Але работа па Указе №100 праводзіцца пастаянна. У бліжэйшы час у судзе будзе вырашацца лёс двух дамоў, якія знаходзяцца ў запусценні.  Звычайна такія пабудовы прызнаюцца безгаспадарнымі і перадаюцца ў камунальную ўласнасць сельсавета, які прымае рашэнне аб іх выкарыстанні: знос ці продаж з аўкцыёну. За бягучы год былі разабраны 3 дамы, на што было затрачана 3970 рублёў.

– Ведаеце, у мяне душа баліць, калі разбіраюць чыйсьці дом. Гэта ж не проста будынак, а гісторыя жыцця некалькіх пакаленняў, асаблівая энергетыка, якую пакінулі былыя жыхары. Але нічога не зробіш, – уздыхнуўшы, канстатуе Людміла Іванаўна, а потым дадае: Зусім іншыя пачуцці, калі глядзіш на прывабны дагледжаны дом, які яшчэ ўчора быў у запусценні, а сёння атрымаў другое жыццё. Толькі за бягучы год на тэрыторыі нашага сельсавета выкупілі 7 дамоў, на якія сёння глядзіш і радуешся.”

Ідучы па Садовай вуліцы аграгарадка, нельга не звярнуць увагу на акуратны домік сям’і Тананка, які, здаецца, толькі ўчора быў пабудаваны. На самой справе дом зусім не новы: Сяргей і Ала купілі яго каля шасці гадоў таму, калі ён быў у глыбокім запусценні. Зрабілі ўжо шмат, але колькі яшчэ планаў на будучыню! Сяргей родам з лукскай зямлі, Ала прыязджала на летнія канікулы да бабулі, так і пазнаёміліся. Вось ужо шмат гадоў ідуць побач, разумеючы адзін аднаго і падтрымліваючы, а таксама ствараючы прыгажосць і ўтульнасць асабістымі рукамі. 

Святы вёсак на “ўра”

– Сёння людзі маюць патрэбу ў духоўным, высокім. Таму ідуць на службу ў царкву не толькі сталыя, але і маладыя сем’і разам з дзеткамі, – расказвае старшыня Лукскага сельсавета, на тэрыторыі якога знаходзяцца 3 царквы: у Луках, Крышылоўшчыне і Любанічах. У мінулым годзе дзякуючы фінансавай дапамозе ДП “Лукі-Агра”, а таксама на сабраныя сродкі прыхаджан  царква ў в. Любанічы была адрамантавана звонку, у гэтым жа годзе былі праведзены ўнутраныя работы.

– Сёлета мы аднавілі добрую традыцыю правядзення святаў вёсак. У жніўні прайшло свята в. Асташын. Маладое пакаленне не павінна забываць гісторыю сваёй мясцовасці, тых людзей, якія праславілі свой родны край. Сабрацца ўсім жыхарам вёскі разам, пагаварыць, успомніць маладосць атрымліваецца нячаста. Скажу шчыра: свята прайшло на “ўра”. Гэтую традыцыю будзем працягваць і надалей, – запэўніла Людміла Іванаўна.

 

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий